Вялікі тэатр Беларусі запрашае на вечар музыкі кампазітара Георгія Свірыдава 31 студзеня, паведамілі [1] БЕЛТА арганізатары.
Гледачам прадставяць літаратурна-музычную кампазіцыю «Завея», якая аб’яднае ў сабе аповесць Аляксандра Пушкіна, музычныя ілюстрацыі Георгія Свірыдава да аднайменнага кінафільма, а таксама рамансы кампазітара на словы Міхаіла Лермантава, Сяргея Ясеніна, Аляксандра Блока, Віктара Гюго.
«Наша жыццё напоўнена выпадковасцямі. Менавіта яны ствараюць ланцужок падзей, якія чыняць нашы лёсы. Аповесць Аляксандра Пушкіна “Завея” з цыкла “Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна” распавядае пра каханне, якое, як і ўсё ў гэтым жыцці, з’яўляецца тады, калі мы яго не чакаем, — распавяла рэжысёр, лаўрэат міжнародных конкурсаў Дар’я Пататурка. — Чароўнай, вытанчанай і душэўнай музыкай Георгія Свірыдава будзе працяты ўвесь канцэрт».
Удзел у канцэрце прымуць салісты: уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрый Гарадзецкі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Марына Мароз і Дзяніс Янцэвіч. Акампанаваць за раялем будзе Таццяна Панасюк. Рэжысёра праекта Дар’ю Пататурка гледачы ўбачаць і ў ролі чытальніка.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/events/view/bolshoj-teatr-belarusi-priglashaet-na-vecher-muzyki-kompozitora-georgija-sviridova-31-janvarja-424476-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/vyaliki-teatr-opery-i-baleta