Сёлета Уладзіміру Мулявіну споўнілася б 80 гадоў. Да гэтай даты падрыхтаваныя тэле- і радыёперадачы, канцэрты, экспазіцыі, шматлікія публікацыі. Адкрыць цікавыя факты, папоўніць свае веды пра жыццё і творчасць Уладзіміра Георгіевіча можна, наведаўшы выстаўку ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, а таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Выстаўка ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры правядзе творчымі шляхамі славутага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры». Тут прадстаўлены ўнікальныя экспанаты з фондаў музея, напрыклад, нотныя рукапісы Мулявіна, эскізы касцюмаў, зробленыя мастакамі Юрыем Піскуном і Вольгай Дзёмкінай, канцэртныя ўборы музыкантаў, магнітная стужка з раннім варыянтам сумеснай работы ансамбля з гуртом «The New Chrіsty Mіnstrels».
Гэтая экспазіцыя зладжана ў супрацоўніцтве з музеем Уладзіміра Мулявіна ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Са збораў філарманічнага музея — некаторыя касцюмы артыста, яго аўтабіяграфія, буклеты і праграмы канцэртных выступленняў. Таксама наведвальнікі змогуць паглядзець відэазапісы з канцэртаў, пачуць галасы знакамітага калектыву.
У сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі вы пазнаёміцеся з нотамі, кампакт-дыскамі, грампласцінкамі, кнігамі і артыкуламі, якія раскрываюць жыццёвы і творчы шлях песняра. Яго гісторыя па-сапраўднаму ўнікальная, паколькі Уладзімір Георгіевіч, нарадзіўшыся далёка за межамі нашай краіны, па волі лёсу апынуўся ў Беларусі і не толькі палюбіў нашу зямлю, але і праславіў яе сваёй творчасцю.
З імем Мулявіна звязана адкрыццё новых кірункаў у беларускім эстрадным мастацтве. Дзякуючы яго бачанню і ўспрыманню паэзіі творы беларускіх класікаў — Янкі Купалы, Петруся Броўкі, Максіма Танка — атрымалі музычнае афармленне. Уладзімір Мулявін даў другое жыццё шэрагу народных песень, сярод якіх «Касіў Ясь канюшыну», «Купалінка», «Рэчанька» і іншыя — і іх пачулі далёка за межамі Беларусі.
Калі вы жадаеце пранікнуцца атмасферай творчасці вялікага артыста і аддаць даніну яго памяці, самы час наведаць гэтыя выстаўкі.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-mulyavin
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzey