Навацыі ў законах, якія датычацца дзейнасці гаспадарчых таварыстваў, наспелі даўно. Пад гэтыя нормы трапляюць 64 тысячы суб'ектаў гаспадарання краіны, якія створаны ў форме акцыянерных таварыстваў, таварыстваў з абмежаванай (некаторыя — з дадатковай) адказнасцю — а гэта амаль палова ўсіх існуючых на тэрыторыі краіны камерцыйных арганізацый. Таму невыпадкова, што пакуль законапраект рыхтаваўся распрацоўшчыкамі, да яго была вельмі павышаная ўвага. Аб усіх «навінках» і змяненнях сенатарам на заключнай сёлетняй сесіі Савета Рэспублікі расказаў міністр эканомікі Аляксандр ЧАРВЯКОЎ.
Апцыёны працуюць на вынік
Ён паведаміў, што змены датычацца чатырох важных кірункаў: стварэння новых прагрэсіўных інстытутаў, паляпшэння ўмоў функцыянавання гаспадарчых таварыстваў, аховы правоў і інтарэсаў удзельнікаў і павышэння інфармацыйнай адкрытасці гаспадарчых таварыстваў. Разгледзім кожны больш падрабязна.
У дачыненні да новых інстытутаў гаворка ідзе аб трох навацыях. Першая — канвертацыя даўгоў акцый. На думку міністра, гэта найбольш актуальнае, істотнае і радыкальнае змяненне закона.
— Такая неабходнасць абумоўлена патрэбай у развіцці інавацыйных кампаній, пашырэнні магчымасці рэструктурызацыі пазыковых абавязацельстваў гаспадарчых таварыстваў. Законапраектам прапануецца дадзены механізм распаўсюдзіць на ўсе гаспадарчыя таварыствы, — растлумачыў ён.
Наступная навацыя — так званыя апцыёны, калі даецца магчымасць заахвочвання членаў органаў кіравання і іншых ключавых супрацоўнікаў акцыямі (долямі) гаспадарчых таварыстваў. Такая норма стане дадатковым і важным стымулам у павышэнні эфектыўнасці дзейнасці топ-менеджменту і ключавых супрацоўнікаў і, як вынік, дзейнасці самога таварыства. Бо ў такім выпадку актыўныя работнікі становяцца ўласнікамі, што стымулюе іх на дасягненне доўгатэрміновых вынікаў і фінансавай устойлівасці таварыства.
Навацыяй з'яўляецца і надзяленне ўдзельнікаў правам уносіць уклады ў маёмасць таварыства, якія не паўплываюць на павелічэнне статутнага фонду.
На думку міністра, такая норма ў заканадаўстве дазволіць аператыўна паляпшаць фінансавае становішча гаспадарчых таварыстваў, што можа разглядацца як інструмент аздараўлення, а таксама ўцягваць у гаспадарчае абарачэнне невыкарыстоўваемую і неэфектыўна выкарыстоўваемую маёмасць.
Таварыства з адным удзельнікам
Другі кірунак змяненняў у законе звязаны з паляпшэннем умоў функцыянавання гаспадарчых таварыстваў.
— Перш за ўсё гэта нормы аб магчымасці дыстанцыйна ўдзельнічаць як у рабоце агульнага сходу, так і назіральнага савета, — адзначыў Аляксандр Чарвякоў. — Гэта значна спрашчае ўдзел у рабоце як удзельнікаў таварыстваў, так і членаў наглядальных саветаў.
Закладзены таксама новы падыход у рэгуляванні прававога становішча закрытых акцыянерных таварыстваў. Уведзены нормы, якія адмяняюць абмежаванні максімальнай колькасці ўдзельнікаў. Гэта значыць, ЗАТ можа быць з любой колькасцю акцыянераў.
Таксама адмяняецца абавязак пераважнага права куплі акцый. У той жа час ЗАТ па жаданні могуць захаваць пераважнае права. Калі адмовяцца, то акцыянеры маюць магчымасць прадаць свае акцыі любой трэцяй асобе без згоды іншых акцыянераў.
Закон закрануў і такое важнае пытанне, як дзейнасць назіральнага савета. У ім дэталізаваны працэдуры склікання і правядзення пасяджэнняў савета, удакладнёна кола асоб, якія маюць права на ініцыяванне пасяджэнняў, вызначаны парадак абскарджання рашэнняў наглядальнага савета.
Яшчэ адна навацыя з'явілася пасля аналізу практыкі работы з замежнымі ўдзельнікамі, патлумачыў міністр эканомікі. Распрацоўшчыкі прыйшлі да высновы, што асобныя абмежаванні, якія існуюць цяпер, перашкаджаюць стварэнню ў краіне замежных кампаній. У выніку адмяняецца забарона на стварэнне гаспадарчых таварыстваў з адным удзельнікам. Такія падыходы практыкуюць кітайскія інвестары. Акрамя таго, здымаецца абмежаванне колькасці ўдзельнікаў акцыянернага пагаднення.
Для павышэння рэйтынга
Трэці кірунак звязаны з нормамі, скіраванымі на абарону правоў і інтарэсаў удзельнікаў. У гэтым шэрагу трэба адзначыць права ўдзельнікаў на абскарджанне рашэнняў назіральных саветаў, калі такія рашэнні прынятыя з парушэннем заканадаўчых норм і статута таварыства ці парушаны правы і законныя інтарэсы ўдзельніка.
Законам дастаткова падрабязна і дэталёва рэгламентуюцца парадак і тэрміны ўнясення ўдзельнікамі прапаноў у парадак дня як гадавога, так і пазачарговага сходаў. Між іншым, дакладныя правілы і тэрміны правядзення агульнага сходу з'яўляюцца гарантам абароны правоў і інтарэсаў удзельнікаў, што мае значэнне пры ацэнцы Сусветным банкам дзелавога клімату краіны.
І, нарэшце, чацвёрты кірунак навацый звязаны з павышэннем інфармацыйнай адкрытасці. Закон прадугледжвае для ААТ абавязацельства раскрыцця звестак з асноўных планавых дакументаў (стратэгіі прагнозу развіцця, бізнес-плана). У дапаўненне да гадавога сходу ўдзельнікам будзе давацца інфармацыя аб стане чыстых актываў, аб гадавым узнагароджанні (прыбытку) членаў савета дырэктараў і выканаўчага органа таварыства, інфармацыя аб апцыённых праграмах, калі такія будуць.
Міністр перакананы, што ўсе гэтыя меры дазваляюць, па-першае, стварыць новыя формы крыніц інвеставання, па-другое, — магчымасці для фінансавага аздараўлення гаспадарчых таварыстваў, па-трэцяе, — умовы для доўгатэрміновай матывацыі работнікаў таварыстваў і развіцця апцыённых праграм. Акрамя таго, усё гэта палепшыць практыку карпаратыўнага кіравання, узмоцніць абарону правоў удзельнікаў і павысіць рэйтынг нашай краіны ў справаздачы Сусветнага банка «Вядзенне бізнесу».
Сенатары пагадзіліся з гэтымі довадамі і падтрымалі законапраект.
Вольга АНУФРЫЕВА
Прэв’ю: 4esnok.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/biznes
[4] https://zviazda.by/be/tags/menedzhary