Дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ухвалілі праект інвестыцыйнай праграмы сталіцы на 2021 год.
Паводле слоў старшыні Мінскага гарсавета Андрэя Бугрова, праграма захавае сацыяльную накіраванасць: больш за траціну яе сродкаў пойдзе толькі на ўстановы аховы здароўя і адукацыі, не абыдзены ўвагай і фінансаваннем іншыя сферы. Агульны аб'ём праграмы складзе 853,1 мільёна рублёў. Асноўнымі прынцыпамі яе фарміравання сталі канцэнтрацыя сродкаў і намаганняў на аб'ектах, якія запланавана здаць сёлета, і тых аб'ектаў, якія маюць высокую ступень гатоўнасці. Увогуле, інвестпраграма ў той ці іншай ступені закране 264 аб'екты. Сотня сярод іх знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва.
Нагадаем, у спісе інвестпраграмы — 15 медыцынскіх аб'ектаў. Некаторыя будуць здадзены ў эксплуатацыю сёлета. Сярод іх новы будынак 9-й дзіцячай паліклінікі, дзіцячая паліклініка ў мікрараёне Сухарава, завяршэнне будаўніцтва амбулаторыі ў жылым комплексе «Лазурыт», рэканструкцыя гарадскога анкалагічнага дыспансера і дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы на вуліцы Якубоўскага, цэнтр хірургіі і транспланталогіі на вуліцы Сямашкі.
Фінансаванне атрымаюць і пяць так званых пераходных аб'ектаў, якія будуць уведзены ў эксплуатацыю ў наступным 2022 годзе: шматпрофільная паліклініка ў квартале непадалёк ад вуліцы К. Лібкнехта, рэканструкцыя 4-й гарадской клінічнай бальніцы, дзе плануецца ўзвесці новы тэрапеўтычны корпус і прыбудову ды іншыя важныя для гараджан і медыкаў аб'екты. Выдаткоўваюцца таксама грошы на праектаванне дзіцячай і дарослай паліклінік у комплексе «Мінск-Мір» і два інтэрнаты для медыцынскіх работнікаў.
У праграму на бягучы год унесены 27 аб'ектаў устаноў адукацыі. Гэта будаўніцтва дзіцячых садкоў і школ у комплексе «Мінск-Мір», раёнах Масюкоўшчына, Лошыца, Лебядзіны, рэканструкцыя па адным міжшкольным стадыёне ў кожным раёне сталіцы.
Важны кірунак гарадскіх інвестыцый — далейшае развіццё транспартнай сферы. У прыватнасці, 200 мільёнаў рублёў пойдзе на працяг будаўніцтва Мінскага метрапалітэна. Таксама запланаваны істотныя выдаткі на развіццё інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў раёнах жылой забудовы, узвядзенне першага гарадскога транспартнага кальца, на работы па добраўпарадкаванні сталіцы.
Як вынікае з праграмы, сёлета масавае будаўніцтва жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў, будзе весціся ў мікрараёнах Чыжоўка, Лошыца, у межах вуліц Шаранговіча — Гарэцкага, Шышкіна і Куляшова.
Прадугледжана фінансаванне праектаў пажарных дэпо ў раёне вуліцы Адзінцова, у комплексах «Мінск-Мір» і «Маяк Мінска».
У рабоце сесіі ўзялі ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец і старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец.
Леанід Тугарын
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/leanid-tugaryn
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhaunaya-investycyynaya-pragrama
[4] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/stalica