На каляднай вандроўцы з пошукам месцаў, прывязаных да зімовых свят, адкрываюцца старонкі з жыцця старога горада. Напрыклад, можна ўбачыць, як вуліцы перасякала конка. Даведацца, дзе ішоў бойкі гандаль і нават якую шкоду сто гадоў таму прыносілі козы — ходзячы ўвосень і ўзімку самапасам, свойскія жывёлы аб'ядалі кару каштанаў, якімі была абсаджана вуліца Шырокая, сёння Куйбышава, з-за чаго дрэвы гінулі. Мы высвятляем, дзе размяшчалася шапіто, і бачым архіўныя здымкі, на якіх па мінскіх вуліцах хадзілі сланы.
Снег
А пачынаецца наша каляндная вандроўка з Аляксандраўскага сквера, куды ў 30-х гадах мінулага стагоддзя гараджане хадзілі набываць ёлкі. Дарэчы, сфарміраваўся сквер у ХІХ стагоддзі, у той час яго называлі Новым рынкам, а забудову, што была абапал — Новым горадам.
Побач са скверам размяшчалася Пакроўская царква, куды гараджане хадзілі на святочныя службы на Раство. Мала хто ведае, што каркас храма быў выкарыстаны пры пабудове Дома афіцэраў, і нават яшчэ можна пабачыць яго сутарэнні, калі завітаць у бар, што размясціўся ў падвальных памяшканнях.
Балі, маскарады праходзілі ў гарадскім тэатры, які быў пабудаваны ў 1890 годзе (цяпер тэатр імя Янкі Купалы). Пры дапамозе спецыяльных прыстасаванняў сцэна і глядзельная зала тут ставіліся на адным узроўні.
Ведаеце, за што ласуны не любілі адміністрацыю тэатра? Справа ў тым, што ў канцы 1936—1937 годзе ў горадзе зноў стала прадавацца марозіва. Пламбір, праўда, быў у святочным калядным меню мінскіх рэстаранаў і да рэвалюцыі, але пасля на яго продаж доўга дзейнічала забарона. А ў 1930-я была наладжана вытворчасць марозіва, яно прадавалася па цэнах, даступных для ўсіх. Таму і елі яго паўсюль, у тым ліку падчас паказу спектакляў ці фільмаў. Пасля пражэрлівых гледачоў заставаліся горы смецця, што, натуральна, не падабалася кіраўнікам тэатраў і кінатэатраў, і яны выступалі супраць продажу згаданага ласунку. За гэта газеты іх клеймавалі «марозіваненавіснікамі».
Калі ў наш час будынак Купалаўскага тэатра рэканструяваўся, аказалася, што пад падлогай захавалася багата абгортак ад ласуноў розных гадоў, у тым ліку тых, што тут пабывалі яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы. Па надпісах на абгортках можна прасачыць эпоху, напрыклад, як пазначана месца вытворчасці: Пецярбург, Петраград, Ленінград...
Мала хто памятае, што раней перад тэатрам стаяў помнік Янку Купалу, які пасля пераехаў у Вязынку. Музейшчык Павел Каралёў, які праводзіць гэтую экскурсію, расказвае, як у 1909 годзе Купала запрасіў у тэатр сваю будучую жонку Уладзіславу Станкевічанку. Калі пара выйшла з прэм'еры спектакля «Снег», з неба сыпаліся буйныя белыя камякі. Раніцай з пасыльным паэт перадаў свежанькі снежны верш Уладзіславе.
Яшчэ адзін храм, куды вернікі хадзілі на Раство, стаяў на сучасным праспекце Незалежнасці, недалёка ад выхаду са станцыі метро «Кастрычніцкая». У 1930-я яго пераабсталявалі пад першы ў Беларусі дзіцячы кінатэатр. Падчас Вялікай Айчыннай вайны будынак моцна пацярпеў, і яго прыбралі.
Зімовыя забавы
З размахам святы адзначалі ў палацы гарадскога галавы — Яна Караля Чапскага. А сабраныя падчас іх ці атрыманыя з латарэй грошы перадаваліся бязбацькавічам, ішлі гарадскім прытулкам.
Да рэвалюцыі жыхары Мінска любілі адпачываць у Губернатарскім садзе (сёння парк імя Горкага). Там нават быў пабудаваны велатрэк. Узімку ён заліваўся вадой, і там можна было пакатацца на каньках.
У 1934-м быў пабудаваны стадыён «Дынама». На ім да і пасля вайны таксама рабілі каток. 1936 год, напрыклад, аматары здаровага спосабу жыцця сустракалі на стадыёне — ладзіўся вялікі карнавал на лёдзе, а на наступны дзень тут ужо адбывалася дзіцячая праграма, прысвечаная навагоднім канікулам.
Перад святамі дарэвалюцыйныя газеты стракацелі аб'явамі рэстаранаў, якія на навагодняе меню прапаноўвалі булён з піражком, асятрыну, дзічыну, шампанскае, пламбір, абяцалі «аркестр музыкі», падарункі дамам.
Сярод самых папулярных рэстаранаў таго часу — «Акварыум», «Парыж», «Фрыц». Апошні размяшчаўся па Губернатарскай вуліцы (сёння Леніна). Яна была адной з самых модных і арыстакратычных у старым горадзе. І яшчэ яе можна было б назваць першай пешаходнай вуліцай горада. Справа ў тым, што тут размяшчалася багата крамаў, і ўвечары народ запаўняў усю праезную частку. Адзінае, людзі мусілі прапускаць конку. А з конікамі, што па рэйках цягнулі вагончыкі, здараліся і пэўныя кур'ёзы. Так, у пачатку ХХ стагоддзя падчас сустрэчы Новага года пры павароце конкі на рагу Губернатарскай і Захар'еўскай адзін з конікаў сарваўся з вупражы і галавой уляцеў у акно рэстарана «Фрыц».
