З 1 снежня пачаліся навагоднія і калядныя распродажы асартыменту беларускіх вытворцаў у гандлёвых сетках краіны. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пільна сочыць за цэнамі і асартыментам тавараў у гандлёвых аб'ектах краіны.
— На кантролі як міністэрства, так і мясцовых органаў улады знаходзяцца цэны на тавары патэнцыйна павышанага попыту, — расказаў начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання МАРГ Міхаіл ЖЫГАЛА. — Гэта свежая гародніна, садавіна, морапрадукты, ікра, кансерваваны зялёны гарошак, каўбасы, вяндліна, віно, шакалад і іншыя кандытарскія вырабы. Міністэрствам праводзяцца штотыднёвыя маніторынгі ўзроўню рознічных цэн на гэтыя групы тавараў. У выпадку завышэння цэн будуць прымацца меры.
Дзеля забеспячэння якаснага абслугоўвання насельніцтва ў перадсвяточныя дні па краіне праводзіцца актыўная работа па падрыхтоўцы аб'ектаў як гандлю, так і грамадскага харчавання, у тым ліку правядзення ёлачных кірмашоў і распродажаў.
Па ўзгадненні з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў гэтыя дні падаўжаецца час работы крам і аб'ектаў грамадскага харчавання. У цэлым ужо падоўжана работа 118 гандлёвых аб'ектаў, 56 аб'ектаў грамадскага харчавання. Плануецца працягнуць час работы яшчэ ў 26 крамах і 31 аб'екце грамадскага харчавання. Буйныя гандлёвыя аб'екты ўжо сёння функцыянуюць да 23:00.
Асаблівая ўвага надаецца абслугоўванню ў святочныя дні сельскага насельніцтва. Адміністраваннем гэтага пытання займаецца Белкаапсаюз, на балансе якога знаходзіцца большасць аўтакрам, што абслугоўваюць сельскія населеныя пункты. Асартымент тавараў у аўтакрамах будзе пашыраны і, вядома, арганізаваны асаблівы кантроль за цэнамі ў гэтых нестацыянарных крамах.
У аб'ектах грамадскага харчавання ўжо з лістапада арганізаваны прыём папярэдніх заказаў ад насельніцтва на выраб мучных, кандытарскіх, булачных і кулінарных вырабаў, у тым ліку ў банкетным афармленні.
У кавярнях і рэстаранах ужо дзейнічаюць святочныя меню. Акрамя таго, арганізаваны прыём заказаў на абслугоўванне навагодніх, калядных «агеньчыкаў», карпаратываў, а таксама святочнае абслугоўванне дзяцей і іншыя мерапрыемствы. Арыенціровачны кошт пераднавагодніх мерапрыемстваў у аб'ектах грамадскага харчавання складае ад 27 рублёў да 160 рублёў на чалавека. У навагоднюю ноч цэннік аб'ектыўна будзе вышэйшы — ад 50 рублёў.
Ва ўсіх рэгіёнах цяпер актыўна праходзіць падрыхтоўка да правядзення кірмашоў. Усяго іх запланавана правесці каля 160.
— Усе мерапрыемствы па падрыхтоўцы да калядных свят будуць ажыццёўлены з улікам рэкамендацый па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі, — запэўніў прадстаўнік МАРГ. — У выпадку змянення эпідэміялагічнай сітуацыі на асобных адміністрацыйных і тэрытарыяльных адзінках магчымыя змены як у колькасці, так і ў фармаце іх правядзення.
З 18 снежня ў сталіцы на пляцоўцы каля Палаца спорту, а таксама на Кастрычніцкай плошчы будзе працаваць традыцыйны «Калядны кірмаш». Там будзе прадстаўлены шырокі асартымент цацак, сувеніраў, навагодніх падарункаў, ёлачных аздабленняў і харчовых тавараў. У навагоднюю ноч кірмаш будзе працаваць да чатырох гадзін раніцы. Такія кірмашы пройдуць ва ўсіх адміністрацыйных раёнах сталіцы, а таксама ў буйных гарадах.
З 14 снежня ў Мінску пачнуць працаваць ёлачныя базары. Кошт дрэва ў залежнасці ад рэгіёна і вышыні будзе стартаваць ад 6 рублёў 20 капеек без уліку ПДВ. Што датычыцца штучных ёлак і хвой, то сёння ў гандлёвых аб'ектах можна купіць больш за сто найменняў гэтых тавараў па кошце ад 4 рублёў 16 капеек і вышэй.
Ва ўсіх рэгіёнах запланавана больш за 9,5 тысячы мерапрыемстваў па стымуляванні спажывецкага попыту. Яшчэ парадуюць навагоднім зніжкавым абслугоўваннем ветэранаў, інвалідаў, людзей пенсійнага ўзросту, шматдзетных сем'яў і людзей, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе.
Да пачатку снежня ўжо праведзена 244 выстаўкі-продажы, каля 1,5 тысячы святочных распродажаў, 50 рэкламных акцый і 15 рэкламных гульняў.
Ужо сёння айчыннымі вытворцамі сумесна з прадпрыемствамі гандлю вядзецца актыўная работа па стварэнні запасаў навагодніх падарункаў, кандытарскіх вырабаў, шампанскага, вінаў і іншых тавараў, што карыстаюцца павышаным попытам у перадсвяточныя і святочныя дні.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Прэв’ю: foolcdn.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/gandal
[4] https://zviazda.by/be/tags/gandal
[5] https://zviazda.by/be/tags/novy-god