Даследчыкі з усіх куткоў краіны аб’ядналіся ў жаданні адлюстраваць агульны гістарычны партрэт нашай Бацькаўшчыны
Вынiкi не толькi 2020 года, але як мiнiмум усяго трохгоддзя Года малой Радзiмы ў галiне беларускага краязнаўства падсумоўвае выданне «Першы Рэспублiканскi краязнаўчы форум Беларусi ў рамках Года малой радзiмы: зборнiк матэрыялаў», якое толькi што пабачыла свет у межах супрацоўнiцтва Нацыянальнага гiстарычнага музея i Беларускага фонду культуры.
На старонках двухтомнага выдання выступiлi 252 аўтары: гiсторыкi, лiтаратуразнаўцы, мастацтвазнаўцы, музейныя работнiкi, бiблiятэкары, журналiсты, школьныя настаўнiкi, экскурсаводы... Дарэчы, варта было б разгледзець нават з сацыялагiчнага пункту гледжання, як даследчыкаў цiкавiць краязнаўства. Пра што матэрыялы, сабраныя пад адной вокладкай? Тэматычна яны падзелены па секцыях згодна з праграмай форуму: «Краязнаўства ў сiстэме навукова-даследчай работы»; «Краязнаўства ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ўстаноў адукацыi»; «Асоба ў краязнаўстве: з гiсторыi бiяграфiй беларускiх краязнаўцаў»; «Экалагiчнае краязнаўства i турыстычная дзейнасць». Асобна вылучаны секцыя «Студэнцкая канферэнцыя «Моладзь i краязнаўства» i канферэнцыя школьнiкаў «Пазашкольнае краязнаўства: вопыт рэгiёнаў». На пленарным пасяджэннi выступiлi з дакладамi: старшыня Беларускага фонду культуры Т. Стружэцкi («Краязнаўства ў Беларусi: здабыткi, праблемы i перспектывы развiцця»), кандыдат гiстарычных навук В. В. Данiловiч («Дзейнасць Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi па даследваннi i папулярызацыi рэгiянальнай гiсторыка-культурнай спадчыны»), А. Я. Кравец («Арганiзацыя краязнаўчай работы ва ўстановах адукацыi Рэспублiкi Беларусь»).
Неабходна нагадаць, што да арганiзацыi краязнаўчага форуму спрычынiлiся органы дзяржаўнага кiравання краiны — мiнiстэрствы iнфармацыi, культуры, адукацыi. Менавiта такое партнёрства паўплывала i на тэматычны «парадак дня» форума, склад яго ўдзельнiкаў, у значнай ступенi — на характар, тэматычныя абсягi выступленняў.
Адметна, што, як вынiкае са старонак зборнiка матэрыялаў, удзельнiкi форуму звярнулiся i да памяцi, i да вопыту папярэднiкаў у краязнаўчай працы. Неаднойчы гучаць iмёны доктара гiстарычных навук Мiкалая Улашчыка, доктара гiстарычных навук, былога дырэктара Мiнскага абласнога краязнаўчага музея Генадзя Каханоўскага, школьных настаўнiкаў — арганiзатараў краязнаўчай работы ў розных рэгiёнах Беларусi Алеся Белакоза, Вiктара Арлова, Рыгора Родчанкi, Iвана Шавеля...
Даклады, выступленнi, змешчаныя ў зборнiку, цiкавыя яшчэ i таму, што з iх вынiкае безлiч сур'ёзных задач, якiя трэба вырашыць у айчынным краязнаўстве ў найблiжэйшыя дзесяцiгоддзi i нават у найблiжэйшыя гады. Праўда, наклад двухтомнага выдання — толькi 140 экзэмпляраў.
Кастусь ЛЕШНІЦА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/kastus-leshnica
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/kultura
[5] https://zviazda.by/be/krayaznaustva
[6] https://zviazda.by/be/tags/krayaznaustva
[7] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[8] https://zviazda.by/be/tags/medyya