У перыяд зімовых канікул, якія будуць доўжыцца з 25 снежня да 10 студзеня, для дзяцей, а таксама іх бацькоў у сталіцы арганізуюць шэраг мерапрыемстваў.
У Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства Міністэрства адукацыі для ўсіх ахвотных прапанаваны экскурсіі, майстар-класы, святочныя праграмы і выставы. Аб гэтым расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Вікторыя САБАЛЕЎСКАЯ.
— Мы зацікаўлены ў тым, каб сем'і праводзілі больш часу са сваімі дзецьмі разам, таму амаль усе мерапрыемствы скіраваны ў тым ліку і на бацькоў. 26 снежня для дашкольнікаў пройдзе навагодняя забаўляльная праграма «Ну, пачакай: у гасцях у Эказнайкі», дзе юныя даследчыкі бліжэй пазнаёмяцца з прыродай. Традыцыйна цэнтр праводзіць конкурс «Лёд. Кветкі. Фантазія», па выніках якога 15 студзеня будзе арганізавана выстаўка найлепшых работ навучэнцаў. На працягу ўсіх канікул будзе функцыянаваць адукацыйная праграма «Падарожжа ў экасвет», у рамках якой усе ахвотныя змогуць наведаць нашу аранжарэю і паглядзець на тое, як растуць розныя ўнікальныя расліны. Зараз, напрыклад, ідзе паспяванне папаі. Таксама можна наведаць акварыум і куток жывой прыроды, у якім сёлета пасяліўся новы жыхар — пітон. З улікам узроставых асаблівасцяў і фізічнай падрыхтоўкі ўдзельнікаў будуць арганізаваны і спартыўна-забаўляльныя праграмы на скаладроме. Да таго ж педагогі цэнтра разам з дзецьмі правядуць творчыя майстар-класы па вырабе ёлачных цацак, а таксама сімвала новага надыходзячага года. Упершыню адбудзецца майстар-клас па малекулярнай кухні, дзе можна ператварыць звыклыя нам стравы ў чароўныя навагоднія карціны. А ў майстар-класе «Юны сіноптык» можна паўдзельнічаць у назіранні за ўмовамі надвор'я і нават самім паспрабаваць сябе ў ролі метэаролага. Традыцыйна будуць функцыянаваць аб'яднанні па цікавасцях, а таксама ўсім ахвотным прапануюць экскурсіі па сталіцы.
У час зімовых канікул дзеці і падлеткі часта гуляюць на вуліцы, катаюцца з горак на цюбінгах ва неўстаноўленых месцах. Такія забаўкі могуць прывесці да трагічных выпадкаў. Аб гэтым расказаў намеснік начальніка аддзела прафілактыкі ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Яўген АБРАМОВІЧ.
— Таму мы сумесна з супрацоўнікамі камунальных службаў абследуем гэтыя тэрыторыі, размяшчаем інфармацыйныя таблічкі, праводзім адпаведныя размовы як з дзецьмі, так і іх бацькамі. Асаблівая ўвага аддаецца падлеткам, якім патрабуецца дадатковае педагагічнае выхаванне. Да гэтай катэгорыі адносяцца тыя, хто знаходзіцца пад наглядам інспекцый па справах непаўналетніх, у сацыяльна небяспечным становішчы.
Супрацоўнік ГУУС нагадаў бацькам: заканадаўствам прадугледжана, што асобы, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту, пасля 23 гадзін на вуліцы павінны знаходзіцца толькі ў суправаджэнні бацькоў або асоб, якія іх замяняюць. «Таксама ўзнікае вялікая праблема з выкарыстаннем піратэхнічных вырабаў. Мы тлумачым, што гэта павінны быць сертыфікаваныя тавары, якія трэба набываць у гандлёвых пунктах, што маюць ліцэнзію. На жаль, ёсць выпадкі траўміравання дзяцей ад піратэхнікі, і іх колькасць у святы штогод узрастае».
Дар'я ШЛАПАКОВА
Прэв’ю: ua-vk.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[4] https://zviazda.by/be/tags/kanikuly