Цяпер перад будынкам Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея часта спыняюцца гараджане. Тут можна стаць наведвальнікам выставы, нават не заходзячы ў музей і не набываючы квіток. У вокнах выстаўлены фотаздымкі, якія адлюстроўваюць Бярозу, яе ваколіцу, славутасці ў зімовую пару – паведамляецца на сайце музея.
Супрацоўнікі ўстановы задумалі гэтую выставу задоўга да наступлення зімы і звярнуліся да гараджан з просьбай падзяліцца такім здымкамі. Так у музеі паявіліся фота з колам агляду ў гарадскім парку – атракцыёнам, якога даўно няма. Тут і ёлка на гарадской плошчы з карагодам дзяцей, якія даўно сталі дарослымі, і бярозаўскі Дзед Мароз з далёкіх 70-х гадоў. А яшчэ бялюткая брама картэзіянскага манастыра і цудоўна-казачныя пейзажы, якія ўвекавечылі аматары і прафесіяналы фотасправы.
Таксама музейшчыкі зладзілі анлайн-выставу навагодніх паштовак пад назвай “Сэрца сэрцу вестку падае”. Цікавую гісторыю навагодне-каляднай паштоўкі расказвае вялізная калекцыя з фондаў музея. Тэмамі гэтых мастацкіх картак сталі зімовыя пейзажы, сямейныя сцэнкі каля ёлкі, катанне на санях і каньках, хрысціянскія сюжэты. Значная частка калекцыі – паштоўкі надрукаваныя ў часы СССР. Тут часцей за ўсё сустракаюцца Дзед Мароз і Снягурачка з казачнымі героямі, дзеці на санках і каньках, птушкі сініца і снягір. Нават асваенне космасу адлюстравана ў навагодніх паштоўках: у неба на ракеце ўзлятае Дзед Мароз. Ёсць паштоўкі з самых розных краін свету. Гэтай выставай музейныя работнікі хочуць нагадаць людзям, як важныя для кожнага знакі ўвагі на свята, віншавальнае слова, добрае пажаданне.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/vystauka
[2] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[3] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-voblasc