Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Міністэрства аховы здароўя Расіі і Расійскі фонд прамых інвестыцый (РФПІ) аб’явілі аб пачатку вакцынацыі насельніцтва Беларусі расійскай вакцынай супраць каранавіруса «Спадарожнік V». Сёння першая партыя вакцыны прыбыла ў Беларусь, паведамляе Міністэрства аховы здароўя [3].
Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч адзначыў, што «імунізацыя застаецца найважнейшым кампанентам у барацьбе з эпідпрацэсам. Сёння ў нас пачнецца новы этап — масавая вакцынацыя супраць COVID-19. Першымі будуць вакцынаваны медыцынскія работнікі, педагогі і тыя спецыялісты, якім у сілу асаблівасцяў прафесіі даводзіцца шмат кантактаваць з людзьмі. Вакцынацыя будзе праводзіцца ў добраахвотным парадку».
Дзмітрый Піневіч таксама дадаў, што ў Беларусі створана сістэма захоўвання вакцыны, якая дазваляе выконваць халадавы рэжым, таксама закуплена спецыяльнае медыцынскае маразільнае абсталяванне, якое дазваляе транспартаваць вакцыну. Дзмітрый Піневіч падзякаваў расійскаму боку за актыўнае ўзаемадзеянне і стратэгічнае супрацоўніцтва ў вырашэнні гэтага пытання.
Міністр аховы здароўя Расіі Міхаіл Мурашка адзначыў, што хуткі доступ Беларусі да расійскай вакцыны стаў магчымы дзякуючы эфектыўнай рабоце беларускай рэгулятарнай сістэмы. «Важна падкрэсліць рацыянальны падыход краіны-суседкі да лакальных клінічных даследаванняў вакцын. Пратакол праведзенага ў краіне даследавання дазволіў у кароткія тэрміны пацвердзіць валіднасць шырокіх расійскіх дадзеных клінічнага вывучэння «Спадарожніка V» для жыхароў Беларусі», – адзначыў Міхаіл Мурашка.
Гендырэктар беларускага Фонду прамых інвестыцый Кірыл Дзмітрыеў заявіў: «Беларусь стала першай замежнай дзяржавай, якая афіцыйна зарэгістравала вакцыну. Сёння Беларусь таксама стала першай краінай, дзе пачынаецца шырокая вакцынацыя насельніцтва прэпаратам «Спадарожнік V». Наступным этапам супрацоўніцтва РФПІ і партнёраў стане арганізацыя выпуску гатовай формы вакцыны ў Беларусі, што істотна спросціць лагістыку, дазволіць паскорыць тэмпы вакцынацыі і пашырыць прафілактыку захворвання».
Прэв’ю: ТАСС
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[3] https://t.me/minzdravbelarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[5] https://zviazda.by/be/tags/statystyka
[6] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus