Памарозіла нас некалькі дзён і — хопіць. Яшчэ паспее, а пакуль... Сітуацыя з надвор'ем у нас мяняецца. Пад напорам Атлантыкі марозны антыцыклон паволі адступае да Урала, адкрываючы дарогу атмасферным франтам і больш цёпламу паветру з поўдня Еўропы. Таму ў найбліжэйшыя дні па краіне пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Пры выпадзенні дажджу на халодную паверхню будзе ўтварацца галалёд, на дарогах будзе слізка, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
А таму нам з вамі неабходна быць вельмі асцярожнымі на дарогах. Ужо сёння на большай частцы краіны чакаюцца ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, галалёд, на дарогах галалёдзіца. У асобных раёнах будзе згушчацца туман. Вецер прагназуецца паўднёва-ўсходні парывісты. Максімальная тэмпература паветра складзе ад мінус 2 градусаў да 4 цяпла.
Самае непрыемнае надвор'е будзе ў суботу, калі дождж будзе ісці пры мінусавой тэмпературы. У гэты дзень пад уплывам малаактыўнага атмасфернага фронту месцамі, пераважна па паўднёвым захадзе Беларусі пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. У асобных раёнах чакаецца галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўднёва-ўсходні парывісты. Тэмпература паветра ўначы будзе знаходзіцца ў межах 3—10 марозу, удзень — ад аднаго да 6 градусаў ніжэй за нуль. Па паўднёвым захадзе будзе цяплей, дзе на працягу сутак чакаецца ад мінус 2 градусаў да 1 цяпла.
Сапраўдная адліга прыйдзе да нас у нядзелю. У гэты час наша краіна апынецца ва ўладзе чарговага атмасфернага фронту, які рухаецца з боку Украіны. Уначы месцамі, а ўдзень на большай частцы краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. У асобных раёнах чакаюцца слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні, заходні ўмераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 1—8 марозу, па паўднёвым захадзе — ад нуля да плюс 1 градуса. Удзень будзе наогул «ніяк» — ад мінус 4 градусаў да 3 цяпла.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня істотнай змены ва ўмовах надвор'я не чакаецца. У панядзелак на большай частцы краіны пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. У асобных раёнах магчыма наліпанне мокрага снегу, туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 градусаў да 2 цяпла, удзень — ад мінус 2 да плюс 3 градусаў. Адліжнае надвор'е чакаецца да сярэдзіны наступнага тыдня.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: metronews.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-nadvorya-1