Беларускі выдавец Канстанцін Страўсаў, стваральнік праграмных прадуктаў для дзяцей і дарослых, IT-спецыяліст шырокага профілю, ментар, стартапер, удзельнік хакатонаў, выкладчык, зрабіў мультымедыйны праект «Кніга-чат». Што гэта за ноу-хау, як чытаць класіку ў чаце і якія творы не ў фармаце праекта? Пра гэта і не толькі гутарым з аўтарам.
— Канстанцін, давайце пачнём з таго, як вы трапілі ў IT-сферу.
— У IT я прыйшоў, можна сказаць, у дзяцінстве, калі ў часопісе «Наука и жизнь» пачаў чытаць матэрыялы аб праграміраванні. Мне было цікава аналізаваць код прыведзеных у часопісе праграм і дадаваць у яго новыя магчымасці. Далей быў Ліцэй БДУ, фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вывучаў камп’ютарнае мадэліраванне фізічных працэсаў. У будучыні гэта спатрэбілася для стварэння ўласных праектаў.
Працоўны шлях пачаў у выдавецтве «Папуры». Спачатку быў сістэмным адміністратарам, вярстальшчыкам. Паралельна асвойваў паліграфію, вывучаў трохмерную графіку, відэамантаж.
У 2001 годзе надрукавалі маю першую кнігу «Работа на камп’ютары: крок за крокам».
У 2010-м убачыў ролік аб праграме «Аліса ў краіне цудаў» для iPad. Гэта мяне ўразіла, і я зразумеў, што таксама магу ствараць такія рэчы.
Тады ўжо быў намеснікам дырэктара ў выдавецтве, але звольніўся і пачаў сваю справу. За час, які працую на сябе, прымаў удзел у стварэнні шматлікіх праектаў: ад простых кніг да мультымедыйных парталаў і камп’ютарных гульняў. Лічу, што трэба рабіць сваю справу так, каб за яе не было сорамна.
— Што падштурхнула да стварэння праекта «Кнігачат»?
— Разумею ролю класічнай літаратуры ў развіцці чалавека, асабліва моладзі. Дзеці розныя. І новае пакаленне ўжо не так ахвотна звяртаецца да папяровай прадукцыі, а аддае перавагу лёгкаму чытанню з экрана электроннага прыстасавання, асабліва калі з’яўляецца ўласны смартфон. Кліпавасць мыслення школьнікаў — праблема сучаснай адукацыі. Яе трэба вырашаць і выхоўваць дзяцей на сур’ёзнай літаратуры. Так і з’явілася ідэя праекта «Кніга-чат». Пачаў з «Рэвізора» Мікалая Гогаля. Натхнілі ўласныя дзеці, якіх хочацца выхаваць разумнымі людзьмі.
— З чаго пачалася праца? Хто дапамагаў?
— Працаваць над кнігай пачаў у 2018 годзе. Накідаў макет і паказаў сябру-мастаку. Ён паабяцаў намаляваць, але доўга думаў. Тады я заняўся электроннай версіяй.
У адукацыйным цэнтры, дзе выкладаю вэб-распрацоўку, пазнаёміўся са студэнткай дызайнерскага курса Кацярынай Іовец. Яна зрабіла ілюстрацыі. У якасці рэферэнса ўзялі работы вядомага рускага і савецкага графіка Дзмітрыя Кардоўскага. У пачатку ХХ стагоддзя яго актыўна друкавалі. Кацярына перамалявала каляровыя паштоўкі па «Рэвізоры» 1929 года. У пачатку кнігі яны вялікія, а на аватарах, адпаведна, меншыя.
З дызайнам вокладкі дапамагла Ксенія Карцель — прафесіянал, кіруе дызайн-студыяй.
Рэцэнзентам выступіла кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры класічнай філалогіі БДУ Вольга Пракапчук. Яна была адной з першых, хто ацаніў важнасць праекта, дапамагла з падрыхтоўкай каментарыяў і дадатковага матэрыялу, накіроўвала думкі ў патрэбным рэчышчы.
Кніга мае дзве версіі — класічны пераплёт на склейцы і эксперыментальны на спружыне. Эксперымент, дарэчы, удалы. Кніга зручная, яе можна як заўгодна раскрыць, пакласці... У гэтай версіі рэалізавана ідэя «эфект тэлефона»: вуглы закругленыя.
— Чаму фарматам прадстаўлення тэксту абраны чат і чаму ў гэты фармат уключаны п'есы?
— Драматургічны канон і форма інтэрнэт-перапіскі падобныя. Рэплікі персанажаў арганічна ўпляліся ў звыклую для сучаснікаў абалонку чату. Дынаміка з’яўлення персанажаў на сцэне падобна да далучэння новых карыстальнікаў у групавыя чаты.
Выбіраючы форму, спрабаваў некалькі стыляў. Telegram, напрыклад, візуальна падыходзіць, але тады кніга атрымліваецца нашмат таўсцейшай, а гэта мінус. Спыніўся на ўласным дызайне.
