Як шчодра надзяліў Бог талентамі Уладзіміра Караткевіча! Ён мог бы спяваць, ілюстраваць кнігі, мог бы стаць артыстам, вядомым даследчыкам, вучоным, выкладчыкам! Гэтыя грані яго таленту праяўляліся, так бы мовіць, «пабочна», па-за асноўным яго літаратурным заняткам. Мэтай паказаць шматграннасць асобы пісьменніка ад першых яго творчых крокаў у літаратуры да апошніх кіраваліся стваральнікі выстаўкі, што адкрылася ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Менавіта сюды ў 1970 годзе пісьменнік пачаў перадаваць сваю рукапісную спадчыну (а ў 1971-м працягнуў). Пасля яго смерці рэшту хатняга архіва творцы перадала яго сястра Наталля Кучкоўская. Трэба заўважыць, што некаторыя рукапісы Караткевіча захоўваюцца і ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацт ва, і ў Аршанскай школе, дзе вучыўся будучы літаратар, і ў музеі пісьменніка ў Оршы, і ў хатнім архіве спадчынніцы У. Караткевіча Алены Сінькевіч. Але самая аб’ёмная частка рукапісаў і малюнкаў знаходзіцца ў бібліятэцы імя Коласа: дзесяць шаф, у кожнай — па пяць паліц, на поўнены ўнікальнымі дакументамі. Цяпер многае з таго, з чым можна працаваць толькі атрымаўшы спецыяльны дазвол, прадстаўлена на вітрынах чытальнай залы.
Пачынаецца экспазіцыя раздзелам «З сямейнага альбома», дзе сярод здымкаў — фота маці Надзеі Васільеў ны, сястры Наталлі Сямёнаўны, шлюбныя, з Валянці най Браніславаўнай і сябрамі. На іншых фатаграфіях — пісьменнік у Доме творчасці ў Каралішчавічах з калегамі па пяры, на апошняй сустрэчы выпускнікоў у Кіеве.
Асобная вітрына прадстаўляе біяграфічныя дакумен ты ў падраздзеле «Дарога, якую прайшоў». Тут — бія графічныя даведкі, напісаныя рукой Караткевіча. Частка дакументаў у экспазіцыі — тыя, што захаваліся з ча соў вучобы ў Кіеўскім універсітэце. Многія матэрыялы былі складзены пісьменнікам у папку пад назвай «Архіў яшчэ з гадоў універсітэта» — там і цыдулкі, што пісалі студэнты падчас лекцый, і накіды выступленняў на зборах, і жартоўныя замалёўкі, і крытычныя заўвагі ў адрас сяброў, якія няправільна сябе паводзілі, — па гэтых дакументах можна даследаваць працэс станаўлення асобы і характара маладога Караткевіча, лічыць куратар вы стаўкі, загадчык сектара рукапісаў Таццяна Жук.
Выпіска з заліковай ведамасці, характарыстыка вы пускніка, фрагменты дысертацыі, якую Уладзімір плана ваў абараніць, назва главы, эпіграфы і план главы — усё гэта сведчыць пра наяўнасць ва ўчарашняга студэнта энцыклапедычных ведаў і імкненне дайсці да сутнасці з’явы, зразумець яе прыроду. На палях рукапісаў — на маляваная рукой Уладзіміра постаць, дарэчы, вельмі пазнавальная — душыцеля паўстання на Беларусі 1863—1864 гадоў Мураўёва (менавіта тэму паўстання выпускнік універсітэта Караткевіч абраў для кандыдацкай дысертацыі). Пасля сканчэння вучобы малады спецыяліст працаваў настаўнікам, што таксама знайшло адлю страванне ў блакнотах — самаробных запісных кніжках. Ён планаваў, куды схадзіць з дзецьмі, запісаны тут і рас клад урокаў, і прозвішчы вучняў, і накіды, як працаваць са школьнікамі, і нататкі творчага характару.
