Вось і размяняў год сваю апошнюю дэкаду. Яна амаль адразу адзначылася багатым (хай і мокрым) снегам. Напярэдадні Новага года няўстойлівае надвор'е настрою нам не ўзніме. Праўда, да выхадных уначы злёгку падмарозіць, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
А вось на свята (каталіцкае Раство) 25 снежня надвор'е абумовіць цыклон, які перамяшчаецца з тэрыторыі Польшчы на поўнач Беларусі. Чакаецца воблачнае надвор'е. Уначы часам ападкі, у асобных раёнах па ўсходзе краіны моцныя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Удзень на большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя ападкі, у асноўным снег, мокры снег. Вецер паўднёвы з пераходам на паўночна-заходні ўмераны, удзень парывісты. Тэмпература паветра на працягу сутак ад нуля да 5 цяпла.
У суботу чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. Уначы месцамі, а ўдзень на большай частцы краіны кароткачасовы снег. На дарогах месцамі галалёдзіца. Вецер заходні парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад нуля да мінус 6 градусаў, удзень — ад 3 марозу да 2 цяпла.
Увага!
У сувязі з пагаршэннем надвор'я Дзяржаўтаінспекцыя просіць усіх удзельнікаў дарожнага руху быць вельмі ўважлівымі і асцярожнымі. Кіроўцам рэкамендуюць перад пачаткам руху старанна ачысціць аўтамабіль ад снегу, праверыць наяўнасць шкламыйнай вадкасці, спраўнасць шклоачышчальніка і прыбораў асвятлення. Дзяржаўтаінспекцыя заклікае ўладальнікаў транспартных сродкаў не пакідаць свае аўтамашыны на краі праезнай частцы на доўгі час, каб не перашкаджаць рабоце камунальнай і снегаўборачнай тэхнікі.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-nadvorya-1