Узімку сэрцам любога горада становіцца каток. Рамантычнае спатканне, вясёлы вечар з сябрамі, сямейны адпачынак — на катку магчыма ўсё. Лядовыя пляцоўкі ёсць у кожным раёне сталіцы. А па-за яе межамі — у кожным населеным пункце, дзе ёсць лядовы палац. Пагадзіцеся, слізгаць і часам нават падаць куды намнога больш прыемна на роўным лёдзе пад вясёлую музыку ў кампаніі блізкіх людзей, чым на вуліцы. Але і ў такой універсальнай і ўсімі любімай забаўкі, як катанне на каньках, ёсць пэўныя правілы. Іх выкананне зробіць ваш адпачынак бяспечным і захапляльным. Начальнік каманды — старшы трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па фігурным катанні на каньках Яўгенія Шавель дала чытачам «Звязды» завочны майстар-клас.
Парада першая: канькам усе ўзросты пакараюцца
Навучыцца катацца на каньках можна ў любым узросце. Прынцып навучання дарослых і дзяцей нічым не адрозніваецца, акрамя таго што дарослым трэба пазбаўляцца ад страху. Дарослы разумее, што трэба адарваць нагу і зрабіць крок, але на каньках ён баіцца гэта зрабіць. Самае галоўнае на этапе навучання — адштурхнуцца і паехаць на дзвюх нагах, пасля гэтага вы навучыцеся адчуваць канькі і справа наладзіцца. Але ў дарослых гэты этап займае больш часу, чым у дзяцей. Ім неабходна па пяць разоў тлумачыць, што патрэбна паставіць нагу дыяганальна і паехаць прама і потым другую нагу занесці такім жа чынам. Галавой яны разумеюць, як што выконваць, але ім цяжка рабіць гэта целам і яшчэ цяжэй перамагчы свой страх.
Дарослыя задаюць вельмі шмат пытанняў. Часцей за ўсё пытаюцца, як перанесці вагу з правай нагі на левую, з якой часткі цела трэба пераносіць вагу ў першую чаргу. Лыткі, сцёгны, таз, плечы — у такой паслядоўнасці пераносіцца вага. Патрэбна навучыцца адчуваць сваё цела, тады будуць развівацца спартыўная памяць і каардынацыя. Як толькі дарослы чалавек адчуе сваё цела на сваіх «новых нагах», якімі становяцца канькі, ён можа вучыць розныя практыкаванні. Аматары лёгка могуць скакаць, бегаць на каньках, ездзіць заднім ходам. Паўтаруся, самае галоўнае — перамагчы свой страх і адчуць, як раўнавага пераносіцца з адной нагі на другую. Рабіць першыя крокі на каньках лепш за ўсё каля борціка, але дазваляючы сабе яго адпусціць. Дам, магчыма, шкодную параду: калі ваш сябар упэўнена стаіць на каньках і проста баіцца адысці ад борціка, яго можна акуратна выцягнуць у цэнтр. Гэта будзе здаровым псіхалагічным штуршком.
Дзяцей лепш за ўсё ставіць на канькі ў чатыры гады. Гэта аптымальны ўзрост, калі дзіця ўжо сфарміравана і фізічна, і псіхалагічна. Калі бацькі ўпэўнена катаюцца на каньках, то яны могуць самастойна навучыць дзіця. Бацькам, якія самі толькі вучацца, лепш не рызыкаваць. Для дзяцей ёсць спецыяльны трэнажор — «пінгвін». Ён мае вялікі пункт апоры і дзіця, трымаючыся за яго, займае звычайнае становішча, не згінаецца і пры гэтым адштурхоўваецца ножкамі. Гэта бяспечна і эфектыўна. Няхай хвілін 20 малое пакатаецца з «пінгвінам», прывыкне да канькоў, лёду. А потым можна прапанаваць яму проста пахадзіць па лёдзе, як па падлозе.
Парада другая: канькі замяняюць фітнес
Катацца на каньках можна людзям любога ўзросту і вагі. Але высокім будзе крыху складаней. Цэнтр цяжару ва ўсіх адзін, і тым, у каго цела даўжэйшае, складана справіцца з заносам на лёдзе. Высокаму чалавеку патрэбна больш часу, каб навучыцца катацца на каньках, чым таму, хто ніжэйшы. Звярніце ўвагу: амаль усе паспяховыя прафесійныя фігурысты невысокага росту. Вага ўвогуле ні на што не ўплывае. За выключэннем выпадкаў, калі чалавеку цяжка паварочвацца і варушыць рукамі і нагамі. Але гэта магчыма выправіць. У спалучэнні з правільным рэжымам харчавання катанне на каньках можна выкарыстоўваць як спосаб пахудзення.
Увогуле канькі могуць лёгка замяніць фітнес. Выдатна развіваецца вынослівасць, трэніруецца дыхальная сістэма. Падчас катання задзейнічаны ўсе групы мышц. Калі трэба падкачаць ягадзіцы, рукі, ногі, дастаткова чаргаваць рухі і проста слізгаць на каньках. Каб патрэніраваць рукі, варта праехаць адзін круг з рукамі наверсе, а другі — склаўшы рукі ў замок за спінай. Робячы выпад уперад, вы трэніруеце заднюю паверхню цела, выпад назад — пярэднюю паверхню. Выдатнае практыкаванне «змейка» — трэніруе ўвесь арганізм, а вам трэба толькі коўзацца злева направа, справа налева. Чым багацейшая ваша фантазія — тым больш практыкаванняў можна прыдумаць.
Гэтыя практыкаванні не адносяцца да прафесійнага фігурнага катання, гэта базавы комплекс, які выконваюць дзеці ў першыя месяцы навучання. І яны вельмі простыя — звычайнае слізганне на дзвюх нагах. Выконваючы такія практыкаванні тры разы на тыдзень, за месяц можна лёгка дасягнуць жаданай формы.
Парада трэцяя: галоўная дэталь гардэроба — шкарпэткі
На катку патрабуецца асаблівы дрэс-код. Адзенне павінна быць не вельмі цёплае і не вельмі халоднае, але каб не скоўвала рукі. Аматарам можна катацца і ў джынсах, але лепш апрануць звычайныя спартыўныя стрэйчавыя штаны з цёплай падкладкай. Нягледзячы на тое што на катку холадна, дастаткова звычайнай баваўнянай кофты і камізэлькі, якую можна зняць, калі стане горача. Такое адзенне дапаможа целу разагрэцца да патрэбнага ўзроўню. З разагрэтым целам здараецца менш траўмаў ці мікратраўмаў. Як мама, сваім дзецям на каток я заўжды апранала штаны на цёплым сінтэпоне, яны дастаткова мяккія, цёплыя і не прамакаюць. На цела — майку, баваўняны гольф. Абавязковыя для дарослых і для дзяцей шапка і пальчаткі. Лёд «драпаецца», і пальчаткі ахоўваюць далоні. А шапка патрэбна не толькі для таго, каб змякчыць удар галавой, але і каб не застудзіць вушы. На кожным катку розная тэмпература. Напрыклад, каток на «Мінск-арэне» дастаткова цёплы, на «Чыжоўка-арэне» — халодны. Плюс ад руху на лёдзе ўзнікае вецер.
Важна звярнуць увагу на шкарпэткі. Ваўняныя шкарпэткі строга забаронены. На каток апранайце толькі баваўняныя. Па-першае, яны забяспечваюць гігіену ног. Па-другое, у такіх шкарпэтках прасцей стаяць на каньках. Калі машына едзе, ёй на шыну не надзяваюць шкарпэткі. Чым танчэйшы матэрыял і чым меншая адлегласць паміж бацінкам і нагой, тым лепш адчуваецца канёк. Ён становіцца працягам нагі, рухаецца, паварочваецца разам з целам — і гэта ўсё патрэбна ўлічваць. Адчуваючы апору, прасцей прывыкнуць да яго і навучыцца катацца.
Парада чацвёртая: памер мае значэнне
Залог паспяховага катання — правільны выбар канькоў. Ідэальныя канькі павінны быць зроблены са скуры звонку і з замшы ўнутры. Надзяваючы бацінак канька, трэба праверыць, ці шчыльна ён аблягае ступню. Памер бацінка павінен быць на 0,5 сантыметра большы за звычайны памер абутку. Праверыць гэта можна толькі па сцельцы. Засоўваючы палец у бацінак, каб праверыць памер, вы вызначаеце гэтым неабходны запас у 1,5 сантыметра. Самае галоўнае — каб нічога не ціснула. Варта пахадзіць у каньках па краме, папрысядаць. Бацінак канька павінен быць не мяккі і не цвёрды. Канешне, у кожнага свае перавагі, фірмы выпускаюць канькі рознай шчыльнасці, таму выбраць ёсць з чаго. Увогуле канькі варта выбіраць як тапачкі, каб нагам было камфортна.
Беручы канькі ў арэнду на катках, часта няма магчымасці шукаць ідэальны для сябе памер. Але для катання на 45 хвілін гэта не крытычна. Вялікае значэнне мае ступень заточанасці ляза. Вельмі вострае лязо мае моцную счэпку з лёдам, таму немагчыма будзе адштурхнуцца. А з вельмі тупымі лёзамі не атрымаецца спыніцца.
Парада пятая: падайце правільна
Лепш за ўсё на катку не падаць і да апошняга трымацца на нагах. Але калі «палёт» непазбежны, падайце правільна. Трэба старацца максімальна страхаваць сябе рукамі, падстаўляючы іх пад сябе, а не групавацца. Рукі выцягвайце наперад. Лепш падаць на бок, так вы зберажэце твар, рукі, хвасцец. Лепш ударыцца сцягном, чым хвастцом ці патыліцай. Групавацца варта толькі пры «палёце» ў борцік катка. У такім выпадку, выцягваючы рукі наперад, вы рызыкуеце іх зламаць.
На прасторах інтэрнэту можна знайсці «страшылкі» аб тым, што чалавека, які ўпаў, могуць моцна парэзаць чужым каньком. На жаль, такое сапраўды можа здарыцца ў рэальнасці, але толькі ў выпадку, калі вы ўпалі і працягваеце ляжаць на лёдзе. Пры падзенні перш за ўсё патрэбна прыбраць рукі з лёду, сесці, абаперціся на калена і падымацца. Калі вельмі цяжка ўзняцца, можна абаперціся і рукамі, але яны павінны быць максімальна блізка да вашых канькоў, і важна, каб побач ніхто не ехаў.
Парада шостая: упэўнены погляд арла
Катаючыся на каньках, нельга глядзець уніз. Калі галава нахілена ўперад, плечы і ягадзіцы адстаўлены назад, і вы проста стаіце на зубцах лёзаў. Рухацца ў такім становішчы цела амаль немагчыма і небяспечна. Гледзячы наверх, вы стаіце на пятках, катацца такім чынам таксама немагчыма. Патрэбна заняць такое становішча, каб лязо канька было пасярэдзіне — максімальна роўная спіна, рукі свабодна рухаюцца ў розныя кірункі, ногі мяккія, вочы накіраваны ўперад.
Парада сёмая: атрымлівайце задавальненне
Калі вы катаецеся на каньках, у вас паляпшаецца цыркуляцыя кіслароду ў крыві, яна становіцца больш насычанай і хутчэй пераносіць кісларод па арганізме. Падчас пандэміі гэта вельмі важна. Дзякуючы канькам трэніруецца дыхальная сістэма.
І самае галоўнае — катанне на каньках зараджае пазітывам і збліжае людзей.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/figurnae-katanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/maystar-klas
[6] https://zviazda.by/be/tags/yaugeniya-shavel