Пасля рэвалюцыі рэстаран «Фрыц» страціў увесь свой бляск, пра што ў 1926 годзе згадваў драматург Францішак Аляхновіч: «Перад рэвалюцыяй гэта быў першарадны рэстаран, цяпер — брудная савецкая сталоўка з падлогай, пасыпанай апілкамі».
На святы многа людзей збіралася на плошчы Свабоды (раней Высокі рынак, Саборная плошча), дзе размяшчалася багата храмаў. Ішлі на службу гараджане і ў Чырвоны касцёл. Дарэчы, неяк узімку, калі касцёл пасерабрыла шэрань, будынкам залюбаваўся Максім Багдановіч. Родным і знаёмым паэта трэба было прыкласці немалыя намаганні, каб звесці яго з вуліцы. Усё ж Максім хварэў на сухоты, і трэба было клапаціцца пра яго здароўе.
І сто гадоў таму Мінск не абыходзіўся без феерверкаў. Пра адзін з такіх запускаў доўга ўспаміналі ў горадзе. Так, браты Плявакі са свайго саду запусцілі ракету. Паляцела яна пад вуглом 45 градусаў, ударыла ў выступаючы комін паліцэйскага ўчастка, зрыкашэціла на дах, чым выклікала страх сярод гарадавых, якія там знаходзіліся. Хутка стала вядома, што гэта хлопцы Плявакі, якія ў ваколіцах Траецкага рынку былі вядомыя сваімі свавольствамі, пускаюць агні. Гарадавы «наведаў» неслухаў, пасварыўся і забраў другую ракету. Калі дахаты вярнуўся бацька, сыны расказалі пра інцыдэнт і пажаліліся на канфіскацыю. Разгневаны старэйшы Плявака пайшоў ва ўчастак (ён быў з гарадавым за панібрата), забраў ракету і загадаў дзецям: «Ну, хлопцы, стрэльніце яшчэ раз». Можна было б і не гаварыць, што малойчыкі адразу ж выканалі яго загад, толькі гэтым разам ракета паляцела высока ў неба.
Эвалюцыя свята
Да XVІІІ стагоддзя ўсё ж галоўным зімовым святам для беларусаў былі Каляды, нават сам выраз «Новы год» не ўжываўся. Шляхта адзначала Сільвестра — свята ў гонар дня гэтага святога акурат выпадала на 31 снежня.
Папулярнымі тады былі кулігі. Спачатку двое шляхціцаў прыязджалі ў госці да трэцяга, там гудзелі некалькі дзён, а пасля ўтрох ехалі да чацвёртага, аб'ядалі яго, і далей кампанія ехала да пятага, да шостага, сёмага... Карацей, гулянні зацягваліся.
За савецкім часам пачалася барацьба з рэлігіяй і, канешне, з Калядамі. Была спроба замест іх прыдумаць новыя «чырвоныя» святы. Праўда, яны не прыжыліся.
Нават барацьба супраць высечкі елачак (маладняку, які з цягам часу мог бы ператварыцца ў карысную драўніну) не давала плёну.Так, у 20-х гадах газеты пісалі пра нейкага спекулянта, што нагрузіў ельнікам сем платформаў (40 тысяч штук) для вывазу ў вялікія гарады.
У сярэдзіне 1930-х гадоў навагоднія ёлкі і Дзяды Марозы былі рэабілітаваныя.
Адгукніцеся!
Гісторыю дапамагаюць аднавіць не толькі старыя газетныя публікацыі і дакументы. Яна захоўваецца і ў рэчах. Павел Каралёў паказаў рарытэт, які быў перададзены для музейнага праекта «Куфар старажытнасцяў». Гэта запрашальны білет на навагоднюю ёлку прафсаюзаў 1946 года. У той год 3 студзеня ў самым цэнтры Мінска на плошчы Свабоды ў будынку гасціннага двара адбылася жахлівая трагедыя. Падчас пажару на навагодняй ёлцы загінула па афіцыйных звестках 30 дзяцей, але магчыма ахвяр было больш. Сустрэча адбывалася ў клубе НКДБ, дзверы ў будынку аказаліся зачыненыя. Ратуючыся ад полымя, хлопцы і дзяўчаты вымушаны былі скакаць з вокнаў трэцяга паверха... На помніку на Вайсковых могілках, дзе пахаваныя ахвяры, нават не пазначана дата трагедыі і прычына, у выніку якой загінулі падлеткі.
Уладальніцы таго запрашэння пашчасціла выжыць, на білеце яе знаёмыя ў 1951 годзе пакінулі надпіс: «Валька! Жыві для нашага шчасця. Відаць, лёс захаваў цябе для шчасця...» На жаль, пакуль невядома прозвішча гэтай жанчыны. Рарытэт быў знойдзены ў пункце прыёму макулатуры. Просьба адгукнуцца тых, хто ведае, каму мог належаць гэты запрашальнік.
Магчыма, у вас захоўваюцца рэчы, па якіх можна чытаць гісторыю, старыя фатаграфіі, паштоўкі, афішы, звязаныя з падзеямі, што адбываліся ў горадзе, альбо на якіх захаваліся выявы старых вуліц і будынкаў. Калі вы хочаце падзяліцца гэтай памяццю, рарытэты з інфармацыяй пра тых, каму яны належалі, можна перадаваць для музейнага праекта па захаванні спадчыны «Куфар старажытнасцяў».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА і аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/kalyady
[4] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/svyaty
[6] https://zviazda.by/be/tags/zima