Беларуска-расійскае стратэгічнае вучэнне «Захад-2021» пройдзе з 10 па 16 верасня. Пра гэта паведаміў [1] журналістам міністр абароны Віктар Хрэнін.
«У аснову задумы сумеснага стратэгічнага вучэння лёг адзін з магчымых варыянтаў эскалацыі ваенна-палітычнай абстаноўкі супраць умоўнай дзяржавы, — расказаў Віктар Хрэнін. — Вучэнні плануецца правесці цягам сямі сутак з 10 па 16 верасня. Па прапанове нашых расійскіх калег вучэнне пройдзе на тэрыторыі дзвюх краін, што нам дазволіць адпрацаваць пытанні выкарыстання рэгіянальнай групоўкі войскаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі і вядзення армейскіх аперацый».
Падчас «Захаду-2021» будуць таксама адпрацаваныя пытанні выкарыстання сумесных штурмавых груп на ўрбанізаванай тэрыторыі, будзе дадзена ацэнка новым і мадэрнізаваным узорам ваеннай спецыяльнай тэхнікі, якая паступіла на ўзбраенне, дадаў міністр.
«У нас будзе магчымасць абмяняцца і атрымаць баявы вопыт расійскіх калег, які павялічваецца, і які потым можна будзе выкарыстоўваць для ўдасканалення форм і спосабаў выкарыстання нашых Узброеных сіл», — падсумаваў Віктар Хрэнін.
Ён адзначыў, што расійска-беларускія вучэнні будуць адлюстроўваць адзінства поглядаў абаронных ведамстваў абедзвюх краін на забеспячэнне ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/news/20210118/1610960795-prezident-belarusi-alyaksandr-lukashenka-prynyau-z-dakladam-ministra
[2] https://zviazda.by/be/tags/zahad-2021
[3] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-abarony
[4] https://zviazda.by/be/tags/viktar-hrenin
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka