Сацыяльны праект «Белпошта» распачала год таму. Яго сутнасць у тым, каб забяспечыць паштальёнаў спецыяльна распрацаванымі мабільнымі прыладамі. Першымі ў рэгіёне іх пачалі асвойваць лідчане. У раёне ўсе паштальёны забяспечаны апаратам, які з дапамогай дадатка дазваляе ў рэжыме анлайн ажыццяўляць прыём усіх плацяжоў і паслуг, што прапаноўваюцца на аб'екце паштовай сувязі.
Першымі апрабавалі новаўвядзенне кіроўцы-паштальёны. Водгукі аб рабоце станоўчыя — працаваць зручней і прасцей, чым з бланкамі і папяровай справаздачнай дакументацыяй. Такі вердыкт вынеслі ў Лідскім рэгіянальным вузле паштовай сувязі. Па словах начальніка РВПС Яўгена Серпука, «мабільнага паштальёна» асабліва ацанілі там, дзе няма паштовых аддзяленняў і банкаў. Гэта аддаленыя вёскі, дзе, бывае, пражывае і да некалькіх дзясяткаў жыхароў.
— У паштальёна на руках прылада, якая дазваляе аказаць поўны пералік тых паслуг, што кліент можа атрымаць на аб'екце паштовай сувязі. У тым ліку прыём падпіскі, выдачу пенсіі, прыём і выплату пераводаў, прыём і выдачу паштовых адпраўленняў, рэалізацыю тавараў штодзённага попыту на даставачным участку паштальёна, — зазначыў Яўген Сярпук.
На базе аперацыйнай сістэмы Androіd устаноўлены спецыяльны дадатак, які дазваляе праводзіць усе неабходныя маніпуляцыі. Праграму нельга прыстасаваць для звычайнага смартфона, а толькі пад пэўны апарат для службовага карыстання.
У Гродзенскім філіяле РУП «Белпошта» паведамілі, што на эксперымент у Лідскі раён накіравана 88 апаратаў, якімі забяспечаны ўсе паштальёны вузла. Дыяпазон абслугоўвання даволі значны. Сюды ўваходзіць Лідскі, Воранаўскі, Іўеўскі і Дзятлаўскі раёны.
Па словах дырэктара Гродзенскага філіяла Андрэя Анісімава, «мабільны паштальён» добра зарэкамендаваў сябе ва ўсх відах паслуг. Ёсць магчымасць разлічвацца як наяўнымі сродкамі, так і праз банкаўскія пластыкавыя карткі. Пры аказанні паслугі апарат выдае чэк, які кліент атрымлівае пры любых разліках. Да таго ж усе аперацыі праходзяць у рэжыме анлайн.
Пасля таго, як першымі ў гэты працэс уключыліся кіроўцы-паштальёны, гэтая мабільная прылада распаўсюджана сярод усіх паштальёнаў.
Зараз на Лідскім раённым вузле завяршаецца навучанне супрацоўнікаў і ўкараненне апошніх адзінак «мабільнага паштальёна». У асноўным усе апараты на руках, і паштальёны імі з задавальненнем карыстаюцца. Засвоіць яго нескладана, а вось плюсоў у рабоце ён дадае нямала, паведамілі ў Лідзе. Раней квітанцыі на такія паслугі даводзілася выпісваць ад рукі. На кожную аперацыю — асобная квітанцыя. Паштальёну ў канцы працоўнага дня такую справаздачу трэба было аформіць у аддзяленні сувязі. Зараз усе паслугі праводзяцца праз мабільную прыладу з касавым апаратам і тэрміналам для аплаты банкаўскай карткай. Некалькі «клікаў» — і кліент атрымлівае звычайны чэк. Усе аперацыі праводзяцца ў рэжыме анлайн і адразу паступаюць у базу даных «Белпошты», а грошы, якія прыняты ад кліента, — на разлік. Зручна, бо абслугоўванне хуткае.
Лідскі раён невыпадкова стаў першым у новаўвядзенні. Гэта адбылося таму, што Ліда ўвайшла ў спіс гарадоў з паскораным развіццём. Як бачым, у гэты працэс актыўна ўключыўся і паштовы сэрвіс.
— Гродзенская вобласць — другі рэгіён эксперыментальнага праекта. Год таму пілотны праект быў запушчаны ў Аршанскім раёне. Па словах нашых калег, паслуга хутка прыжылася. Практыка паказала, што эксперымент сябе поўнасцю апраўдаў, хоць укараняўся паступова і меў абмежаваны комплекс паслуг, — патлумачыў Андрэй Анісімаў.
Не ўсе паслугі паштовай сувязі напачатку былі даступны для кліента. На першым этапе з дапамогай «мабільнага паштальёна» афармлялася падпіска, можна было здзейсніць камунальныя плацяжы ў сістэме АРІП (Адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы). Праз некаторы час дабавілася магчымасць пакупкі тавараў і адпраўкі паштовых адпраўленняў. Трэці этап дазволіў афармляць унутраныя і міжнародныя паштовыя пераводы, прыём і выплату паштовых грашовых пераводаў, выплату пенсій. Гродзенцы ўключыліся ў праект адразу з усімі гэтымі функцыямі.
Зараз у структуры «Белпошты» больш за тры тысячы аддзяленняў сувязі, асноўная колькасць знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Паштальёна ў вёсках чакаюць. Калі раней функцыі яго былі абмежаваны — прынесці паштовыя адпраўленні, выпісаць газету ці часопіс, прынесці пенсію, — то цяпер колькасць паслуг значна пашырылася. Вяскоўцы з задавальненнем карыстаюцца новай паслугай. Сярод папулярных — папаўненне балансу мабільнай сувязі, аплата камунальных паслуг. Зараз вядзецца падпіска перыядычных выданняў. У сувязі з гэтым паштальёны робяць падамавы і пакватэрны абход. Такім чынам, жыхарам не трэба нават выходзіць на вуліцу, каб выпісаць газету або часопіс.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота дадзена Гродзенскім філіялам РУП «Белпошта»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/grodzenskaya-voblasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/kantakt
[6] https://zviazda.by/be/tags/poshta