Калі да працы ставіцца з любоўю, то складанасцей не адчуваецца. У гэтым пераканана мастачка, майстар па ткацтве Алена Шунейка, для якой гэты год удвая юбілейны. У красавіку майстрыха адсвяткавала 70-годдзе, а ў снежні родны для яе Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, дзе Алена Феліксаўна працуе ўсё жыццё, адзначае 80 гадоў. Дзве падзеі сталі нагодай для адкрыцця персанальнай выстаўкі.
Бацькава спадчына — выток творчасці
Алене Шунейцы ў жыцці выпала рэдкая ўдача — прафесійна займацца справай, якая прыносіць асалоду і задавальненне. Тварыць з душой, захапляць сюжэтамі і вобразамі, прыкмячаць у наваколлі багатую колеравую палітру — усё гэта майстрыха атрымала ў спадчыну ад бацькі. Галоўны ж бацькаў скарб — адзіны ў Беларусі вертыкальны ткацкі станок. Менавіта Фелікс Антонавіч у сярэдзіне мінулага стагоддзя заснаваў у метадычным цэнтры творчую ткацкую лабараторыю, якая ўжо амаль 40 гадоў з’яўляецца для яго дачкі і працоўным кабінетам, і ўтульнай майстэрняй, і нават другім родным домам.
Экспазіцыя выстаўкі «Мой любы горад» налічвае каля 50 аўтарскіх работ, сярод якіх — габелены, дэкаратыўныя пано і акварэльныя карціны. І гэта далёка не поўная калекцыя твораў Алены Феліксаўны. Палотны майстрыхі сёння ўпрыгожваюць інтэр’еры храмаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў, з’яўляюцца каштоўнымі экспанатамі музеяў. Патомная ткачыха вельмі ганарыцца габеленам «Святая Троіца», які ў якасці харугвы выкарыстоўваецца падчас святочнай працэсіі ў сталічным касцёле Святога Роха. Некаторыя творы Алены Шунейкі знаходзяцца ў Польшчы, Расіі, Францыі і Эстоніі. Бацькава тэхніка падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва, якой валодае майстрыха, унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Намаляваная ніткамі гісторыя
Крыніца натхнення для Алены Феліксаўны — родны горад Гродна з яго архітэктурнымі жамчужынамі і зачаравальнай прыродай, пра што і сведчыць назва выстаўкі. Алена Шунейка — бадай адзіная ў вобласці майстрыха, якая настолькі дасканала валодае ўсімі таямніцамі габеленавай ніткі, што здолела віртуозна перадаць у творчасці нават энергетыку старажытных гродзенскіх храмаў! Вытканыя Фарны і Бернардынскі касцёлы яна па-мастацку ўдала аздобіла вобразнымі выявамі Святога Духа. Наогул, кожнае палатно — гісторыя, напоўненая глыбокім зместам, філасофскімі рэбусамі і творчай фантазіяй.
Па прызнанні Алены Феліксаўны, тканыя акварэлі, напэўна, не былі б такімі цэласнымі і гарманічнымі, каб у іх стварэнні не ўдзельнічаў яе брат мастацтвазнаўца Яўген Шунейка. Менавіта ён малюе эксклюзіўныя эскізы для габеленаў. У творчым тандэме ствараюцца неверагодныя рэчы: у жывых вобразах паўстае гістарычнае мінулае Гродна, знакавыя постаці з розных эпох, адраджаецца Фара Вітаўта, маці-радзіма здабывае жаночае аблічча, а сярод велічных будынкаў вымалёўваецца родны дом…
Кожны наведвальнік выстаўкі можа не толькі палюбавацца экспанатамі, але і самастойна папрацаваць за ткацкім станком. Майстар-клас з задавальненнем прапануе Алена Феліксаўна і яе здольная вучаніца Юлія Барадзіна. Дарэчы, работы маладой пераемніцы, метадыста цэнтра народнай творчасці, сталі адмысловым аздабленнем экспазіцыі. Падвойныя габелены, народныя лялькі, ажурныя карункі — рукатворныя цуды, выкананыя нашай сучасніцай па старажытных узорах, уражваюць і кранаюць за жывое.
Энергія — у прыродзе
Пачэснае месца на выстаўцы займаюць акварэльныя карціны Алены Шунейкі, напісаныя ў тэхніцы «a la prima». Усе работы пленэрныя. Ствараць «жывыя» акварэльныя замалёўкі з натуры — гэта таксама ўлюбёны занятак творчай сям’і Шунейкаў. Нёман, кветкі, лес, Каложа — знаёмыя з маленства мясціны знайшлі адлюстраванне на жывапісных палотнах. Кожная работа носіць глыбока асабісты характар, вабіць асаблівай колеравай вобразнасцю.
Наведвальнікаў выстаўкі «Мой любы горад» чакае не толькі знаёмства з цікавымі экспанатамі. Кожная работа майстра — гэта своеасаблівы… аўтапартрэт, углядаючыся ў які можна выразна адчуць палітру пачуццяў, пашану да сямейных традыцый і роднага краю.
Ала БЯЛЬКЕВІЧ
Фота Цімура БАБКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mastactva