Вытворчае аб'яднанне «Беларуснафта» з'яўляецца выключна камерцыйным прадпрыемствам, таму нікога не здзівіла тая навіна, што з першых дзён студзеня стане платнай зарадка электрамабіляў на ўсіх электразаправачных станцыях Malanka.
Прыемным сюрпрызам гэтай навіны будуць бюджэтныя тарыфы самой зарадкі. Кошт 1 кВт на станцыях пастаяннага току (хуткія ЭЗС) складзе 39 капеек, на станцыях пераменнага току (павольныя) — 29 капеек. Аплаціць зарадку можна будзе з дапамогай мабільнай праграмы Malanka, якая ў тэставым рэжыме працуе ўжо некалькі месяцаў.
Дорага гэта або пакуль не вельмі? З увядзеннем аплаты электрапаліва ў нашай краіне будзе ў два разы танней за бензін. Зарадка электракара на 100 кіламетраў абыдзецца электрамабілістам у суму каля шасці рублёў у залежнасці ад тыпу зараду. Аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання патраціць на пераадоленне такой жа адлегласці каля 10 літраў бензіну, што складзе 18-20 рублёў. Адчуваеце розніцу?
«Зарадка электрамабіляў у Беларусі была бясплатная з 2014 года, з моманту з'яўлення першых ЭЗС. Так доўга бясплатныя станцыі не былі ні ў адной краіне свету. Але нават з увядзеннем тарыфу кошт зарадкі будзе самы нізкі ў Еўропе. Такі кошт на электрычнасць застанецца дзякуючы ў тым ліку і ўвядзенню ў эксплуатацыю Беларускай АЭС. Сёння на асобных ЭЗС у сталіцы ў дзень зараджаецца да 10 аўтамабіляў, што блізка да стандартных значэнняў і кажа пра тое, што мы гатовыя пераходзіць на новы этап работы», — расказвае
намеснік генеральнага дырэктара ВА «Беларуснафта» Андрэй Коцік.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: abw.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/transpart
[4] https://zviazda.by/be/tags/transpart
[5] https://zviazda.by/be/tags/elektramabil