Мультыінструменталіст і вакаліст, адзін з самых харызматычных музыкантаў «Песняроў» Аляксандр Жых з нядаўніх часоў экс-«пясняр». Гэтая акалічнасць яго не засмучае, бо ёсць праца, якая прыносіць задавальненне і прыбытак, а галоўнае — з'явілася больш часу на сям'ю.
— Як вы пазнаёміліся з жонкай?
— Гэта цікавая гісторыя. Знаёмства адбылося па ініцыятыве Асі. Гэта ўжо потым яна сказала мне, што спярша я ёй прысніўся. Потым мы ўбачыліся, калі яна ішла з сяброўкай у краму, а я — з крамы. Тады Ася сказала сяброўцы: гэты хлопец будзе маім мужам. А далей яна папрасіла агульных знаёмых даведацца, колькі мне гадоў, дзе працую і чым займаюся, ці ёсць у мяне дзяўчына. І вось аднойчы мы сустрэліся ў інтэрнаце сам-насам: я галіўся, а да іншага ўмывальніка падышла прыгожая-прыгожая дзяўчына і пачала мыць вінаград. Потым яна пад усялякімі нагодамі пачала да мяне заходзіць, і так паволі завязаліся нашы адносіны.
— Колькі доўжыўся перыяд заляцанняў?
— Да вяселля мы сустракаліся два гады, у нас былі доўгія перыяды расставанняў, звязаныя з тым, што Ася з'язджала працаваць па кантракце ў іншую краіну, а ў мяне — гастролі. Мы пастаянна стэлефаноўваліся, а калі атрымлівалася сустрэцца, то гэтыя хвіліны, гадзіны, дні былі на вагу золата.
— Як спраўлялі вяселле, хто з артыстаў спяваў?
— На вяселле мы запрасілі сяброў, калег і родных. Вельмі рады, што амаль усе прыехалі, было каля 80 чалавек. Спярша мы вянчаліся, потым паехалі ў рэстаран і досыць весела і шумна адзначылі шлюб. Быў у нас вядучы, выступаў дуэт, які я вельмі люблю, — «Піва ўдваіх», кавер-гурт, нашы сябры з цыганскага ансамбля і, вядома, зараз ужо мае былыя калегі — салісты з «Песняроў». Дарэчы, яны былі з жонкамі, якія таксама спявалі. І я не стрымаўся — у нейкі момант выхапіў мікрафон, каб праспяваць коду ў «Волагдзе».
— Музыкант і фатограф — два творчыя чалавекі ў сям'і. Ці лёгка вам ужывацца?
— Мне здаецца, для кожнай творчай натуры вельмі важна эмацыянальна выкладвацца, атрымліваць адабрэнне за сваю работу. Мы з Асяй адно аднаго пастаянна падтрымліваем, хвалім, але калі заўважаем нейкія няўдалыя моманты, абавязкова абмяркоўваем гэта. Вельмі важна, што мы з разуменнем ставімся да крытыкі ў свой адрас. Нам лёгка ўжывацца, таму што мы выдатна разумеем усе моманты прафесійнай дзейнасці адзін аднаго.
— Ці ёсць у кожнага з вас нейкія сталыя хатнія абавязкі?
— У побыце мы мякка і лаяльна ставімся адно да аднаго, разумеючы, што ў кожнага ёсць справы, якія важнейшыя, чым нейкія хатнія заняткі. Глядзець за дзецьмі, гатаваць, прыбіраць — тое, што мы дзелім на дваіх. Няма такога, каб былі нейкія назаўжды замацаваныя абавязкі.
— Як змянілася ваша жыццё з нараджэннем першай дачкі?
— Прызнаюся, з'яўленне першай дачкі адбылося некалькі пазней, чым мы планавалі. Калі яна нарадзілася, было неверагоднае шчасце. Стэфанія толькі ўмацавала нашы пачуцці адзін да аднаго, і, вядома, мора любові мы аддалі ёй. Так, наша жыццё змянілася, як, напэўна, і ва ўсіх маладых бацькоў, з'явілася шмат новых абавязкаў. Нам падабалася назіраць, як яна расце, робіць першыя крокі, гуляць з ёй — гэта радасць, а яшчэ трэба сачыць за здароўем, развіццём дзіцяці — вялікая адказнасць. Але нас гэта не напружвае, таму што мы марылі пра дзяцей.
