«Вы не адны» — YouTube-канал з відэарэкамендацыямі па рэабілітацыі пасля каранавіруса.
— З восені мінулага года валанцёры Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў стацыянарах Гомеля і Рэчыцы дапамагаюць аднаўляцца людзям, якія перанеслі COVID-19, — звярнула ўвагу прэс-сакратар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алена СМІРНОВА. — Праз некалькі месяцаў пасля пачатку добраахвотнай дапамогі хворым, прыйшло разуменне, што можна дапамагчы значна большай колькасці людзей.
Так гомельскія студэнты-медыкі ўзяліся за неўласцівую ўрачам дзейнасць — стварэнне відэаролікаў. Падтрымаў іх у гэтым куратар валанцёрскіх груп, тады яшчэ прарэктар па лячэбнай рабоце ВНУ Дзмітрый Рузанаў (прызначаны дырэктарам РНПЦ медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя).
— Уласнымі сіламі, абапіраючыся на вопыт, які напрацаваны непасрэдна ў бальніцах пры рэабілітацыі хворых, студэнты запісалі некалькі відэаўрокаў. А на YouTube з’явіўся акаўнт валанцёрскага руху Гомельскага медуніверсітэта «Вы не адны», — адзначыла прэс-сакратар ВНУ.
Гомельскія студэнты ў роліках тлумачаць, як рэабілітацыя падчас і пасля перанесенага захворвання ўплывае на вяртанне да нармальнага стану здароўя. У відэаўроках распавядаецца пра карысць практыкаванняў. Яны, як адзначаецца ў роліках, паляпшаюць функцыю дыхання, павялічваюць крова- і лімфазварот у лёгкіх. Пасля рэгулярных заняткаў пры выкананні звычайнай штодзённай нагрузкі павінна паменшыцца задышка і слабасць, палепшыцца сон і настрой.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/gomel
[5] https://zviazda.by/be/tags/studenty
[6] https://zviazda.by/be/tags/gdmu