Сябры, а вы калі-небудзь лічылі, колькі розных сродкаў мы выкарыстоўваем, каб прыбраць кватэру? Ёсць бытавая хімія для посуду, вакон, ванны, туалета, падлогі – і гэта далёка не ўвесь спіс! Рэклама нам абяцае, што з усімі гэтымі флакончыкамі-цюбікамі наш дом будзе самым чыстым. Але чысцей – не значыць здаравей. На жаль, шкоднасць бытавой хіміі не перабольшана. Некаторыя рэчывы, якія ўваходзяць у яе склад, здольныя негатыўна ўплываць і на навакольнае асяроддзе, і на арганізм чалавека.
Вядома, зараз цяжка вярнуцца да часоў нашых бабуль і бацькоў і цалкам адмовіцца ад усіх выгод цывілізацыі. Але ці сапраўды нам патрэбна столькі бытавой хіміі, ці ўсё ж некалькіх такіх флаконаў будзе дастаткова? Да таго ж можна знайсці кампраміс: напрыклад, часам замест моцнай «хіміі» выкарыстоўваць соду, лімон і іншыя натуральныя сродкі.
Якія найбольш распаўсюджаныя небяспечныя хімічныя рэчывы сустракаюцца ў бытавой хіміі?
– павярхоўна-актыўныя рэчывы (ПАР);
– поліфасфаты (фасфаты/фасфанаты);
– лятучыя арганічныя рэчывы, арганічныя растваральнікі, дыстыляты нафты;
– злучэнні хлору;
– парабены;
– фенол і крэзол;
– нітрабензол;
– араматычныя фарбавальнікі;
– аптычныя адбельнікі;
– цынк, свінец, медзь, аміяк.
Сусветная вытворчасць ПАР складае 2–3 кілаграмы на душу насельніцтва ў год. Яны ўваходзяць у склад парашкоў, часам і сродкаў для мыцця посуду, падлогі. Аніённыя ПАР здольныя назапашвацца ў арганізме, калі мы мыем бялізну ці посуд без пальчатак, носім памытае парашком адзенне (на тканіне яны захоўваюцца да чатырох дзён) або ядзім з посуду, з якога не цалкам змыта «хімія». Гэтыя рэчывы могуць выклікаць парушэнні імунітэту, назапашвацца ў мозгу, печані, нырках, лёгкіх, правакаваць алергію. ПАР таксама аказваюць сур’ёзны ўплыў на біясферу, паколькі здольныя ўтвараць нерастваральныя плёнкі на паверхні вады, тым самым парушаючы газаабмен паміж вадой і атмасферай, і надаваць вадзе спецыфічны пах і прысмак.
Небяспечныя і лятучыя арганічныя рэчывы, якія можна знайсці ў асвяжальніках паветра. Бутану, ізабутану, фармальдэгіду, нафтавым дыстылятам можна «падзякаваць» за алергію, бранхіяльную астму, галаўны боль і нават дэпрэсію. Акрамя таго, некаторыя асвяжальнікі паветра ўтрымліваюць бензанат натрыю і нітрыт натрыю. Гэтыя рэчывы адносяцца да наймацнейшых ядаў, якія могуць выклікаць мутацыю ДНК! Таксама лепш увогуле ніколі не кантактаваць з нітрабензолам (уваходзіць у склад паліроляў для падлогі і мэблі) і аміякам (яго дадаюць у сродкі для мыцця шкла). Першы прыводзіць да кіслароднага галадання тканак, а другі – лідар сярод раздражняльнікаў слізістых абалонак. А яшчэ ён выклікае апёкі, парушэнне стрававання, а пры ўдыханні здольны прывесці да часовага спынення дыхання і ацёку верхніх дыхальных шляхоў. Праўда, нядзіўна, што пасля звычайнай уборкі шмат хто скардзіцца на недамаганні?
Што рабіць?
– Апалосквайце посуд не менш за 15–20 секунд, старанна змываючы бытавую хімію.
– Падчас машыннага мыцця выкарыстоўвайце рэжым дадатковага паласкання. Вымытыя ўручную рэчы палашчыце 6–8 разоў.
– Выбірайце мыйныя сродкі з мінімальным утрыманнем аніёнаў ПАР.
– Адмоўцеся ад выкарыстання асвяжальнікаў паветра, асабліва ў дзіцячым пакоі. Калі гэта не атрымліваецца, выбірайце цвёрдыя формы замест аэразоляў.
– Для ўборкі пылу і паліроўкі паверхняў бярыце сухую або ўвільготненую сурвэтку з мікрафібры, з дапамогай якой можна ачысціць мэблю без выкарыстання бытавой хіміі.
– Выбірайце сродкі для мыцця шкла без аміяку ў складзе.
– Захоўвайце бытавую хімію ў адпаведнасці з інструкцыяй.
– Выкарыстоўвайце пальчаткі і рэспіратары, заўсёды праветрывайце памяшканне пасля ўборкі. Старайцеся не прыбірацца на ноч.
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/pryborka-doma
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekalogiya