Дэлегатаў на VI Усебеларускі народны сход абралі сёння на пасяджэнні Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў, паведамляе БЕЛТА [2].
«Брэсцкі гарвыканкам пры падрыхтоўцы да сходу вызначыў квоту па дэпутатах мясцовых Саветаў і прадстаўніках грамадскіх аб’яднанняў. Ад нашага гарадскога дэпутацкага корпуса паедзе 34 дэлегаты: 26 чалавек ад гарадскога Савета дэпутатаў і восем — ад аблсавету, якія былі абраныя па акругах Брэста. Усяго горад на Усебеларускім народным сходзе прадставяць 77 чалавек», - адзначыў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы гарвыканкама Аляксандр Саўчанка.
Паводле яго слоў, гэта людзі рознага сацыяльнага статусу і прафесій, у тым ліку рабочыя, вайскоўцы, кіраўнікі прадпрыемстваў. «Праца па падрыхтоўцы да УНС толькі пачалася. У бліжэйшы час (думаю, пасля навагодніх святаў) будуць вызначаныя тэмы, якія ўдзельнікі ад Брэста змогуць падняць на сходзе. Будуць улічаны і пытанні, атрыманыя падчас правядзення дыялогавых пляцовак. Цяпер яны акумулююцца, каб затым выпрацаваць канкрэтныя прапановы», - дадаў Аляксандр Саўчанка.
Адным з кандыдатаў для ўдзелу ва Усебеларускім народным сходзе стаў дэпутат Брэсцкага гарсавета Сяргей Кісялевіч. Ён адзначыў, што Брэсцкая вобласць рыхтуе пакет прапаноў, якія тычацца і змяненняў у Канстытуцыю, і перспектыў развіцця розных сфер. «Гэтыя прапановы ўлічваюць меркаванні, якія былі сабраныя ў грамадскіх прыёмных. Думаю, яны знойдуць адлюстраванне ў рашэннях, якія будуць прыняты на УНС, — сказаў ён. — Напрыклад, асаблівасць Брэсцкага рэгіёна — вялікая колькасць шматдзетных сем’яў. Адна з прапаноў тычыцца большай падтрымкі інстытута сям’і»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://www.belta.by/regions/view/brest-na-vi-vsebelorusskom-narodnom-sobranii-predstavjat-77-delegatov-422162-2020/
[3] https://zviazda.by/be/tags/vi-usebelaruski-narodny-shod