Каранавірусная інфекцыя застаецца галоўным рэспіраторным захворваннем апошніх месяцаў, ды і ўсяго мінулага года. Праўда, пасля пікавых лічбаў у лістападзе-снежні цяпер назіраецца хоць і невялікае, але зніжэнне. Частка бальніц, як у сталіцы, так і ў рэгіёнах, нават вяртаецца да звычайнага рэжыму работы. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у панядзелак адзначыў, што яшчэ да новага года спецыялісты ўбачылі ўстойлівую тэндэнцыю па зніжэнні захваральнасці, і яна назіраецца ва ўсіх рэгіёнах. Нават прынята рашэнне аб вывадзе некаторых стацыянараў з рэжыму работы інфекцыйных. У Мінску гэта 2-і радзільны дом і Рэспубліканская клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі (Аксакаўшчына).
Пасля вялікіх выхадных цягам некалькіх дзён чакаецца рост зваротаў да медыкаў, што звязана з так званым адтэрмінаваным зваротам. Затым прагназуецца, што захваральнасць пойдзе на спад. Аднак рэзкага зніжэння чакаць не варта. «Мяркую, да сярэдзіны-канца лютага будзе падзенне, затым, магчыма, невялікі рост, звязаны з прыходам звычайных эпідэмічных захворванняў, у прыватнасці, грыпу. Але дзякуючы вакцынацыі (у гэтым эпідсезоне прышчэплена каля 40 % насельніцтва) пад'ём захваральнасці чакаецца невысокі», — адзначыў міністр.
Так ці інакш, СOVІD-19 працягвае непакоіць як новымі для рэспіраторнай хваробы сімптомамі, так і тым, што застаецца адной з самых небяспечных хвароб. Пра яго праявы, у тым ліку і тыя, якія павінны ўстрывожыць, лячэнне, у прыватнасці, дома, і сімптомы, што застаюцца праз тыдні і месяцы пасля хваробы, мы пагаварылі з доктарам, якая працавала ў выязной брыгадзе падчас першай хвалі і працягвае назіраць пацыентаў з ковід-інфекцыяй цяпер. На нашы пытанні адказала ўрач агульнай практыкі, выконваючы абавязкі загадчыка 1-га тэрапеўтычнага аддзялення 11-й сталічнай паліклінікі Святлана Янушка.
— Святлана Аляксандраўна, як адрозніць каранавірусную інфекцыю ад іншых рэспіраторных захворванняў? Якія ў яе спецыфічныя прыкметы?
— СOVІD-19 — гэта інфекцыйнае захворванне, узбуджальнікам якога з'яўляецца каранавірус, год таму выяўлены ў Кітаі. На раннім этапе хваробу складана адрозніць ад звычайнай сезоннай ВРВІ.
Асноўным адрозненнем каранавіруса ад грыпу і ВРВІ з'яўляецца інкубацыйны перыяд (час ад інфіцыравання да праяўлення першых сімптомаў). Рэспіраторныя вірусы і грып заяўляюць пра сябе ўжо на 1—4 суткі. У сярэднім іх інкубацыйны перыяд складае 2-3 дні. Каранавірусу для размнажэння ў арганізме патрэбна больш часу. Яго інкубацыйны перыяд можа дасягаць 14 дзён. Яўныя прыкметы хваробы ў большасці пацыентаў адзначаюцца ўжо на пяты дзень, але могуць з'явіцца і значна пазней.
Галоўныя сімптомы, уласцівыя каранавірусу, наступныя: непрадукцыйны зацяжны кашаль, павышэнне тэмпературы цела, часцей за ўсё да субфебрыльных лічбаў (37,0—37,5) на пачатковай стадыі хваробы, ламота ў мышцах і суставах, «пяршэнне» ў горле, галаўны боль, цяжкасці з дыханнем, задышка, адчуванне закладзенасці ў вобласці грудзей, дыярэйны сіндром або расстройства стулу, млоснасць, закладзенасць носа без слізістых выдзяленняў, анасмія (адсутнасць нюху), скурная высыпка.
