Канструктыўныя ініцыятывы ўдасканальвання заканадаўства выказалі жыхары Гомельскага раёна падчас правядзення грамадскай прыёмнай. Прапановы грамадзян дапамогуць скарэктаваць механізмы дзяржпадтрымкі, пытанні сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны, упэўнены лідары прафсаюзаў і грамадскіх арганізацый, якія аналізуюць звароты людзей.
Сацыяльны педагог Прыбарскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя Таццяна Данянкова ў тэлефоннай размове закранула тэму патрыятызму. Жанчына лічыць, што неабходна больш актыўная прэзентацыя каштоўнасцяў беларусаў і дасягненняў краіны. Гэту работу неабходна праводзіць сістэмна са школы:
— Калі мы хочам выхоўваць патрыятызм з дзяцінства, патрэбны новы маладзёжны фармат. Напрыклад, камп'ютарныя гульні пра беларускую гісторыю, інтэрактыўныя квэсты, якія сталі б цікавай формай вывучэння гісторыі краіны.
Заатэхнік-селекцыянер ААТ «Сцяг Радзімы» Алёна Швайлікава пераканана, што ў сацыяльных сетках трэба больш расказваць пра спартыўныя і творчыя дасягненні моладзі:
— Сацыяльныя сеткі сталі часткай жыцця падрастаючага пакалення, а значыць, яны павінны адлюстроўваць яго інтарэсы. У нас шмат спартыўных, мэтанакіраваных і таленавітых дзяцей. Ёсць поспехі, пра якія важна расказаць. Вельмі крыўдна, калі ў віры інфармацыі маладыя людзі губляюцца, іх заслугі не бачныя, а тым часам імі можа ганарыцца ўся краіна.
Таксама Алёна Швайлікава лічыць, што прыйшоў час інтэнсіўнага развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва:
— Развіваць прадпрымальніцкую ініцыятыву трэба са школы, расказваючы дзецям пра асновы вядзення бізнесу. Гэта магло б дапамагчы ім сарыентавацца ў пытаннях выбару прафесіі. Можна запрашаць на інфармацыйныя гадзіны паспяховых людзей, прадпрымальнікаў. Добрай формай папулярызацыі гэтай дзейнасці могуць стаць выезды на прадпрыемствы, а таксама арганізацыя інтэрактываў.
Першы сакратар раённай арганізацыі ГА «БРСМ» Ганна Савенка ў канцы адзначыла, што ініцыятывы, якія паступілі ў грамадскую прыёмную, будуць вывучаны і прааналізаваны.
Між тым, дыялог з насельніцтвам пастаянна вядуць кіраўнікі службаў райвыканкама і грамадскіх арганізацый. На сустрэчах з людзьмі ў грамадскай прыёмнай агучваюцца праблемы, ідзе пошук рашэнняў. Старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька кажа, што праблемы самыя розныя: яны датычацца землекарыстання, якасці электразабеспячэння і вулічнага асвятлення, падаткаабкладання і добраўпарадкавання, узнімаюцца пытанні жылля і водазабеспячэння:
— Адно з ключавых меркаванняў — мясцовым органам улады трэба даць больш паўнамоцтваў у рашэнні выбару стратэгіі развіцця населеных пунктаў. Вялікае значэнне для павышэння ролі мясцовага самакіравання мае стварэнне эфектыўных прававых механізмаў для рэалізацыі ініцыятыў грамадзян.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота Марыны Васільевай
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/gomelski-rayon
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyhary
[5] https://zviazda.by/be/tags/prapanovy
[6] https://zviazda.by/be/tags/zakanadaustva
[7] https://zviazda.by/be/tags/gramadskaya-pryyomnaya