Гомельская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў рамках рэспубліканскай навагодняй акцыі «Нашы дзеці» правяла дабрачынны ранішнік для больш чым 200 маленькіх жыхароў рэгіёну.
Святочнае мерапрыемства прайшло ў Гомельскім тэатры лялек. Запрашэнне на прадстаўленне атрымалі дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, шматдзетныя, малазабяспечаныя, апякунскія сем’і, а таксама тыя, хто трапіў у няпростую жыццёвую сітуацыю. Прыехалі дзеці з Гомельскага, Буда-Кашалёўскага, Добрушскага, Веткаўскага, Рэчыцкага раёнаў і Гомеля. Удзельнікаў святочнага мерапрыемства прывітала член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі БТЧК Ала Смаляк. Яна павіншавала ўсіх са святамі, пажадала моцнага здароўя, выдатнай вучобы і новых поспехаў.
— У Гомельскай вобласці каля 3 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак атрымаюць навагоднія падарункі ад Чырвонага Крыжа. Гэта прысмакі, цацкі, адзенне, абутак і многае іншае. Дзеці напісалі свае пажаданні Дзеду Марозу, і многае споўнілася. Бо Новы год — час цудаў, — адзначыла Ала Смаляк і звярнула ўвагу на тое, што многія дзеці ў сваіх навагодніх пажаданнях прасілі, каб бацькі не хварэлі, каб у сем’ях панаваў лад.
Старшыня абласной арганізацыі БТЧК падзякавала ўсіх спонсараў за дапамогу ў падрыхтоўцы падарункаў, а тэатр лялек — за падораную хлопчыкам і дзяўчынкам казку.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nashy-dzeci