Адна на адну зімы ў нас непадобныя. Калі летась зімы практычна не было (згодна з нацыянальнай нормай тэмпературы ў халодны перыяд, кліматычная зіма на тэрыторыі нашай краіны ў сезон 2019—2020 не надышла; ва ўсе зімовыя месяцы так і не адбыўся пераход сярэдняй тэмпературы праз нуль у бок паніжэння». — Аўт.), то ў гэты сезон зіма, відаць, «стрэліць» анамальным холадам непасрэдна ў студзені.
Маразы амаль да 30 градусаў ніжэй за нуль чакаюцца ў нашай краіне ўжо да канца гэтага тыдня, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Тэмпература паветра пачала паступова паніжацца ўжо ўчора, але асноўнае пахаладанне яшчэ наперадзе. У пятніцу, у суботу і потым у нядзелю чакаецца ўзмацненне маразоў.
Сёння ўдзень, якраз на сярэдзіну зімы, месцамі пройдзе невялікі снег. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе 13—19 градусаў марозу, месцамі — мінус 20—22 градусы, у паўднёва-заходніх раёнах — ад мінус 9 да мінус 12 градусаў.
Паўночны вецер прыляціць да нас і ў суботу. У гэты дзень месцамі па краіне пройдзе невялікі кароткачасовы снег. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 16 да 23 марозу, пры праясненнях — да мінус 25 градусаў. Удзень будзе 13—20 ніжэй за нуль, месцамі — да мінус 22 градусаў, па Брэсцкай вобласці — мінус 10—12 градусаў.
Уначы і раніцай на наступны дзень, у нядзелю, у асобных раёнах краіны пройдзе невялікі снег, удзень пераважна без ападкаў. На дарогах месцамі чакаецца галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночны, паўночна-заходні ўмераны, «куслівы». Тэмпература паветра ўначы складзе 18—25 марозу, пры праясненнях — ад мінус 26 да мінус 29 градусаў. Удзень будзе таксама досыць холадна — 14—19 марозу.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня захаваецца маласнежнае марознае надвор'е.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: amur.info
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore