«Мясцовае самакіраванне — гэта не гарбата з печывам, гэта — рэальныя справы! Давайце дапаможам нашым камунальным службам, якія актыўна працуюць для нас, нашага камфорту і бяспекі!»
З такім заклікам выступіў на сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак старшыня Мінгарсавета дэпутатаў Андрэй БУГРОЎ. Прычым не словам, а справай паказаў, што для гэтага трэба зрабіць. Яшчэ калі толькі стала слізка: выйшаў ва ўласны двор, каб пасыпаць пяском прыступкі, а з надыходам снегападаў — узяў у рукі рыдлёўку, каб расчысціць аўтапаркоўку.
— Мы можам дапамагчы сабе і свайму гораду! — пераканы ён і растлумачыў якім чынам. — Сябры, у кожным двары ёсць скрыня з пясчана-салявой сумессю або дзіцячая пясочніца! Уваходныя групы, прыступкі ды іншае — зона і нашай з вамі адказнасці! Мінчане, упэўнена дамо бой галалёдзіцы і траўматызму!
Праз некалькі дзён Анрэй Бугроў арганізаваў сямейны працоўны дэсант па расчыстцы ўласнага двара:
— Сябры, усе на ўборку снегу! Чысцім свае аўтамабілі, двары і парковачныя месцы! Разам — мы сіла! — напісаў ён. — Як жа цудоўна, прыліў сіл і выдатны настрой забяспечаны! Плюс румянец!
Дарэчы, у адным з пастоў старшыня Мінгарсавета нагадаў народную мудрасць: «Пераадоленне цяжкага пачынаецца з лёгкага, ажыццяўленне вялікага — з малога, бо ў свеце цяжкае ўтвараецца з лёгкага, а вялікае — з малога!»
У тэму
Вынікі штодзённага маніторынгу ачысткі Мінска ад снегу гарадскімі ўладамі паказваюць, што многія суб'екты гаспадарання нядобрасумленна ставяцца да ўборкі тэрыторый у зонах іх адказнасці. А вось гараджане, наадварот, вельмі сумленна падышлі да закліку дапамагчы камунальным службам у расчыстцы сваіх двароў.
Гарадскія ўлады яшчэ раз заклікаюць суб'екты гаспадарання аддаць належную ўвагу навядзенню парадку на прылеглых тэрыторыях. Гэтая дзейнасць напрамую ўплывае на камфорт і бяспеку жыхароў і гасцей сталіцы.
— Недапушчальна, каб перад уваходам у краму было слізка, каб людзі не маглі прайсці ў той ці іншы аб'ект з-за снегу, — прыводзіць словы намесніка старшыні Мінгарвыканкама Аляксандра ДАРАХОВІЧА Тэлеграм-канал Мінгарвыканкама «Мінск. Афіцыйна». — Не хацелася б звяртацца да мер адміністрацыйнага ўздзеяння, разлічваю на паразуменне з боку суб'ектаў гаспадарання і на якасную прыборку ў зонах іх адказнасці.
А вось жыхарам сталіцы намеснік старшыні гарвыканкама падзякаваў за актыўнасць і дапамогу гарадскім службам у расчыстцы дваровых тэрыторый ад снегу.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/andrey-bugrou
[3] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne