Віртуальная выстава гжэльскага роспісу адкрыецца ў БДУ 14 студзеня, паведамляе [1] агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на прэс-службу БДУ.
Выстава, прымеркаваная да святкавання старога Новага года, атрымала назву «Бела-сіняя зімовая казка». Яе арганізатарам выступае Саюз жанчын БДУ. Члены грамадскага аб'яднання прадставілі больш за 50 прадметаў з асабістых калекцый. На выставе можна будзе ўбачыць розныя цацкі, статуэткі, посуд, фігуркі жывёл месяцовага календара, а таксама герояў папулярных мультфільмаў.
Гжэль — асаблівы від роспісу па кераміцы, у якім выкарыстоўваюцца белыя і сінія фарбы. Гэты традыцыйны рускі промысел бярэ свой пачатак ад аднайменнай вёскі ў Маскоўскай вобласці. Менавіта там з сярэдзіны XVII стагоддзя здабывалася гжэльская гліна, дзякуючы якой распаўсюдзілася ганчарнае мастацтва сярод мясцовага насельніцтва. У пачатку XIX стагоддзя ў Гжэльскай воласці з'явіліся заводы, на якіх выраблялі фарфор. Пад уплывам моды на галандскія кафлі і кітайскі фарфор мясцовыя майстры сталі распісваць свае працы ў бела-блакітных танах. Такім чынам, сінія малюнкі на белай паверхні сталі адметнай рысай гжэлі.
Убачыць віртуальную выстаўку «Бела-сіняя зімовая казка» можна будзе з 14 студзеня на сайце [2] Саюза жанчын БДУ.
Спасылкі
[1] https://minsknews.by/virtualnaya-vystavka-belo-sinyaya-zimnyaya-skazka-otkroetsya-v-bgu/
[2] http://unionwomen.bsu.by/
[3] https://zviazda.by/be/tags/rospis-pa-keramicy
[4] https://zviazda.by/be/tags/gzhel
[5] https://zviazda.by/be/tags/bdu