— Звычайны бацькоўскі досвед: з першым дзіцем яны выконваюць усе рэкамендацыі, «запарваюцца» з кожнай нагоды, а з другім усё прасцей. А як склалася ў вашай сям'і?
— Нашы дзяўчынкі зусім розныя па характары. Сапраўды, над старэйшай дачкой мы сядзелі больш, яна больш пераборлівая, з малодшай усё прасцей. А цяпер і зусім выдатна: Сцеша з задавальненнем гуляе з Сафіяй, і ўжо дзеці дораць бацькам крыху вольнага часу. А наогул, дзеці, вядома, патрабуюць увагі, і трэба абавязкова адгукацца на іх запыты, каб дзяўчынкі адчувалі сябе любімымі і значнымі для бацькоў.
— Як вы рыхтавалі старэйшую дачку да з'яўлення сястрычкі?
— Сцеша сама нас прасіла, каб у яе была сястрычка або брацік. Больш ёй хацелася браціка, але калі сказалі, што будзе сястрычка, таксама не засмуцілася. Калі Сафія нарадзілася, Сце-
ша думала, што яна адразу ж будзе хадзіць, гаварыць, то-бок марыла аб зносінах на роўных. Сцеша цярпліва чакала, пакуль сястрычка падрасце. Цяпер яны ўжо могуць разам гуляць. Так што Сафія з'явілася на свет і па нашым жаданні, і па жаданні сястрычкі.
— Ці дапамагаюць з дзецьмі вашы бацькі?
— Пры першай жа магчымасці бабулі і дзядулі прыязджаюць да нас, праводзяць выхадныя, з задавальненнем займаюцца ўнучкамі. Заўсёды знойдуць магчымасць пабыць з імі, калі нам адначасова трэба ад'ехаць па справах. Скажу больш, нашы бацькі спецыяльна забіраюць да сябе на нейкі час унучак, каб мы маглі пабыць разам, адпачыць ад штодзённых абавязкаў і нават вярнуцца ў перыяд рамантыкі, заляцанняў. Вельмі ўдзячныя нашым бацькам за дапамогу і чуласць. Мы таксама любім наведваць іх.
— Даходы творчых людзей не заўсёды прадказальныя. Як плануеце сямейны бюджэт?
— Абавязкова нешта адкладаем, нешта трацім адразу. Абмяркоўваем чарговасць расходаў, бо заўсёды ёсць тое, што можа пачакаць. Акрамя расходаў, як ва ўсіх людзей — харчаванне, камунальныя плацяжы, адзенне, цацкі, — нам яшчэ неабходна укладваць грошы ў прафесійны рост. Увогуле, у нас ёсць нейкая агульная скарбонка і ў кожнага свае асабістыя сродкі. Дапамагаем адно аднаму, калі ў мяне ці Асі пуста ў персанальным кашальку.
— Якія выдаткі ў вас у прыярытэце, а ад чаго можаце лёгка адмовіцца?
— Вядома, выдаткі на дзяцей. Калі ў нейкі перыяд складана з фінансамі, то эканоміць будзем на сабе.
— Расстанне з «Песнярамі» было нечаканым або, як кажуць, усё да таго ішло?
— Першы званочак быў два гады таму і звязаны з тым, што я актыўна працаваў як вядучы святаў. Гэта было паралельна з асноўнай працай, і ў пік вясельнага сезона некалькі разоў адпрошваўся з працы, што, натуральна, не падабалася нашаму мастацкаму кіраўніку. У той час я нават гатовы быў сам звольніцца, але нечакана калега вырашыў пакінуць калектыў, і, мабыць, расстацца адначасова з двума артыстамі кіраўніку аказалася цяжка. Таму было прынята рашэнне перавесці мяне на паўстаўкі, каб я мог удзельнічаць не ва ўсіх канцэртах. А расстанне адбылося ў верасні, калі скончыўся мой пяцігадовы кантракт.
— Шкадуеце пра страту статусу, нейкім стабільным заробку, ці бачыце ў гэтым новыя магчымасці для творчай рэалізацыі, што можа канвертавацца і ў добры прыбытак?
