Кожнае дзіця, няважна, дзе яно выхоўваецца — у сям'і або ў нейкай сацыяльнай установе, мае права на навагодні цуд і на ўвагу ад дарослых. Аб гэтым у Беларусі ўпершыню на самым высокім узроўні загаварылі 25 гадоў таму, і з таго часу дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» стала неад'емнай традыцыяй калядна-навагодніх свят. Падарункі і добрыя словы ад чыноўнікаў, прадстаўнікоў прадпрыемстваў і проста нераўнадушных людзей найперш атрымаюць дзеткі, што маюць патрэбу ў асаблівай дапамозе і клопаце, якія трапілі ў бальніцу або з нейкіх прычын засталіся без апекі бацькоў.
За 25 гадоў правядзення акцыі многае што змянілася, абяздоленых малых стала нашмат менш. З 47 інтэрнатных устаноў, якія былі ў 1995-м, сёння засталося толькі 15, а колькасць дзяцей, якія пражываюць там без апекі бацькоў, знізілася амаль у пяць разоў — цяпер іх 1121. Сёння малыя выхоўваюцца ў дамашніх умовах, у прыёмных сем'ях — калі ў 1995-м у краіне было ўсяго 11 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, цяпер іх 286, і жывуць у іх 1906 дзяцей.
Але кожнаму з іх, як і хворым дзеткам, патрэбны наша ўвага і клопат. Яны ўсе — нашы. І справа тут нават не ў падарунках, а ў адчуванні таго, што іх любяць, што яны патрэбныя. А гэта — толькі было б жаданне — можа падарыць кожны з нас.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[3] https://zviazda.by/be/tags/nashy-dzeci