На Гомельшчыне рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці» стартавала незвычайным навагоднім ранішнікам на адкрытым паветры. Свята для дзяцей-сірот з дамоў сямейнага тыпу ладзілі ў цэнтры экалагічнага турызму на беразе возера Чарнецкае, што ў Гомельскім раёне. А арганізавалі яго супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і актывісты Беларускага дзіцячага фонда.
Арганізатары дабрачыннай акцыі вырашылі, што складаная эпідэміялагічная сітуацыя не павінна пазбаўляць дзяцей навагодняга цуда, а правядзенне свята на свежым паветры падорыць удвая больш незабыўных эмоцый.
Дзед Мароз і Снягурка віталі ў цэнтры экалагічнага турызму хлопчыкаў і дзяўчынак з Веткаўскага, Гомельскага, Рэчыцкага, Нараўлянскага і Петрыкаўскага раёнаў. Каля 100 дзяцей прыехалі ў суправаджэнні бацькоў-апекуноў. Арганізатарамі дабрачыннага мерапрыемства выступілі Беларускі дзіцячы фонд і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Яны аб’ядналіся ў імкненні парадаваць дзяцей і пры гэтым зрабіць свята не толькі вясёлым, але і карысным.
— Безумоўна, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях шмат увагі надае менавіта бяспечнаму адпачынку дзяцей і ў гэтым мы, як супрацоўнікі МНС, заўсёды прыходзім на дапамогу, — адзначыў удзельнік святочнага мерапрыемства начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь Сяргей Дзічкоўскі.
Для дзяцей падрыхтавалі гульнявую праграму: карагоды на свежым паветры і інтэрактыўныя конкурсы. Чакаў гасцей і стол з гарачай гарбатай і прысмакамі. Асобна салодкія наборы, набытыя за сродкі МНС і арганізацый-партнёраў Беларускага дзіцячага фонду, дзеці атрымалі ў падарунак.
— Мы імкнуліся падарыць дзецям добрыя ўражанні, цудоўны настрой, а таксама парадаваць хлопчыкаў і дзяўчынак салодкімі прэзентамі, — падзялілася бяззменны арганізатар дабрачынных акцый на Гомельшчыне, дырэктар Гомельскага абласнога аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Ларыса Мяжэвіч. — Ведаеце, на такім пазітыве і дзеці, і дарослыя, што мы побач з імі нават забыліся пра зімовыя халады, шматлікія клопаты. Мы спадзяёмся на тое, што ўсе будуць здаровыя і шчаслівыя!
Шмат станоўчых эмоцый гасцям свята падарыла экскурсія па кантактным заапарку «Белладжыё», які размешчаны на тэрыторыі цэнтра экалагічнага турызму. Дзеці змаглі пакарміць шматлікіх жывёл і птушак. Насельнікі заапарку — страўсы і алені, ласі і бараны, кабаны і дзікабразы былі рады маленькім гасцям. Нават велічныя зубры, якія, дарэчы, зусім нядаўна пасяліліся ў аграсядзібе, падыходзілі «прывітацца». Яшчэ адным сюрпрызам для хлопчыкаў і дзяўчынак стала з’яўленне пажарных машын, якія даставілі на свята не звычайнага, а «бяспечнага» Дзеда Мароза. Галоўны герой навагодняга свята распавёў аб тым, што цягам года заўжды сочыць, каб усе дзеці не толькі добра сябе паводзілі, але і абавязкова выконвалі правілы бяспекі.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота: mchs.gov.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nashy-dzeci
[4] https://zviazda.by/be/tags/gomelskaya-voblasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/mns