— На працягу апошніх сямі гадоў у мяне ёсць другая прафесія — вядучы святаў — даход, які я лічу асноўным. Так што ў фінансах я не моцна страціў. Але ў мяне з'явіўся час, таму што не трэба будзе ездзіць на гастролі, як было цягам 14 гадоў. Часам, калі прыязджаў дадому праз месяц-два, узнікала такое пачуццё, што табе даводзіцца вучыцца жыць наноў, прывыкаць да хатняга побыту, прывыкаць да жонкі, дзяцей, вяртацца да абавязкаў таты, мужа, гаспадара. Цяпер, вядома, разумею, што вялізны плюс у тым, што больш часу змагу надаваць сям'і. А статус... Моцнага шкадавання, калі шчыра, няма.
— А можаце дзеля дабрабыту сям'і змяніць сферу дзейнасці?
— У мяне быў такі перыяд у 2011-2012 гадах, калі рыхтаваўся да вяселля. Паставіў сабе мэту — ніводнай капейкі не прасіць у бацькоў і не займаць у сяброў. Ася мяне ў гэтым падтрымала. Вырашылі, што я пайду працаваць у таксі, і я гэта сумяшчаў з гастролямі. Так зарабіў на вяселле. У прынцыпе, я гатовы ўзяцца за нейкую працу, далёкую ад творчасці, калі трэба для дабрабыту сям'і. І не выключаю, што давядзецца гэта зрабіць, бо з-за COVІD-19 хтосьці адмяняе вяселле, хтосьці пераносіць яго на больш спрыяльны час. На канцэрты людзі таксама асабліва не ходзяць. Такі час... Але дзеці, сям'я не павінны ад гэтага пакутаваць.
— Як ваша сям'я любіць адпачываць?
— Да каранавіруса летам выязджалі на мора. Любім з дочкамі бываць на святкаванні дзён нараджэння іх сяброў і назіраць, як дзецям там добра, як яны ўжо ўмеюць будаваць зносіны з аднагодкамі. Часам вечарамі арганізоўваем хатнія канцэрты: я бяру гітару, дзеці — дудачкі, і выдатна праводзім час. А яшчэ мы ўключаем балетныя спектаклі. У дачок ёсць пачкі, яны надзяваюць іх і паўтараюць рухі за балерынамі. Гэта тая яшчэ забаўка! Усёй сям'і падабаецца сядзець каля каміна, а мы ў гэты час чытаем дочкам казкі.
— Вопытны вядучы вяселляў неяк распавядаў, што ён ужо навучыўся прадказваць будучыню пары. А вы не адсочваеце, як складаецца жыццё тых пар, для якіх ладзілі свята?
— Напэўна, я яшчэ не настолькі вопытны. У мяне не атрымліваецца абстрагавацца і ставіцца да людзей як да звычайных заказчыкаў: сёння — адны, заўтра — іншыя. Звычайна трымаю ў поле зроку тыя пары, у якіх я вёў свята. Перажываю за іх. У дзень вяселля, калі я іх бачу, яны ў нейкай эйфарыі ад свайго шчасця, кахання. Потым, калі людзі дзеляцца сваім жыццём у сацсетках, радуюся, што ў іх усё добра. І потым з многімі з тых, у каго я праводзіў вясельныя ўрачыстасці, падтрымліваю сяброўскія адносіны. Не забываю віншаваць «сваіх» маладых з днём нараджэння, гадавінай вяселля, з нараджэннем дзяцей. Лічу, што калі я сціпла прыклаў сваю руку, свой голас да іх вясельнай урачыстасці, то маю права знаходзіцца дзесьці з імі побач у іншыя радасныя моманты іх жыцця.
— Зараз нікога не здзіўляюць пробныя, часовыя і іншыя разнавіднасці шлюбаў. А што, на ваш погляд, трэба для таго, каб шлюб быў моцны, а сям'я шчаслівай?
— Не вывеў яшчэ для сябе нейкую ідэальную формулу. Вельмі многае залежыць ад саміх людзей, ад розных знешніх фактараў, ад таго, наколькі гатовы клапаціцца пра дабрабыт сям'і. У нашым выпадку дапамагае тое, што мы з'яўляемся творчымі людзьмі і атрымліваем задавальненне ад сваёй працы, гэта важна. І, вядома, дзеці робяць нашу сям'ю больш згуртаванай, дружнай, вясёлай. Па маіх адчуваннях, вось тая знакамітая іскра, якая ўзнікае дзесьці ў пачатку адносін, у нас да гэтага часу не згасла.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Фота Вольгі БЯЖКОВАЙ і Кацярыны БУРДЗЕЕВАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/syamya