Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава сёння стала госцяй інфармацыйна-адукацыйнага праекта «ШАГ» — «Школа актыўнага грамадзяніна» — у сталічнай сярэдняй школе № 118, паведамляе БЕЛТА [3].
Па словах дырэктара ўстановы адукацыі Мікалая Кныша, школа славіцца традыцыямі самакіравання. Тут актыўна развіваюць дзіцячае лідарства праз працу грамадскіх маладзёжных аб’яднанняў. Прадстаўнікі БРСМ, «Белай Русі», дэпутацкага корпуса, адміністрацый раёна, горада, спецыялісты і прафесіяналы розных накірункаў станавіліся гасцямі праекта «ШАГ».
У гэты раз актыў 8-10-х класаў абмяркоўваў тэму «Я родным краем ганаруся і ведаю я не адзін». Намеснік дырэктара па выхаваўчай працы Святлана Пісарэнка нагадала хлопцам пра трылогію Года малой радзімы і даведалася пра іх асацыяцыі з «родным куточкам». Віртуальнае падарожжа праходзіла па ўсёй краіне. Наталля Качанава падчас аповеду аб полацкай зямлі не ўтрымалася і з цеплынёй расказала пра сваю малую радзіму, яе ўнікальную архітэктуру. Школьнікі распавялі пра свае дасягненні і перамогі, дабрачынныя і валанцёрскія праекты.
Самая цікавая частка — пытанні да госці. Адзін з самых актуальных — выбар будучай прафесіі. На думку Наталлі Качанавай, важна, каб школьнікі маглі больш мець зносіны з прафесіяналамі, даведваліся аб практыцы іх дзейнасці, тады ў падрастаючага пакалення будзе менш памылак пры выбары справы ў жыцці. «Калі займаешся справай, якая прыносіць карысць, атрымліваеш задавальненне. І не задумваешся, ці цяжка гэта», — сказала яна.
«Якімі якасцямі павінен валодаць малады чалавек?» — пацікавіўся адзін з вучняў. «Павінен быць адказным, неабыякавым. І патрыётам. Нічога ў жыцці не атрымаецца без любові да мамы, родных, блізкіх, зямлі, дзе нарадзіўся. Галоўнае, каб у табе было гэта пачуццё. Як яго выхаваць? Пытанне да сям’і, бацькоў, школы» , - адказала Наталля Качанава.
На пытанне пра самае патаемнае жаданне на Новы год яна адкрыта адказала: «Мір і спакой у нашай краіне. Каб мы былі адзіныя. Я хачу міру для вас, сваіх і вашых дзяцей, унукаў, праўнукаў».
Пасля пазнавальнага ўрока дзеці разважалі, як яны могуць у дарослым жыцці быць карыснымі для роднай краіны — спецыяльная карта Беларусі запоўнілася планамі добрых спраў. Хтосьці хоча стаць ландшафтным дызайнерам, каб зрабіць Мінск больш зручным для ўсіх гараджан. Хтосьці імкнецца прыносіць славу краіне на міжнародных спаборніцтвах, хтосьці — лячыць людзей, вучыць дзяцей. Але галоўнае — заставацца чалавекам пры любых абставінах, на любых пасадах. І Наталля Качанава цалкам пагадзілася, дадаўшы пры гэтым, што «ніякі інтэрнэт не заменіць чалавечых зносін».
«Мне вельмі спадабалася, ўражанні цудоўныя, — распавяла пасля сустрэчы старшыня Савета Рэспублікі. — Лічу, што мы павінны часцей бываць у школе, сустракацца з хлопцамі, каб пачуць іх думкі, пытанні і данесці тую інфармацыю, якой самі валодаем». Яна пажадала дзецям дасягнення мэтаў і каб абраная прафесія не расчаравала.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/parlament
[3] https://www.belta.by/society/view/mir-i-spokojstvie-v-strane-kochanova-podelilas-zavetnym-zhelaniem-na-novyj-god-421366-2020/
[4] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava