Згасаюць адна за адной зоркі на небасхіле мастацтва... Нядаўна засмуціла сэрцы аматараў беларускага тэатра звестка: на 84 годзе жыцця памерла [4] народная артыстка Беларусі Бэла Масумян. Яе нездарма ўключалі ў топ самых пазнавальных артыстаў Беларусі. Будучая актрыса нарадзілася ва ўкраінскім Паўлаградзе. Бацькі жадалі бачыць яе ўрачом, але яна імкнулася на падмосткі. Скончыўшы ў 1961 годзе Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, тут жа пайшла працаваць у Драматычны тэатр імя Горкага. Атрымалася, што Бэла Масумян да канца дзён была адданая гэтаму тэатру. «Звязда» ўспамінае яскравыя і любімыя ролі Бэлы Масумян.
«Леў зімой» (рэж. Валянціна Еранькова)
Для многіх вобраз прымадонны звязаны найперш з вобразам шэкспіраўскай каралевы. Дзея п'есы развіваецца ў Англіі XІІ стагоддзя. Кароль Генрых ІІ павінен прызначыць спадчынніка трона. На гэтую падзею прыбываюць жонка Генрыха — каралева Элінор, якая правяла дзесяць гадоў у зняволенні за ўдзел у змове, маладая палюбоўніца караля — французская прынцэса Эліс, кароль Францыі Філіп ІІ Аўгуст ды трое сыноў Генрыха ІІ — Рычард Ільвінае Сэрца, Джэфры і Джон.
Ролю каралевы Элінор Аквітанскай сыграла Бэла Масумян. Актрысу вельмі цікавіў вобраз гераіні: моцнай жанчыны, якая вядзе барацьбу за каханне.
«Праўда — добра, а шчасце лепш» (рэж. Аркадзь Кац)
Бэла Амаўна прызнавалася, што Расціслаў Янкоўскі, заўсёдны партнёр па сцэне, угаворваў яе адмовіцца ад ролі купчыхі. Зразумела, што пры поглядзе на Масумян адразу ўзнікалі асацыяцыі — каралева, арыстакратка... Але актрыса ніколі не адмаўлялася ад магчымасці паспрабаваць сябе ў нечым новым, і Янкоўскі пасля прызнаў, што не меў рацыю ў сваіх сумненнях.
Нагадаем змест вядомай п'есы Астроўскага: багатая і ўладная купчыха Маўра Тарасаўна Барабошава хоча выдаць сваю ўнучку Паліксену замуж за генерала. Але дзяўчына закаханая ў беднага прыказчыка Платона, рэзанёра і праўдалюба. Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, калі б старая нянька Філіцата не прывяла б у дом адстаўнога унтэра Сілу Ерафеіча Гразнова, у якім Барабошава пазнала каханне сваёй маладосці.
Бэла Масумян бліскуча выканала ролю Маўры Тарасаўны. Як гаварыла сама актрыса, ёй было цікава паказаць гледачу не толькі мяшчанку і купчыху, але і жанчыну, якая хацела падавацца ці то асаблівай, неадназначнай, адкрытай, ці то замкнёнай ад усяго свету.
«Пане Каханку» (рэж. Сяргей Кавальчык)
Дзеянне спектакля адбываецца ў XVІІІ стагоддзі, пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай. Галоўны герой Караль Станіслаў Радзівіл атрымаў сваю мянушку «Пане Каханку», бо да ўсіх менавіта так па-добраму і звяртаўся — «пане каханку» — «мой даражэнькі».
Бэла Масумян сыграла Тэафілію, сястру князя. Актрыса распавядала, што гэтая пастаноўка стваралася на падмостках супольна — уклад у спектакль зрабілі ўсе, і драматург, і пастаноўшчыкі з акцёрамі. Бэла Амаўна, напрыклад, прыдумала для вобраза сваёй гераіні жалезную руку — мужная, уладная Тэафілія з'яўляецца на сцэне ў пазалочанай пальчатцы, нібы частцы рыцарскіх латаў.
«Загадкавы візіт» (рэж. Барыс Луцэнка)
Яшчэ да пачатку плённай работы над пастаноўкай Бэла Масумян прызнавалася, што ёй вельмі хочацца сыграць галоўную ролю ў «Загадкавым візіце». Знакамітая п'еса Дзюрэнмата — багаты матэрыял для псіхалагічных эксперыментаў, экзістэнцыяльных пошукаў. Нагадаем сюжэт: у правінцыйнае мястэчка прыязджае вельмі багатая жанчына Клара Цаханасьян. Шмат гадоў таму набожныя жыхары асудзілі яе за лёгкія паводзіны і выгналі. Цяпер яна вяртаецца і дорыць землякам мільярд, патрабуючы ўзамен жыццё аднаго з іх — Альфрэда Іла. Гэта ён калісьці спакусіў і кінуў яе. Добрыя гараджане абураныя. Але нікому з іх ніколі і не сніліся такія грошы.
Што такое справядлівасць? Бэла Масумян разам з гледачамі шукала адказ у гэтай ролі.
«Валянцінаў дзень» (рэж. Валянціна Еранькова)
Сама Бэла Масумян распавядала аб ролі Валянціны няшмат, але яна была ёй дарагая, нездарма менавіта гэты спектакль быў выбраны для бенефісу актрысы ў 2007 годзе. У гэтай ролі Масумян упершыню сустрэлася на падмостках з яшчэ адной беларускай прымадоннай — Наталляй Гайдай, абедзве зоркі ўтварылі бліскучы дуэт.
П'есу, якая лягла ў аснову, напісаў драматург Іван Вырыпаеў. Ён рэгулярна бярэ ўдзел у фестывалі маладой драматургіі «Любімаўка». І ўвогуле лічыцца аўтарам, які вельмі ўмела працуе з постмадэрнізмам. У спектакле «Валянцінаў дзень» глядач трапляе ў дзіўную кватэру, у якой, ненавідзячы і любячы адна адну, жывуць дзве састарэлыя жанчыны: Валянціна і Каця. Аб'ядноўвае іх памерлы Валянцін, якога яны абедзве кахалі. Абстаноўка вельмі нагадвае поле бітвы. Ды і жыццё гераіняў больш падобна да бесперапыннай бітвы на барыкадах.
Бэлу Масумян не палохалі ні эксперыменты, ні звыклая класіка: яна ахвотна працавала ва ўсіх кірунках. Менавіта таму ў яе жыцці было так шмат разнастайных і запамінальных роляў.
Арына КАРПОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aryna-karpovich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] https://zviazda.by/be/news/20201208/1607440138-pamerla-legenda-belaruskaga-teatra-bela-masumyan
[5] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[6] https://zviazda.by/be/tags/bela-masumyan