Дабрачынная акцыя Беларускага дзіцячага фонда (БДФ) «Нашы сэрцы — дзецям», якая праходзіць у межах акцыі «Нашы дзеці», у 29 раз стварае для хлопчыкаў і дзяўчынак чароўны настрой перад надыходзячым Новым годам. Сёлета яна стартавала ў Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага ў Мінску з віншаванняў малым, якія жывуць у вялікіх сем’ях — дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Усяго ж БДФ плануе стварыць свята не менш як для сямі тысяч дзетак па ўсёй Беларусі.
— Улічваючы эпідэміялагічную абстаноўку, мы вырашылі правесці свята на адкрытым паветры. Гэта выдатная магчымасць для дзяцей акунуцца ў атмасферу навагодняга свята і стаць яго актыўнымі ўдзельнікамі, — мяркуе Ірына ЧАРНЯКОВА, намесніца дырэктара Беларускага дзіцячага фонда.
Дзеці выдатна правялі час каля ўпрыгожанай ёлкі, вадзілі карагоды, гулялі і пелі песні. Атрымаўшы падарункі, малыя паглядзелі сферычны анімацыйны фільм у Мінскім планетарыі.
«Найлепшы падарунак — той, пра які будзеш успамінаць з удзячнасцю і цеплынёй у сэрцы ўсё жыццё!», — так адзываліся пра цікавае мерапрыемства яго маленькія ўдзельнікі.
У перадсвяточныя дні дзіцячы фонд разам з выкладчыкамі і студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў ды членамі валанцёрскага клуба СЛОН павіншуюць дзетак, якім больш за ўсё патрэбны ўвага і падтрымка. У рэжыме анлайн плануецца паказаць невялікія анімацыйныя праграмы з конкурсамі, загадкамі і віншаваннямі ад Дзеда Мароза і Снягуркі малым, якія лечацца ў дзіцячым апёкавым аддзяленні Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай хірургіі, дзіцячым аддзяленні РНПЦ псіхічнага здароўя. А яшчэ дзеткам перададуць салодкія падарункі.
— Адчуць радасць ад надыходзячага чароўнага свята, напоўніць сем’і цеплынёй агульных пазітыўных уражанняў, атуліць клопатам дзетак, якія засталіся без родных бацькоў, — важная частка добрых навагодніх і калядных спраў, — упэўнена Юлія КАПЦЭВIЧ, каардынатар праектаў Беларускага дзіцячага фонду.
Усе абласныя аддзяленні БДФ рыхтуюць дабрачынныя праграмы ў сваіх рэгіёнах для дзяцей-сірот, хворых, малых з інваліднасцю, тых, хто ляжыць у бальніцах ці вучыцца ў спецыялізаваных установах. Даведацца, дзе чакаць свята ад БДФ, можна па спасылцы [3].
Ірына СІДАРОК
Фота: Беларускі дзіцячы фонд
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://www.bcf.by/com/news/ru/405.html.
[4] https://zviazda.by/be/tags/nashy-dzeci