— Дарэчы, ці можа пры каранавірусе захоўвацца нюх, або ён, як правіла, прападае?
— У 70—80 % хвароба суправаджаецца няздольнасцю адчуваць пахі і смакі на фоне закладзенасці носа без насмарку.
— Ці можна сказаць, што цяпер каранавірус менш небяспечны, чым вясной?
— Другая хваля каранавіруснай інфекцыі, якую мы перажываем цяпер, характарызуецца больш цяжкім цячэннем і нашмат большай колькасцю інфіцыраваных.
— Адной з прыкмет каранавіруснай інфекцыі з'яўляецца павышаная тэмпература, якая «скача». Ці можа з-за COVІD-19 тэмпература, наадварот, паніжацца?
— Ваганні ў дыяпазоне ад нормы да субфебрылітэту характэрныя для ранняй стадыі хваробы. Часта гэты перыяд характарызуецца нарастаннем сімптаматыкі — з'яўляецца ламота ў суставах, павялічваецца слабасць, з'яўляецца задышка. Бывае, што да гэтых прыкмет далучаецца страта нюху і смаку. Калі падчас COVІD-19 тэмпература цела трымаецца на 35,5 °С і ніжэй, гэта можа сведчыць аб розных спадарожных захворваннях, якія ў выніку могуць пагоршыць стан пацыента, нават калі ў яго лёгкая форма інфекцыі.
— Якімі прэпаратамі і ў якіх выпадках варта збіваць тэмпературу? Якія яшчэ лекі неабходна мець дома для барацьбы з COVІD-19?
— Пры тэмпературы вышэй за 38,5 °С трэба прыняць парацэтамол 500 мг (яго доза павінна быць не больш за 3,0 г у суткі). Увогуле ж лекавыя прэпараты, неабходныя пацыенту для лячэння, прызначае ўрач зыходзячы з даных клінічнай карціны, аб'ектыўнага агляду і лабараторных даных. Пры лёгкім цячэнні хваробы дастаткова вялікай колькасці піцця і вітамінаў.
— У якіх выпадках патрэбныя антыбіётыкі?
— Паказаннем для прызначэння антыбактэрыяльных прэпаратаў з'яўляецца далучэнне бактэрыяльнай інфекцыі, але ніяк не наяўнасць віруснай пнеўманіі пры КТ органаў грудной клеткі.
— Якія прэпараты ні ў якім разе нельга прызначаць сабе самому?
— Найперш гэта датычыцца гармонаў, супрацьмалярыйных прэпаратаў, антыбіётыкаў. Паўтаруся, што ўсе лекі мусіць прызначаць доктар.
— Як пачынаецца пнеўманія пры COVІD-19 і як можна самому яе западозрыць? Што ў такім выпадку рабіць? У якіх выпадках з пнеўманіяй патрэбна шпіталізацыя? Якія паказчыкі трэба кантраляваць пры лячэнні пнеўманіі дома?
— Асаблівасці каранавіруснай інфекцыі такія, што пнеўманія без тэмпературы сустракаецца нярэдка. Звычайна пры гэтым выяўленыя па КТ ачагі займаюць да 25 % лёгачных палёў. Замест тэмпературы могуць непакоіць слабасць, стамляльнасць, страта або прытупленне нюху, задышка ці цяжар у грудзях. Хоць і рэдка, але сустракаюцца сітуацыі, калі любыя сімптомы, у тым ліку тэмпература, адсутнічаюць.
Калі пасля таго, як высокая тэмпература (37,5-39 °С) трымалася некалькі дзён (ад двух сутак да тыдня), потым падала да 36-37 °С і зноў расла вышэй за 37,5 °С (да 38,5-40 °С), асабліва ў спалучэнні са з'яўленнем гнойнай макроты, можна меркаваць аб далучэнні да віруса бактэрыяльнай флоры.
З'яўленне задышкі, боляў у грудной клетцы, падзенне ўзроўню сатурацыі ніжэй за 95 %, павышэнне тэмпературы да 39-40 °С — трывожныя прыкметы. У такім выпадку неабходна выклікаць урача на дом, а пры рэзкім пагаршэнні стану — брыгаду хуткай дапамогі.
