Сёння дэлегатаў на VI Усебеларускі народны сход зацвердзіў пазачарговы савет Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь».
Напярэдадні яго пасяджэння намеснік кіраўніка арганізацыі Аляксандр Шацько ў размове з журналістамі расказаў аб тым, як ішло вылучэнне кандыдатаў у дэлегаты. Гэта быў даволі складаны працэс, бо канкрэтных квот на кандыдатуры не было. Тым не менш, паводле слоў Аляксандра Шацько, актывісты «Белай Русі» вылучылі больш за 230 чалавек у якасці кандыдатаў на сход. Усе яны разам нібы ўяўляюць сабой зрэз грамадства, сукупнасць асоб, якія складаюць яго сацыяльную аснову. Сярод вылучэнцаў людзі самых розных прафесій: рабочыя, настаўнікі, медыцынскія работнікі, будаўнікі, прамыслоўцы, прадпрымальнікі, кіраўнікі вядомых у краіне прадпрыемстваў, прадстаўнікі органаў мясцовай улады, дэпутаты Саветаў розных узроўняў.
Аляксандр Шацько звярнуў увагу і на тое, што многія кандыдаты ў дэлегаты шмат папрацавалі па прапановах да сходу, арганізоўвалі і актыўна ўдзельнічалі ў «круглых сталах», на дыялогавых пляцоўках у сваіх рэгіёнах, выказвалі слушныя прапановы па розных актуальных палітычных, ідэалагічных, эканамічных пытаннях нашага жыцця, у прыватнасці, дзяржаўнага будаўніцтва, развіцця партыйнай сістэмы і г. д. Напрыклад, гучала прапанова ўкараняць змешаную выбарчую сістэму.
Аляксандр Шацько закрануў папулярную сёння сярод многіх членаў «Белай Русі» тэму стварэння партыі народнага адзінства. Пытанне спрэчнае і неадназначнае, бо многія актывісты аб’яднання не хочуць працаваць у партыйнай сістэме: на іх погляд, у складзе грамадскай арганізацыі больш магчымасцей для крэатыву, манеўру, няма барацьбы за палітычнае лідарства.
— Але калі мы і будзем ствараць нейкую партыйную структуру, то ў кааліцыі з іншымі грамадскімі арганізацыямі. Проста мы добра структураваныя і маем свой рэсурс у кожным рэгіёне, — сказаў намеснік кіраўніка арганізацыі.
Між тым, для аб’яднання мінулы год быў у значнай ступені выпрабавальным. Немалая частка людзей, прыкладна тры з паловай тысячы, адмовіліся ад членства ў «Белай Русі». З іншага боку, у гэта грамадскае аб’яднанне ўступілі амаль пяць тысяч новых аднадумцаў і прыхільнікаў, адзначыў Аляксандр Шацько.
У сваю чаргу старшыня савета Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Генадзь Давыдзька звярнуў увагу прысутных на складанасць моманту і абставін, у якіх адбудзецца Усебеларускі народны сход. А гэта значыць, што сам час нібы ўзнімае на новую прыступку адказнасць кожнага дэлегата за будучыя вынікі работы сходу.
Зацвярджэнне дэлегатаў прайшло арганізавана, дакладна і без нечаканасцей. Варта адзначыць, што ў кожнай абласной дэлегацыі былі свае асаблівасці па фармаванню корпуса кандыдатаў. Напрыклад, палову дэлегатаў з Віцебска склалі педагагічныя работнікі. Тлумачыцца гэта тым, што ў абласной арганізацыі «Белай Русі» палова яе членаў — настаўнікі.
Многія кандыдаты прыехалі ў Мінск з канкрэтнымі ідэямі і планамі. Святлана Вараніца абрана ад Гродзенскай абласной арганізацыі «Белай Русі». Яна кажа, што цяпер, як дэлегат на Усебеларускім народным сходзе, мяркуе актыўна ўдзельнічаць у абмеркаванні надзённых пытанняў і праблем, якія паўсталі перад нашым грамадствам у розных сферах. «У прыватнасці, надышоў час вызначыць верагодныя шляхі пераўтварэнняў палітычнай сістэмы дзяржавы. Ці, скажам, жыццё прыспешвае выпрацаваць новыя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Тут вельмі шырокае кола для канструктыўнай дыскусіі, прыняцця ўзважаных рашэнняў», — гаворыць Святлана Уладзіміраўна. Таксама яна лічыць, што варта грунтоўна абмеркаваць пытанне аб уласнасці на зямлю, павышэнні ролі органаў мясцовай улады, у першую чаргу сельскіх Саветаў дэпутатаў.
Падобны настрой і ў іншых абраных сёння дэлегатаў. Яны выказвалі канкрэтныя ідэі і прапановы па наданні рабоце Усебеларускага народнага сходу большай эфектыўнасці, дынамізму, выніковасці.
Леанід ТУГАРЫН
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/leanid-tugaryn
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/vi-usebelaruski-narodny-shod
[4] https://zviazda.by/be/tags/respublikanskae-gramadskae-abyadnanne-belaya-rus
[5] https://zviazda.by/be/tags/god-narodnaga-adzinstva