На думку спікера верхняй палаты парламента, форум дазволіў выпрацаваць новыя падыходы, разгледзець тыя пытанні, якія сёння найбольш актуальныя для моладзі Беларусі і Расіі.
Размова адбылася ў рэжыме адкрытага дыялогу. Асноўную частку адведзенага на сустрэчу часу склалі адказы старшыні Савета Рэспублікі на пытанні юнакоў і дзяўчат з зала. У выніку абмеркавалі даволі шырокае кола пытанняў, выслухалі аўтараў ініцыятыў і прапаноў, што датычыліся рэалізацыі актуальных сацыяльных праектаў, прагучалі новыя ідэі.
Не здрадзіць памяці пераможцаў
Форум адбыўся ў год 75-годдзя Вялікай Перамогі, і тэма захавання аб'ектыўнай гістарычнай памяці пра гераічны подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, натуральна, узнікла падчас дыялогу.
Наталля Качанава падкрэсліла неабходнасць захаваць памяць пра людзей, якія адстаялі мір і свабоду на нашай зямлі, памяць аб падзеях страшных ваенных гадоў. Яе зацікавіў сціслы аповед прадстаўніцы расійскага саюза сельскай моладзі пра акцыю «Подзвіг вёскі». Яе мэта — расказаць аб гераізме вясковых жыхароў Расіі ў аднаўленні разбуранай ушчэнт вёскі ў гады вайны. Маладыя людзі ўжо запісалі і сабралі больш за восем тысяч гісторый на гэтую тэму, правялі вялікую фотавыстаўку ў Савеце Фэдэраціі Расіі. Адсюль і прапанова: распаўсюдзіць такі вопыт і ў Беларусі.
Наталля Качанава падтрымала ідэю. Паводле яе слоў, мы не маем права здрадзіць гэтай памяці, яе трэба перадаваць ад пакалення да пакалення і разам змагацца супраць гераізацыі фашызму. Гэта наш абавязак. Бо самае галоўнае ў свеце — мір. У Вялікай Перамозе тыя гістарычныя карані, якія аб'ядноўваюць нашыя народы. І гэтая гістарычная памяць павінна назаўсёды застацца ў сэрцах.
Валанцёрскі рух — пачэсны
Цікавая прапанова прагучала з вуснаў расіянкі Лейлы: стварыць дыялогавую пляцоўку для беларускіх і расійскіх маладых валанцёраў з мэтай сумеснай рэалізацыі карысных для людзей праектаў у абедзвюх краінах.
Наталля Качанава падтрымала ініцыятыву і паабяцала ўдзельнічаць у дыялогавых пляцоўках, куды запросіць моладзь.
Сёння, калі нашыя краіны, ды і ўвесь свет, сутыкнуліся з каранавірусам, валанцёрскі рух — гэта архіважна. У зоне ўвагі маладых валанцёраў шмат людзей сталага ўзросту, інвалідаў. Хлопцы і дзяўчаты прыносяць ім лекі з аптэкі, прадукты харчавання з магазіна, іншыя спажывецкія тавары. І чым больш будзе такіх ініцыятыў, тым лепш.
Быць патрыётам у першую чаргу
Малады хлопец Яўген з Гродзенскай вобласці пытаўся пра асаблівасці ажыццяўлення маладзёжнай палітыкі ў нашай краіне на сённяшнім этапе, пра актуальнасць супрацьдзеяння негатыўнай ролі сацыяльных сетак у фарміраванні матывацыі паводзін маладых людзей.
Спікер верхняй палаты парламента падкрэсліла, што маладзёжная палітыка — прыя-рытэтны кірунак дзяржаўнай палітыкі. І самае галоўнае тут — патрыятызм: любоў да радзімы, краіны, сям'і, родных і блізкіх — тых людзей, якія побач. І сёння малады чалавек павінен быць у першую чаргу патрыётам.
На шматлілікіх прыкладах Наталля Качанава паказала, як дзяржава, у сваю чаргу, імкнецца ўсяляк дапамагаць маладым у іх вялікіх і малых справах: правядзенні патрыятычных акцый, актывізацыі дзейнасці інстытута куратарства для хуткага прафесійнага станаўлення маладых спецыялістаў, реалізацыі спартыўных мерапрыемстваў і гэтак далей.
Старшыня Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб'яднанняў «Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый» Павел Алекса адзначыў як знакавы для ўдзельнікаў сустрэчы ў Мінску той факт, што форум завяршыўся важным мерапрыемствам: шчырай размовай са старшынёй Савета Рэспублікі.
— Гэта ў чарговы раз дэманструе, што дзяржава аддае вялікую ўвагу маладзёжнай палітыцы, — падкрэсліў ён.
Нагадаем, наступны форум пройдзе ва Уладзівастоку — самым усходнім пункце Саюзнай дзяржавы.
Леанід ТУГАРЫН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/leanid-tugaryn
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[5] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki-nacyyanalnaga-shodu-respubliki-belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/viii-belaruska-rasiyski-maladzyozhny-forum