У Мінску прайшла рэспубліканская спартакіяда сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і спартыўна-дзіцячых юнацкіх школ алімпійскага рэзерву па грэка-рымскай барацьбе. Удзел у спаборніцтвах прынялі маладыя барцы 2004-2005 гадоў нараджэння. Усяго — 235 чалавек. Гэта апошні старт беларускіх барцоў у 2020 годзе.
Больш за ўсё медалёў заваявалі маладыя спартсмены з Гомеля і Гомельскай вобласці, Мінска і Мінскай вобласці, Гродзенскай вобласці. Усяго на дываны Палаца спорту выйшлі прадстаўнікі 30 спартыўных школ з усёй краіны.
Данііл Марзан, вучань дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы «Жамчужына Палесся» горада Мозыра, перамог у вагавай катэгорыі 48 кілаграмаў. У свае 14 гадоў барацьбой ён займаецца ужо дзявяты год: «Для мяне важная гэтая перамога. Яна паказала, што я працую недарма. Я хачу падзякаваць маім трэнерам за тое, што выхавалі мяне як сапраўднага мужчыну, спартсмена. І вялікі дзякуй бацькам за тое, што вырасцілі такога цудоўнага сына. І дзякуй усім, хто мяне падтрымліваў. Наступныя важныя спаборніцтвы ў меня запланаваны на красавік, і зараз я пачну да іх сур’ёзна рыхтавацца. А пакуль буду радавацца навагодняму падарунку, які зрабіў сам сабе, бо лепшы падарунак для спартсмена — перамога на спаборніцтвах».
Для спартсменаў такія спаборніцтвы — выдатная магчымасць праверыць свае сілы, вывучыць сапернікаў і паказаць сябе на ўсю краіну. Трэнерам і кіраўніцтву Беларускай федэрацыі барацьбы спартакіяда дала шанец праверыць і ацаніць спартыўны рэзерв.
«У пачатку 2020 года мы выступілі на чэмпіянаце Еўропы, на міжнародным турніры ў Ніцы. Нягледзячы на пандэмію і адмену спаборніцтваў, спартсмены пастаянна трэніраваліся. Не магу сказаць, што мы зусім не бароліся, бо ў нас было шмат рэспубліканскіх турніраў. Мы працавалі амаль што ў планавым рэжыме. І сённяшні турнір — выдатная магчымасць праверыць, хто як працаваў гэты час. Увогуле за спаборніцтвамі «малых» заўжды цікава назіраць. Яны непрадказальныя, выконваюць шмат прыёмаў. Цікавая барацьба, зусім інакш успрымаецца, чым дарослая. У гэтых спартсменаў яшчэ ўсе наперадзе. На жаль, у нас ёсць такая тэндэнцыя: барцы, якія добра праяўляюць сябе на юнацкім узроўні, на дарослым высокіх вынікаў амаль не паказваюць. Я спадзяюся, многія са спартсменаў, якіх мы зараз бачым на дыванах, стануць выключэннем», — адзначыў галоўны трэнер нацыянальнай каманды па грэка-рымскай барацьбе Уладзімір Капытоў.
Спартсменам нельга без спаборніцтваў
Старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Камандар Маджыдаў не толькі падзяліся ўражаннямі ад турніру, але і падвёў вынікі 2020 года: «Я задаволены, што зараз на нашай спартакіядзе выступае 235 спартсменаў. Гэта значыць, што наша барацьба была, ёсць і будзе. Але хацелася б браць не колькасцю, а якасцю. Я ўважліва назіраў за спаборніцтвамі і адзначыў некалькі моцных хлопцаў. Калі з гэтых 235 спартсменаў, хаця б 30-40 пяройдуць у зборную, — будзе добра.
Калі казаць пра ўсю барацьбу, то гэта быў цікавы і цяжкі год. Пачаўся ён добра, нашы спартсмены заваявалі восем медалёў на чэмпіянаце Еўропы. У канцы году спартсмена парадавалі выступленнем на індывідуальным Кубку свету, адкуль прывезлі 10 узнагарод, у ліку якіх — два залатых медалі. Увесь год мы працавалі, спартсмены трэніраваліся, таму што мы праводзілі ўсе рэспубліканскія турніры. Спартсменам трэба не толькі пастаянна трэніравацца, але і паказваць вынік сваёй працы на спаборніцтвах.
Галоўная задача ўсёй федэрацыі на 2021 год — заваяванне алімпійскіх ліцэнзій. У нас ужо ёсць адна ў грэмка-рымскай і адна ў жаночай барацьбе. Патрэбна пуцёўка на алімпіяду для вольнай барацьбы, заваяваць якую можна на чэмпіянаце Еўропы ў красавіку і на ліцэнзійных турнірах, запланаваных на вясну.
У новым годзе я жадаю ўсім, у першую чаргу, здароўя. Без яго не будзе ніякіх спартыўных вынікаў. 2021 — год быка, мой год, таму я зычу ўсім поспехаў і ўдачы ў новым годзе».
Валерыя СЦЯЦКО
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport