Штогод Мінпрыроды праводзіць конкурс на найлепшага грамадскага эколага. Сёлета першае месца ў Брэсцкай вобласці і другое ў краіне заняў дырэктар Іванаўскага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства Аляксандр Шурхай. Віншуем Аляксандра Фёдаравіча!
— Аляксандр Фёдаравіч, скажыце, калі ласка, адкуль у вас любоў да прыроды, да вандроўнага жыцця?
— Цікавасць да турызму і экалогіі я адчуў, калі вучыўся ў сярэдняй школе № 4 горада Іванава. Удзячны выдатным педагогам, якія падтрымлівалі мае захапленні. Паступіў на геаграфічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе сустрэў аднадумцаў. Ну а прафесійна пачаў працаваць у дадзеным кірунку з 2006 года, калі ўзначаліў Іванаўскі цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства.
— Якім чынам спалучаеце турызм з экалагічным выхаваннем?
— На базе цэнтра дзейнічаюць 25 аб'яднанняў па інтарэсах, у тым ліку і экалагічнага профілю. З юных эколагаў сфарміраваны «Зялёны дазор». Падчас нашых падарожжаў падлеткі выяўляюць парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства (пераважна выкідванне смецця), гутараць з мясцовымі жыхарамі пра экадружалюбныя паводзіны. Пры неабходнасці яны разам з педагогамі рыхтуюць звароты ў адпаведныя органы для ліквідацыі парушэнняў. Вельмі радуе, што цяперашняя моладзь праяўляе экалагічную дасведчанасць, дбае пра раздзельны збор адходаў і паказвае станоўчы прыклад дарослым. Нашы навучэнцы таксама выявілі на тэрыторыі Іванаўскага раёна 12 дрэў, якім больш за 300 гадоў. Звесткі пра іх мы накіравалі ў Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча з просьбай надаць гэтым старым дрэвам статус помнікаў прыроды. Традыцыйна далучаемся да акцый «Час Зямлі», «Зробім!», «Чысты лес», «Дапамажы птушкам». Акрамя непасрэднай работы з вучнямі, цэнтр праводзіў міжнародны фестываль «Мотальская рэгата», злёт аматараў воднага турызму «Днепра-Бугская эстафета» з экалагічнай накіраванасцю, а сёлета арганізаваў на тэрыторыі Іванаўскага раёна «Чыстыя гульні» — акцыю па збору смецця.
— Калі вы атрымалі статус грамадскага эколага?
— У 2017 годзе.
— Якія прыродныя мясціны маніторыце, з якімі праблемамі сутыкаецеся?
— Вяду назіранні за ўзбярэжжамі рэк і азёр, а таксама за ляснымі масівамі. Асноўныя парушэнні, якія фіксую, — паркаванне і мыццё аўтамабіляў у прыбярэжнай паласе, ігнараванне правіл аматарскага рыбалоўства падчас нерасту. З'явілася і новая праблема: рыбакі пакідаюць пасля сябе шмат пластыкавых упаковак ад прыкорму і прынады. Знаходжу несанкцыянаваныя звалкі буйнога побытавага і будаўнічага смецця, асабліва ў былых пясчаных кар'ерах (з кожным годам, праўда, усё менш).
— Дзе найбольш любіце вандраваць?
— У даліне ракі Ясельда паблізу аграгарадкоў Моталь і Тышкавічы — там адкрываюцца вельмі маляўнічыя краявіды.
— Ці атрымліваеце дапамогу ад дзяржаўных і грамадскіх прыродаахоўных арганізацый?
— Эколага-краязнаўчае грамадскае аб'яднанне «Ясельда», створанае намі ў 2013 годзе, неаднаразова атрымлівала гранты ад ПРААН і іншых арганізацый. На гэтыя сродкі былі набыты байдаркі, палаткі, абсталяванне для экалагічных экспедыцый і летнікаў, камп'ютарная тэхніка і канцтавары. У месцах, якія масава наведваюць рыбакі-аматары, устаноўлены стэнды з прыродаахоўнай інфармацыяй. Дзякуючы супрацоўніцтву з таварыствам «Зялёная сетка» ў нас з'явіліся фотапасткі, друкаваныя матэрыялы экалагічнай тэматыкі. Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя інфармацыйна падтрымлівае нашу дзейнасць, аказвае метадычную і прававую дапамогу.
— Поспехаў вам у вашай шматграннай рабоце, яшчэ больш паплечнікаў і новых падарожжаў!
Святлана ІШЧАНКА
Фота з архіва Аляксандра ШУРХАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/svyatlana-ishchanka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekalogiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-shuhray
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekolag