Калі ў мінулым годзе снегу ў нас амаль не было, то сёлета з пачатку студзеня белае покрыва ахінула «па вушы». А ўслед за добрым снегам прыйдзе і арктычны холад, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Вышыня снежнага покрыва, паводле звестак на раніцу 11 студзеня, складае ад 1 да 26 сантыметраў, самыя высокія гурбы (30 см) адзначаныя на метэастанцыі «Барысаў». І ў далейшым атмасферныя франты ад паўночнаатлантычных цыклонаў будуць фарміраваць ападкі ў выглядзе снегу. У сувязі з распаўсюджваннем халодных паветраных мас з паўночных шырот істотна пахаладае, асабліва 15—17 студзеня, калі ў асобных раёнах па паўночным усходзе краіны ўначы паветра можа астудзіцца да 20—25 градусаў марозу.
А пакуль атрымліваем асалоду ад умераных маразоў і мяккага снегу. Сёння ўдзень месцамі па краіне пройдзе невялікі снег. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні, паўднёвы ўмераны, удзень па захадзе парывісты. Максімальная тэмпература паветра складзе ад мінус 4 градусаў да 1 цяпла. Камфортная (не занадта халодная) зіма чакае нас і ў сераду. Часам будзе ісці снег, слабая мяцеліца. На асобных участках дарог прагназуецца галалёдзіца. Вецер будзе паўднёва-ўсходні, паўднёвы парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 2—9 марозу, удзень будзе ад нуля да мінус 6 градусаў.
Лёгкае дыханне Арктыкі мы адчуем ужо ў чацвер. У гэты дзень, 14 студзеня, часам будзе ісці снег. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе 7—13 марозу, у паўднёва-заходніх раёнах — ад мінус 3 да мінус 6 градусаў. У начныя гадзіны пераважна па паўночным усходзе месцамі да 14—15 марозу.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу на большай частцы Беларусі прагназуюцца кароткачасовы снег, слабая завіруха. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе 11—18 марозу, уначы ў асобных раёнах — да мінус 21, па паўднёвым захадзе — 9—10 градусаў ніжэй за нуль.
Калі ў мінулыя гады нам здавалася, што мінус 20 — гэта «максімум» маразоў ад сівабародага дзеда, то ў гэты сезон усё па-іншаму. Паводле разлікаў спецыялістаў, другая дэкада студзеня прагназуецца халаднейшая, чым звычайна, на 1—3 градусы (пры норме мінус 3—6 градусаў). Таму ўжо ў суботу будзе яшчэ халадней. Месцамі пройдзе кароткачасовы снег, на асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 14—21 марозу, у асобных раёнах — мінус 22—25 градусаў. Удзень холад таксама будзе «кусаць за вушы» — 11—18 градусаў ніжэй за нуль, па паўднёвым захадзе — мінус 9—10 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-nadvorya