Працягваецца падрыхтоўка да VІ Усебеларускага народнага сходу, актыўна ідзе вылучэнне дэлегатаў. Са сваімі кандыдатурамі вызначыліся ў Цэнтральным камітэце Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. З улікам эпідэмічнай сітуацыі пленум прайшоў у анлайн-фармаце. На ім былі абраны 140 удзельнікаў галоўнага форуму пяцігодкі. Першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрый ВАРАНЮК расказаў, што гэтай моладзі, як самай актыўнай частцы насельніцтва краіны, адведзена важная місія.
— Яны — найлепшыя прадстаўнікі нашай арганізацыі, якія ў складзе маладзёжнай каманды будуць прадстаўляць на форуме народнай дыпламатыі інтарэсы маладых беларусаў. Мы адкрыта і старанна абмяркоўвалі кожную кандыдатуру і абралі самых годных хлопцаў і дзяўчат, якія прадстаўляюць абсалютна розныя сферы. Гэта студэнты, маладыя кіраўнікі прадпрыемстваў, рабочыя, вайскоўцы, інжынеры, педагогі, спартсмены, прадстаўнікі маладзёжных грамадскіх інстытутаў. Да таго ж, мы стараліся захаваць гендарны баланс: 51,8 % дэлегатаў — хлопцы, 48,2 % — дзяўчаты.
75,2 % вылучаных — гэта работнікі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, педагогі, ратавальнікі, прадстаўнікі сістэмы аховы здароўя, сродкаў масавай інфармацыі, служачыя, вайскоўцы Узброеных Сіл Беларусі, супрацоўнікі органаў і падраздзяленняў унутраных спраў МУС, лідары тэрытарыяльных арганізацый саюза моладзі. 15,6 % — студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі і магістранты, прадстаўнікі ССНУ, 9,2 % — дэпутаты раённых Саветаў дэпутатаў, члены маладзёжных парламентаў розных узроўняў і спартсмены.
Дзмітрый Варанюк падкрэсліў, што VІ Усебеларускаму народнаму сходу папярэднічала работа сотняў маладзёжных дыскусійных пляцовак па ўсёй краіне.
— На іх з хлопцамі і дзяўчатамі мы абмяркоўвалі шэраг розных актуальных тэм, — дадаў ён. — Сярод іх — першае рабочае месца, даступнае жыллё, фарміраванне ўмоў працы і заработнай платы, інфармацыйныя і сацыяльныя тэхналогіі ды іншае. Дарэчы, на сёння моладзь вельмі зацікаўленая ў тым, каб жыць і развівацца не толькі ў сталіцы і буйных гарадах, але і ў глыбінцы, у вёсках. І, вядома ж, важнае пытанне — выхаванне сапраўднага грамадзяніна-патрыёта сваёй краіны, які будзе любіць Беларусь, беражліва захоўваць, развіваць і перадаваць сваім дзецям і ўнукам яе традыцыі.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/brsm
[5] https://zviazda.by/be/tags/vi-usebelaruski-narodny-shod