Як можна пераканацца, рукапісы Караткевіча 1950-х — 1960-х гадоў сумяшчаюць і прозу, і паэзію. На палях вельмі шмат замалёвак, ёсць аркушы з планамі мясцо васці, дзе адбывалася дзеянне — магчыма, такім чынам пісьменнік ствараў вобразы герояў. Гэтая звычка прайшла праз усё яго жыццё. Адметна, што аўтографы з вершамі пазначаны не толькі датай, але і часам напісання з дакладнасцю да хвіліны (58 хвілін, 32 хвіліны).
Адзін з цікавых экзэмпляраў на вітрыне выстаўкі — стужка паперы з бессістэмна напісанымі, як першапачат кова здаецца, літарамі. Рэч у тым, што ў рамане «Чорны замак Альшанскі» галоўны герой павінен быў прачытаць знойдзенае зашыфраванае пасланне, папярэдне наматаўшы на круглы прадмет пэўнага дыяметра. Каб праверыць, ці можна гэта зрабіць, пісьменнік і эксперыментаваў: сам накручваў і правяраў. Захавалася і запіска Караткевіча тагачаснаму дырэктару выдавецтва «Мастацкая літаратура» Міхаілу Дубянецкаму. У ёй можна прачытаць, што аўтар абяцае здаць заканчэнне «Каласоў» у 1982 годзе — то-бок Караткевіч планаваў напісаць працяг рамана.
Дакументы экспазіцыі прадстаўляюць і Караткевічасцэнарыста: фрагмент сцэнарыя, навела, напісаная ў юнацтве, якая потым увайшла ў сцэнарый фільма, фота, зробленыя падчас здымкаў карціны «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — Караткевіч спрабаваўся на ролю манаха. Заява дырэктару кінастудыі аб парушэнні аўтарскіх правоў, напісаная творцам у 1984 годзе, сведчыць аб тым, як пісьменнік адстойваў сваю праўду — сцэнарыі яго пера раблялі кавалкамі з-за «ідэалагічнай няправільнасці»... Дарэчы, прэм’ера фільма «Дзікае паляванне караля Стаха» праходзіла ў Маскве, у Доме кіно — чэргі ў касы па квіткі стаялі далёка на вуліцы — настолькі вялікі поспех меў фільм, хаця аўтар лічыў, што яго сапсавалі.
Прадстаўлены ў экспазіцыі і Караткевіч-драматург: афіша прэм’еры п’есы «Кастусь Каліноўскі» з аўтографамі акцёраў. Пісьменнік быў і аўтарам лібрэта да оперы «Сівая легенда». Захавалася праграмка з аўтографамі вядомых людзей, якія прысутнічалі на прэм’еры: Вячаслава Адамчыка, Ніны Гло бус, Адама Мальдзіса, Вячаслава Рагойшы, Алеся Бачылы, Янкі Брыля. Дарэчы, на чарнавіку рукапісу ёсць і пажаданне, выказанае Караткевічам для тых, хто будзе выконваць свае партыі ў оперы. Так, пані Агата павінна мець «мецца-сапрана», Канрад Цхаке — «барытон, можа быць барытанальны бас», а вось селянін — стралок — «тэнар, калі знойдзецца, то лепш бы “падводка” — менавіта той высокі дыскант, што сустракаецца толькі ў Беларусі і на Доне, што, дарэчы, і рабіла б аздобу мелодыі, у адрозненне ад ніжніх галасоў» — прафесійная заўвага з веданнем народных напеваў.
Частка экспазіцыі прадстаўляе і выданні Караткевіча з яго аўтографамі. Асабліва супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ганарацца асобнікам «Каласоў» з дарчым надпісам. У ім паведамляецца, што аўтар дорыць «гэту нярэдкую кнігу» і вельмі ўдзячны за важную працу, якую выконваюць супрацоўнікі бібліятэкі.
Яна БУДОВІЧ, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yana-budovich
[2] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-karatkevich