— Каго, акрамя сямікласнікаў, зацікавіць выданне?
— Настаўнікаў, акцёраў, рэжысёраў, літаратуразнаўцаў, даследчыкаў, дызайнераў, калекцыянераў. Думаю, усіх аматараў класікі. Дызайн і вёрстка дазваляюць рабіць пазнакі на палях, ператвараюць кнігу ў канспект ці нататнік.
Акрамя поўнага тэксту «Рэвізора» 1836 года, у зборніку ёсць каментарыі на шасці старонках з тлумачэннем устарэлых тэрмінаў, лісты аўтара, яго рэкамендацыі акцёрам, спіс тэкстаў і заданняў на ўважлівасць і кемлівасць, красворды, некалькі варыянтаў развязак.
— Цікава даведацца аб працэсе вытворчасці.
— Маёй выдавецкай лабараторыяй BookAAS быў распрацаваны спецыяльны сайт, які дазваляе хутка і эфектыўна рабіць вёрстку кніг-чатаў, разбіваць кантэнт па старонках, генерыраваць каментарыі, красворды і практыкаванні.
Пасля афармлення з дызайнерам першай дзеі стала відавочна, што так падаваць інфармацыю эфектыўна. Але любая ідэя патрабуе праверкі. У якасці фокус-групы выбралі 30 чалавек, якім прапанавалі ацаніць чытанне ў выглядзе чату. Яны адзначылі зручнасць і лёгкасць пераходаў паміж рэплікамі, асаблівую візуальную гармонію тэксту.
Першая версія вёрсткі займала амаль 380 старонак. Давялося скарачаць — сціскаць карцінкі, падцягваць тэкст, для кожнай плашкі адлічваць свой памер, адлегласць...
Памер выдання — нейкі кампраміс паміж тэлефонам, планшэтам і кнігай. Спрабаваў зрабіць гарызантальны варыянт, але тады кніга зноў становіцца таўсцейшай.
Пытанняў па выбары шрыфту не было. Раздрукаваў некалькі варыянтаў — і адразу стала зразумела, што трэба. Пры выбары шрыфту важна ўлічваць узрост чытача і паперу, на якой кніга будзе друкавацца.
- Як распаўсюджваецца кніга?
- Актыўна рэкламую праект у сацыяльных сетках, прымаю ўдзел у разнастайных выстаўках, выступаю ў бібліятэках, школах, расказваю журналістам... Кніга прадаецца ў некаторых крамах. Вырашаецца пытанне з кампаніяй Amazon, бо былі запыты з Вялікабрытаніі і ЗША. Прапануем кнігу ў якасці прыза на розных дзіцячых конкурсах. Хацелася б, каб мой «Рэвізор» з’явіўся ў навучальных установах Беларусі і Расіі.
- Што з электроннай версіяй?
- Зараз думаю, як дарабіць, палепшыць. З улікам досведу ведаю, што электронную кнігу лепш выпусціць не адразу, а даць час на распаўсюджванне папяровай.
Праграму для тэлефона трэба запусціць да Новага года, — як раз тады, калі сямікласнікі праходзяць «Рэвізора».
Распрацоўваю спецыяльную электронную пляцоўку ў выглядзе сайта, дзе можна будзе не толькі чытаць, але і абмяркоўваць твор, праходзіць тэсты, удзельнічаць у квэстах і конкурсах, гуляць і перапісвацца з персанажамі, а таксама дзяліцца сваімі дасягненнямі ў сацыяльных сетках. У электронным «Рэвізоры» хачу рэалізаваць такія ідэі, як «Адкажы ў чаце Хлестакову», «Паразмаўляй у чаце з Гараднічым». Да гэтага неабходна далучыць філолагаў, якія будуць заўсёды на сувязі, будуць адказваць дзецям.
- Якія водгукі?
- Дзеці, якія ўжо маюць кнігу-чат, у захапленні. Просяць: «А можна ўсю літаратуру так». Успрымаюць кнігу дзеці-дыслексікі. А адзін дарослы нават сказаў: «Калі б у мяне ў дзяцінстве былі такія падручнікі, то я б лепш вучыўся». Я гатовы ў лабараторыі правесці выдавецкі эксперымент з падручнікамі, зрабіць іх у выглядзе чату. Але не ўсё можна перакласці ў такі фармат. Проза, напрыклад, не падыходзіць.
- Чым плануеце заняцца пасля «Рэвізора?»
- Пакуль у планах серыі «Кніга-чат» 7 твораў класічнай літуратуры. Зараз распрацоўваецца алгарытм выпуску «Рамэа і Джульеты» Уільяма Шэкспіра. Гэта паэзія. А вершы вярстаць складаней. Кніга будзе на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.
Далей зробім «Беспасажніцу» і «Навальніцу» Аляксандра Астроўскага, «Недаростка» Дзяніса Фанвізіна, «Караля Ліра» Уільяма Шэкспіра і «Тутэйшых» Янкі Купалы.
Гутарыў Зміцер АРЦЮХ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] http://zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/litaratura