Малады спецыяліст, харэограф сучасных танцаў Крысціна КУПЦОВА дакладна вызначылася з прафесіяй яшчэ ў дзяцінстве. Паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць «харэаграфічнае мастацтва», а пасля заканчэння працавала ў некалькіх сталічных школах танца. Дзяўчына кажа, што галоўнае ў яе творчым занятку — гэта запал у сэрцы і шчырая любоў да абранай справы.
— Прыкладна ў дзявятым класе школы да мяне прыйшло ўсведамленне, што хачу звязаць сваё жыццё з танцамі. Вядома, калі табе нешта падабаецца, ты шукаеш інфармацыю, глядзіш інтэрв'ю, фільмы кшталту «Крок наперад», розныя навучальныя ўрокі. На мяне ў той час вельмі паўплывала ўкраінскае шоу «Танцуюць усе»: калі ўключала яго па тэлевізары, уяўляла сябе на месцы канкурсантаў, з захапленнем назірала за майстэрствам маладых хлопцаў і дзяўчат. Бацькі да майго выбару паставіліся нейтральна, яны паважалі яго, але мімаходам казалі, што ёсць і іншыя прафесіі, маўляў, танцор — гучыць не вельмі сур'ёзна. Аднак пераканаць у іншым мяне было немагчыма. Памятаю, што перад паступленнем выбірала паміж двума кірункамі — эстрадным і сучасным танцамі — і не пашкадавала, што выбрала другі варыянт.
Крысціна кажа, што вучоба ва ўніверсітэце стала добрым падмуркам для далейшага ўдасканальвання, але астатняе студэнты павінны былі развіваць самі. Таму ў канцы першага курса дзяўчына пайшла займацца сучаснымі танцамі ў адну са сталічных студый.
— Надалей таксама прадоўжыла практыкавацца ў розных школах адпаведнага кірунку. У перыяд навучання на другім курсе знайшла сваё першае рабочае месца ў студыі, выкладала хіп-хоп дзецям па чатыры гадзіны ў тыдзень. Сумяшчала работу, вучобу і паралельна займалася танцамі для сябе. Гэта аказалася даволі лёгка, заняткі праходзілі радасна. Пасля месцы работы мяняліся, імкнулася паспрабаваць сябе ў розных студыях. Калі скончыла ўніверсітэт, па размеркаванні ўладкавалася харэографам у школу мастацтваў у Барысаве, аднак праз некаторы час зразумела, што хачу развівацца ў сталіцы, таму знайшла жаданае месца, дзе працую і дагэтуль, паралельна выкладаю хіп-хоп яшчэ ў дзвюх школах танца і вучуся пазітыўнаму фанкаваму стылю вакінг. Гэты кірунак выкладаецца ў Беларусі толькі другі год і адметны жартоўнай манерай выканання, насычанай мімікай. Цяпер адчуваю сябе вельмі шчаслівай, атрымліваю задавальненне ад кожнага рабочага дня.
Звычайна ў групах па хіп-хопе ў суразмоўніцы трэніруецца па 8—15 дзяцей ва ўзросце ад 7 да 13 гадоў. Заняткі часцей за ўсё праходзяць у вячэрні час, калі хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць са школы і ў іх ёсць вольныя гадзіны для сваіх захапленняў.
— Падчас першых трэніровак было хваляванне з нагоды, што малыя мяне не будуць слухацца. Але яно сыходзіла па меры таго, як набывала вопыт, да таго ж раілася па пэўных пытаннях з больш вопытнымі калегамі. На сёння амаль усе заняткі па харэаграфіі праходзяць у гульнявой форме, таму малым вельмі цікава іх наведваць. Мы перыядычна рыхтуемся да розных канцэртаў, конкурсаў, спаборніцтваў. Ад дзяцей мне пада-
баецца адкрытасць, калі ім нешта не даспадобы, яны абавязкова гэта пакажуць, хутка адрэагуюць зваротнай сувяззю. Заўважала, што важна прыходзіць да малых у добрым настроі, а ён і будзе добры, калі хадзіць на любімую работу, бачыць тых, хто табе рады і гэта ўзаемна. Вядома, бываюць цяжкія дні, але стараюся на трэніроўках тое не паказваць, бо дзеці вельмі адчувальныя: калі ты разгубленая альбо сумная, яны ўсё пераймаюць на сябе. Таму важна даваць ім пазітыўныя, правільныя эмоцыі.
Хіп-хоп бывае розны. Яго рытмы — яркія, выразныя, выклікаюць жаданне не сядзець на месцы, а рухі спружыністыя. 22-гадовая дзяўчына прызнаецца, што нягледзячы на асаблівую любоў да такога танца, прывязваць сябе да пэўнага стылю не плануе. Крысціна не выключае, што праз некалькі гадоў стане выкладаць штосьці іншае.
— Для многіх танец — гэта спосаб самавыяўлення, імкненне паказаць навакольным, які я, якім бачу свет і да чаго імкнуся. Кожны з нас унікальны, а таму і танец яго будзе асаблівы. Калі я танцую, адчуваю эмоцыі, якія складана апісаць, але яны мне адназначна падабаюцца. Знаходжуся ў адзінстве з музыкай, рухамі, у асаблівым энергетычным патоку. А вось думак падчас заняткаў няма ніякіх, цалкам засяроджваюся на сваіх адчуваннях. Дарэчы, часам задумваюся над тым, каб паўдзельнічаць у пэўных танцавальных шоу. Гэта карысны вопыт, які, упэўнена, дае шмат чаго патрэбнага для развіцця ў прафесіі. Пакуль назапашваю вопыт і выношваю грандыёзныя планы на будучыню.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Фота з асабістага архіва гераіні
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[6] https://zviazda.by/be/tags/hip-hop