Пажылым людзям зімой рэкамендуецца выкарыстоўваць кій, распавёў выконваючы абавязкі загадчыка прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Ярашэвіч, паведамляе [1] БелТА.
«Пажылым людзям рэкамендавана не саромецца хадзіць з кіем, гэта трэцяя кропка апоры. І ў выпадку падзення з яе дапамогай заўсёды можна намацаць больш ці менш устойлівую паверхню, абаперціся», — адзначыў Андрэй Ярашэвіч. Паводле яго слоў, падзенне на вуліцы для пажылога чалавека звязана з шэрагам узроставых фактараў, прычым траўміруюцца такія людзі, як правіла, больш сур’ёзна, чым моладзь. Вялікі працэнт траўмаў звязаны з пашкоджаннем менавіта тазасцегнавых суставаў.
На вуліцы ў пажылога чалавека па магчымасці другая рука, не занятая кіем, павінна быць свабоднай. У гэтым выпадку можна адкінуць руку ў бок, процілеглы падзенню, і тым самым захаваць раўнавагу. «У лепшым выпадку хай у адной руцэ будзе кій, а ў іншай каляска, куды чалавек пакладзе усё неабходнае і з якой будзе перамяшчацца», — парэкамендаваў медык.
Каб пазбегнуць траўмаў вельмі важна апранацца па надвор’і. У зімовы перыяд адзенне не павінна абмяжоўваць рухаў, заўважыў ён. Пераважна насіць абутак з шырокай падэшвай. Важна выбіраць бяспечныя маршруты. Хай яны будуць у два разы даўжэй, затое ў 10 разоў больш бяспечна, дадаў Андрэй Ярашэвіч. Асабліва ўважлівымі трэба быць пры выхадзе з пад’езду: на прыступках часцяком утвараецца наледзь.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/pozhilym-ljudjam-zimoj-rekomenduetsja-ispolzovat-trost-vrach-423752-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/pazhyly
[3] https://zviazda.by/be/tags/kiy
[4] https://zviazda.by/be/tags/urach