— Як можна зразумець, што пнеўманія вылечана? Калі (і ўвогуле ці трэба) рабіць кантрольны здымак?
— Вылечанасць пнеўманіі вызначаецца ўрачом па розных крытэрыях, тэрміны яе вар'іруюцца індывідуальна. Неабходнасць і тэрміны кантрольнага абследавання гэтак жа вызначаюцца індывідуальна.
— За які тэрмін у сярэднім вылечваецца каранавірусная інфекцыя ў лёгкай і цяжкай формах?
— Тэрміны лячэння COVІD-19 вар'іруюць ад двух тыдняў у лёгкай форме і да 3-4 месяцаў пры цяжкіх формах. У сярэднім гэта інфекцыя ў цяперашні час лечыцца каля месяца.
— Якія сімптомы COVІD-19 могуць захоўвацца праз тыдні і месяцы пасля выздараўлення?
— У шэрагу пацыентаў сутачныя ваганні тэмпературы адзначаюцца нават пасля выздараўлення. Увогуле для каранавіруснай інфекцыі характэрны працяглы аднаўленчы перыяд, калі фіксуюцца розныя рэшткавыя праявы, у тым ліку трымаецца субфебрыльная тэмпература, часцей за ўсё ў вячэрнія і начныя гадзіны. Могуць быць павышаная стамляльнасць, патлівасць.
Часцей за ўсё каранавірус дае ўскладненні на сардэчна-сасудзістую сістэму, істотна павялічваецца рызыка развіцця інфарктаў, парушэнняў рытму сэрца, міякардыту, інсультаў, тромбаэмбаліі лёгачнай артэрыі. Практычна ва ўсіх пацыентаў адзначаецца паражэнне печані — змены яе функцый — і выяўляецца рост пячоначных ферментаў. З аднаго боку, гэта можа быць абумоўлена масіўнымі дозамі лекавых прэпаратаў, якія атрымліваюць пацыенты. З іншага — маюцца даныя, што вірус уплывае на страўнікава-кішачны тракт. Вядомыя паражэнні кішэчніка пры COVІD-інфекцыі, а аднымі з праяў захворвання з'яўляюцца розныя кішэчныя сімптомы.
У большасці пацыентаў, якія лечацца ад COVІD-інфекцыі, узнікаюць пэўныя псіхалагічныя праблемы — дэпрэсія, трывога. Такім людзям сапраўды патрэбна дапамога псіхатэрапеўта. Прычым гэта не проста ўласна псіхалагічная праблема. Каранавірус можа паражаць цэнтральную нервовую сістэму, і развіваецца своеасаблівая ковідная энцэфалапатыя. Былі выпадкі ковіднага паражэння галаўнога мозга, ковіднага менінгіту і энцэфаліту.
— Цяпер больш вядома пра меры прафілактыкі, чым у часы першай хвалі. Як засцерагацца ад каранавіруса?
— Пазбягайце «трох К»: крытых памяшканняў, у якіх людзі трымаюцца кучна або кантактуюць. Вытрымлівайце сацыяльную дыстанцыю ў 1,5-2 метры. Кашляць і чхаць трэба ў згіб локця ці сурвэтку. Апошнюю адразу выкідваюць у кантэйнер для смецця. Ад тканевай насоўкі лепш адмовіцца. Абавязковым застаецца нашэнне маскі ў грамадскіх месцах. Таксама важна мыць рукі з мылам і апрацоўваць іх спіртаўтрымліваючымі антысептыкамі. А яшчэ не дакранацца да твару рукамі і не церці вочы.
Вядучая рубрыкі Алена КРАВЕЦ
Тэл. (017) 311-17-36
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/covid-19
[5] https://zviazda.by/be/tags/vostryya-respiratornyya-zahvorvanni
[6] https://zviazda.by/be/tags/respiratornyya-infekcyi
[7] https://zviazda.by/be/tags/respiratornyya-virusnyya-infekcyi