Чарговы новы аб'ект з'явіўся на сталічным праспекце Пушкіна. Калі ў пачатку тыдня пасля капітальнага рамонту была ўрачыста адкрыта паліклініка № 20, то сёння — павільён новага пакалення РУП «Белсаюздрук». Калісьці на яго месцы стаяў кіёск, дзе таксама можна было набыць свежую прэсу ці сёе-тое з канцылярскіх тавараў. Зараз жа і функцыянал, і асартымент гандлёвага пункта значна пашырыўся.
Як расказаў начальнік упраўлення гандлю і маркетынгу РУП «Белсаюздрук» Аляксандр Дзмітрыенка, новы павільён можна назваць «разумным»:
— Тут ёсць бясплатны Wі-Fі, таксама ёсць магчымасць падзарадзіць мабільны тэлефон. А яшчэ — ацаніць якасць абслугоўвання, паставіўшы адзнаку прадаўцу.
Гэта ўжо не першы такі павільён у горадзе. Сёлета ён стаў ужо сямнаццатым па ліку. Ды і не толькі ў Мінску павільёны змяняюць кіёскі. Шапікі з лагатыпам «Белдрук» з'яўляюцца ў Віцебску, Брэсце, Гродне, Гомелі... Мяркуецца, што да 2025-га дзверы адчыняць да трох соцень новых павільёнаў.
— Як правіла, яны адкрываюцца каля сацыяльных аб'ектаў — дзіцячых садкоў, школ, паліклінік і на прыпынках грамадскага транспарту, — працягвае Аляксандр Дзмітрыенка. — У такім выпадку шматразова павялічваюцца продажы кніг, газет, часопісаў, канцылярскай прадукцыі і нават спадарожных тавараў накшталт ежы. Кіёск, напрыклад, не можа пахваліцца спецыяльнай кавазонай або халадзільным абсталяваннем, дзе захоўваецца марожанае. А тут набыць пачастунак — ніякіх праблем. Да таго ж у халоднае надвор'е ў павільён можна зайсці пагрэцца, а ўлетку — схавацца ад спякоты ў памяшканні, дзе працуе кандыцыянер. Ды і гандаль праз павільён лепшы, чым праз кіёск. Людзі ж хочуць падысці і патрымаць будучую пакупку ў руках...
Адной з першых пакупніц стала Ларыса Васілеўна. Жанчына набыла некалькі газет і зборнікаў красвордаў. Яна вельмі ўзрадавана новаму павільёну.
— Справа ў тым, што ў кіёску часта немагчыма выбраць тавар. Як быццам «падпіраеш» ззаду натоўп людзей, якім трэба купіць талончык на праезд. У выніку пачынаеш мітусіцца і не заўжды купляеш тое, што сапраўды хочацца. У павільёне ж адначасова некалькі пакупнікоў могуць выбраць усё, што падабаецца. А яшчэ павільён лепшы для людзей, у якіх не вельмі добры зрок. Можна спакойна дацягнуцца да часопіса, паглядзець вокладку.
За першыя паўгадзіны працы павільён наведалі пятнаццаць чалавек. Што ж, цяпер адной сучаснай крамай у горадзе стала больш.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Прэв’ю: kaztag.kz
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/belsayuzdruk-0