У дзень народзінаў знакамітага італьянскага кампазітара Джакома Пучыні, 22-га снежня, Вялікі тэатр Беларусі зрабіў гледачам падарунак — паказаў оперу-балет «Вілісы. Фатум».
Прэм’ера гэтага спектакля на Беларусі адбылася зусім нядаўна, выклікаўшы захопленыя водгукі. У якасці рэжысёра-пастаноўшчыка дэбютавала цудоўная Аксана Волкава, «каралева меца-сапрана», сусветна вядомая спявачка. Гэта яе дыпломная праца — прымадона ў гэтым годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе рэжысуры. Калісьці для 24-гадовага Пучыні гэты твор таксама аказаўся дэбютам, з якога пачаўся шлях да сусветнай славы.
Дзякуючы мастаку-пастаноўшчыку Этелі Ліошпа, сцэна ператвараецца ў неверагодны, містычны свет, бо асноўная паверхня — старыя люстэркі, у якіх з’яўляюцца выявы, як прывіды і мроі.
Легенда пра здрадлівага жаніха і загубленую ім дзяўчыну, якая ператварылася ў вілісу, ляснога духа альбо русалку, шмат разоў выкарыстоўвалася ў сусветнай культуры. У оперы-балеце «Вілісы. Фатум» яна зрабілася прыпавесцю пра волю і бессмяротнасць душы. Кожная здрада мае быць пакаранай, кожны мае права на каханне і свабоду.
Дзякуючы фатаздымкам і відэа фотакарэспандэнта «Звязды» Яна Хведчына, вы можаце апынуцца ў містычным і прыгожым свеце «Вілісаў».
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Фота Яна ХВЕДЧЫНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/lyudmila-rubleuskaya
[2] https://zviazda.by/be/author/yan-hvedchyn
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyaliki-teatr-belarusi
[5] https://zviazda.by/be/tags/opera-balet