Беларускіх балельшчыкаў пазбавілі сапраўднага свята, адмяніўшы правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Такое меркаванне пасля рашэння савета Міжнароднай федэрацыі хакея [2] выказаў БЕЛТА [3] вядомы беларускі спартсмен, шматразовы рэкардсмен і чэмпіён планеты па гіравым спорце Вячаслаў Харанека.
«Сумна, што свята сусветнага хакея, да якога мы ўсе доўга рыхтаваліся і які доўга чакалі, не адбудзецца ў беларускай сталіцы», — адзначыў славуты асілак. Ён падкрэсліў, што спорт заўсёды павінен радаваць гледачоў і заставацца па-за палітыкай, гэта несумненна.
Вячаслаў Харанека ўспомніў 80-я гады ХХ стагоддзя, калі дзве летнія Алімпіяды запар — у Маскве-1980 і Лос-Анджэлесе-1984 — атрымаліся «недасканалымі» ў сувязі з байкотам, рашэнні аб якіх былі прынятыя па чыста палітычных матывах, ніякім чынам не звязаных са спортам. У выніку мільёны гледачоў пазбавіліся паўнавартаснага відовішча спартыўнай барацьбы, а шматлікія атлеты не змаглі выступіць на галоўных стартах і паказаць свае лепшыя вынікі.
Вячаслаў Харанека ўспомніў пра чэмпіянат свету па хакеі 2014 года ў Мінску, пасля правядзення якога ўсе госці выказвалі пажаданні зноў сустрэцца ў гасціннай беларускай сталіцы. У адрозненне ад турніру сямігадовай даўніны, калі сусветнае першынство праходзіла неўзабаве пасля Алімпійскіх гульняў без шматлікіх зорак першай велічыні, цяпер у Мінск маглі б прыехаць усе мацнейшыя хакеісты. Аднак гэтыя надзеі пакуль прыйдзецца адкласці на нявызначаны тэрмін, адзначыў беларускі спартсмен.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/sport
[2] https://zviazda.by/be/news/20210118/1610984370-tass-minsk-pazbaviusya-prava-na-pravyadzenne-chempiyanatu-svetu-pa-hakei
[3] https://www.belta.by/sport/view/sport-dolzhen-byt-prazdnikom-i-vsegda-ostavatsja-vne-politiki-horoneko-424653-2021/
[4] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat-svetu-pa-hakei
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyachaslau-haraneka