Нацыянальнае адзенне беларусаў фарміравалася на працягу многіх стагоддзяў і мела шмат агульнага з адзеннем рускіх і ўкраінцаў. Пры пэўнай падобнасці вопратка беларусаў вызначалася асаблівымі рысамі: наяўнасць своеасаблівых элементаў і назвы састаўных частак, характэрных толькі для Беларусі, колеравая гама, спосабы аздаблення… Канчаткова традыцыйны касцюм сфарміраваўся ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. У ім найбольш яскрава выявілася ўсё майстэрства народа і яго эстэтычныя густы.
Сёння, у перыяд актыўнай глабалізацыі, акрамя спецыялістаў, мала тых, хто цікавіцца тэмай беларускіх строяў, хто вывучае іх гісторыю і асаблівасці. Так ці інакш гэта становіцца прадметам мінулага ў многіх краінах (недзе ў меншай, а недзе ў большай ступені).
Няхай мы звыклі ўспрымаць нацыянальны касцюм як музейны экспанат, многія імкнуцца не толькі захаваць для будучыні, але і выкарыстаць яго шматгранныя вобразы ў сучаснасці. Выставачны праект «Беларускі касцюм: мінулае і сучасны дызайн», дзе дэманструюцца аўтэнтычныя строі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея і адзенне з калекцый сучасных беларускіх дызайнераў, дае магчымасць параўнаць, як выглядала вопратка продкаў і як сённяшнія творцы выкарыстоўваюць яе элементы ў сваіх мастацкіх праектах.
Праект «Беларускі касцюм: мінулае і сучасны дызайн» у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта ў культуры. Экспазіцыя, куратарам і аўтарам канцэпцыі якой выступіла навуковы супрацоўнік музея Дана Антановіч-Андрэева, уключае восем аўтэнтычных беларускіх строяў з фондаў музея, вырабы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, а таксама касцюмы з калекцый сучасных беларускіх дызайнераў адзення, якія ў свой час былі прадстаўлены на подыумах Мілана, Стакгольма, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Яраслаўля і іншых гарадоў. Выстаўка можа стаць зыходным пунктам для знаёмства з культурным кодам беларусаў, а таксама для яго вывучэння, лічаць арганізатары.
— Нацыянальны касцюм з’яўляецца выдатным прэзентацыйным пачаткам для прадстаўлення Беларусі за мяжой. Мы цікавыя сваімі традыцыйнымі касцюмамі, мастацтвам, фальклорам. Нашы суайчыннікі ведаюць, што такое беларускі строй, і хочуць выкарыстоўваць элементы традыцыйнага строю ў сучаснай вопратцы. Так, сёння выдатна апрануты і аматарскія, і прафесійныя калектывы. Стала менш эклектыкі і больш дакладнасці. Вельмі важна, што традыцыі народных касцюмаў шырока выкарыстоўваюцца сучаснай моладдзю, бо ў іх закладзены ген, які сведчыць аб прыналежнасці да нацыі, — адзначыў старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі падчас адкрыцця экспазіцыі ў Гістарычным. Ён падкрэсліў: выстаўкі такога кшталту заўсёды будуць прыцягваць наведвальнікаў, бо гэта блізкае, роднае і зразумелае, і выказаў упэўненасць, што з’явяцца дзясяткі новых узораў і калекцыя атрымае больш шырокую вядомасць.
З крыніцы народнага
Акрамя ўласна адзення, на выстаўцы ёсць электронныя слайды, што дэманструюць асаблівасці традыцыйнага адзення ў розных рэгіёнах Беларусі. Да таго ж аўтары праекта прапануюць уключыцца ў ролю даследчыка, з увагай разгледзець прадстаўленыя ўзоры беларускіх строяў, а таксама прааналізаваць і абмеркаваць сучасныя вобразы, створаныя па матывах традыцыйных касцюмаў. Мяркуючы па такіх фестывалях і конкурсах, як «Млын моды», «Этна Стыль» і многія іншыя, сучасныя дызайнеры ўсё часцей звяртаюцца да традыцыйных форм культуры як да крыніцы новых кампазіцыйных, формаўтваральных, дэкаратыўных рашэнняў.
Прадстаўлены даволі сучасны вобраз «Рака жыцця» Дзяніса Наліўкі (фіналіста Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды»). Касцюм вытрыманы ў характэрных колерах: белы — увасабленне чысціні, чырвоны — сімвал жыцця. Пікселізаваны арнамент прадстаўлены ў тэхніцы машыннай вышыўкі і аплікацыі. Даволі незвычайны вобраз прадставіла таксама Анастасія Рабава (з калекцыі вясна-лета 2020), якая працуе ў змешанай аўтарскай тэхніцы, выкарыстоўваючы пляценне. За аснову ўзяты цвёрды матэрыял і таксама два самыя характэрныя для традыцыйнага беларускага касцюма колеры: чырвоны і белы. Выкананыя ў тэхналогіі пляцення каша аб’ёмныя канструкцыі ўтвараюць структураваную сукенку — сучасная інтэрпрэтацыя беларускага касцюма.
Вылучаецца сярод іншых мадэль Аліны Хлябы «Ваtleyka / Bielrekanstrucyja» з ільну і бавоўны — мнагаярусная кампазіцыя з падобных элементаў, традыцыйных спадніц, якія за кошт напластавання ствараюць адчуванне сіметрыі рытму. Цікавай падаецца і работа Вольгі Самошчанкі, не ў апошнюю чаргу дзякуючы асаблівай тэхніцы. Гэта паліто ў стылі каларблок, выкананае ў тэхніцы пэчворк (спалучэнне аўтарскіх студэнцкіх работ па ткацтве розных гадоў, сабраных у адзіную кампазіцыю). Галаўны ўбор — тканае палатно, выкананае студэнтамі Акадэміі мастацтваў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (4 курс, выкладчык Ірына Мазюк). Асноўная ідэя твора — адлюстраваць, што мастацтва народнага ткацтва можа выглядаць сучасна ў вырабе паліто класічнага крою. Не абышлося і без прамога звароту да міфаў і легенд: камплект з калекцыі «Дзявоя» Святланы Князевай натхнёны багіняй старажытнаславянскай міфалогіі, якая, згодна з вераваннямі, ахоўвала незамужніх дзяўчат. У працэсе стварэння выкарыстоўвалася натуральная тканіна і аплікацыя ў тэхніцы выцінанкі, а таксама ручная вышыўка. Калекцыя заняла 1-е месца на фестывалі-конкурсе «Млын моды» ў 2018 годзе.
Сучасны касцюм, створаны на аснове традыцыйнага беларускага строю, выконвае важную функцыю папулярызацыі нацыянальнай культуры і каштоўнасцей беларускага народнага мастацтва сярод моладзі, а таксама заяўляе самабытны вобраз Беларусі на міжнароднай арэне, упэўнены араганізатары. Нядзіўна, што народныя касцюмы сёння выклікаюць такую цікавасць у сучасных майстроў. Нават самы дасведчаны навуковец не зможа не ацаніць хараство традыцыйнага касцюма і высокае майстэрства яго выканання.
— Прыемна, што адзін з апошніх праектаў канца 2020 года прысвечаны нацыянальным строям. Гэта сапраўднае свята гісторыі і культуры, а таксама нашай самабытнай, унікальнай і арыгінальнай спадчыны, якой мы ганарымся, — падкрэсліў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька.
Важна разумець, што народны строй, спалучаючы ў сабе практычнасць і эстэтычнасць, заўсёды быў больш чым проста адзеннем. Касцюм адлюстроўваў мясцовыя традыцыі, патрэбы і сацыяльны статус беларусаў, светапогляд майстроў, якія яго выраблялі, а ў арнаменце часам чыталіся цэлыя гісторыі. Між тым у экспазіцыі музея змешчаны ўзоры вышыўкі на адзенні і на ручніку, а таксама розныя прыстасаванні: грэбень для часання льну (пачатак XX ст., г. Давыд-Гарадок), прасніца (1891—1910 гг., Камянецкі раён, в. Радасць), чаўнакі (пачатак XX ст.), юрок для намотвання нітак (першая палова XX ст.), верацяно (пачатак XX ст.) і інш.
Экскурс скрозь час
Нельга сказаць, што цікавасць да традыцыйнага касцюма з’явілася толькі апошнім часам. Але некалькі нядаўніх знакавых праектаў згадаць варта. Сярод іх — персанальная выстаўка «Скрозь час» мастака па касцюмах члена Беларускага саюза мастакоў Наталлі Смаляк. Праект размясцілі ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». Яго экспанаты сталі крыніцай натхнення для тых, хто іх апранаў, і прынеслі эстэтычнае задавальненне кожнаму, хто разглядаў. Было прадстаўлена больш за 30 касцюмаў, 40 эскізаў, распрацаваных аўтарам з 1995 да 2020 года, і 50 фотаздымкаў, што дазволілі прасачыць творчы шлях мастачкі за 25-гадовы перыяд дзейнасці.
Экспазіцыя выстаўкі складалася з трох асноўных частак. У першую ўвайшлі сцэнічныя касцюмы, створаныя па матывах гістарычных касцюмаў ХVІ—ХVІІ стагоддзяў, што дэманструюць сучасны аўтарскі погляд на багатую і шматгранную культурную спадчыну Беларусі. Другая частка знаёміла з аўтарскімі сцэнічнымі касцюмамі, распрацаванымі па матывах беларускіх народных строяў і народных вясельных касцюмаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, якія ўяўляюць сабой сучасную сцэнічную стылізацыю беларускага народнага касцюма, выкананую з выкарыстаннем традыцыйных тэхнік: ручнога ткацтва, вышыўкі, нашыўкі тасьмой і карункамі. Дапаўнялі выстаўку і склалі трэцюю частку эскізы і фатаграфіі аўтарскіх сцэнічных касцюмаў і касцюмаў, распрацаваных мастаком непасрэдна для калектываў, якія працуюць у тэатральным, музычным, харэаграфічным і іншых відах мастацтва. Каб стварыць такі касцюм, патрэбна нямала часу, бо спачатку вывучаецца канцэпцыя, прадумваецца рэалізацыя ідэі, падбіраюцца матэрыялы і толькі пасля гэтага выконваецца замова заказчыка. У выніку гэта можа заняць і паўгода.
Зусім нядаўна распачаўся праект «Традыцыйны строй», які вядзе ўстанова «ЭтнаТрадыцыя» сумесна з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. «Традыцыйны строй» — першая анлайнэнцыклапедыя аўтэнтычных традыцыйных строяў Беларусі, якая дазволіць даведацца, як апраналіся нашы продкі ў розных рэгіёнах краіны, убачыць, што нацыянальнае адзенне беларусаў адрозніваецца ад адзення славянскіх суседзяў, мае значныя асаблівасці ў межах самой Беларусі. А яшчэ — даведацца пра глыбінныя сэнсы, якія нясе кожны элемент традыцыйнага строю. Першы экскурс зладжаны ў Берасцейскі край. На YouTube-канале «Традыцыя» змешчаны ролік пра дамачаўскі строй. Ён бытаваў у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя ў мястэчку Дамачава, вёсках Чэрск, Рудня, Ліпінкі Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (зараз Брэсцкі раён Брэсцкай вобласці).
Увогуле, праект плануюць рэалізоўваць на беларускай і англійскай мовах, што дазволіць паказаць эстэтыку беларускага нацыянальнага строю замежнікам. Акрамя канала ў YouTube (наступныя відэа будуць змешчаны на старонцы пад назвай «ЭтнаТрадыцыі»), своеасаблівая віртуальная энцыклапедыя народных строяў Беларусі змешчана на старонках у Instagram, Facebook ды інш.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yaugeniya-shycka
[2] https://zviazda.by/be/tags/repartazh