У старажытным Нясвіжы традыцыя акунання ў вадохрышчанскую палонку — новая, маладая: ну што такое адзінаццаць гадоў?.. Хацелася назваць гэты фотарэпартаж «Вадохрышча па-радзівілаўску», але гісторыя маўчыць пра тое, што гаспадары Нясвіжскага палаца купаліся ў час Богаяўлення. Таму сучасны Нясвіж таксама ідзе ў нагу з часам і пераймае новыя плыні і заводзіць новыя традыцыі.
Вадохрышча на лёдзе Дзікага стаўка — так называецца одно з азёраў палацава-паркавага комплексу — з'явілася спачатку як ініцыятыва адной нясвіжскай сям'і, Ігара і Святланы Еўтухаў, а таксама іхніх сяброў як своеасаблівы Іардан, як далучэнне да хрысціянскага свету, для якога падзея Хрышчэння Ісуса асаблівы дзень рэлігійнага календара. А сем гадоў таму ідэю праводзіць рытуал асвячэння вады і купацца ў сцюдзёнай вадзе падтрымалі ўлады раёна, праваслаўная царква, далучыліся службы МНС, РАУС і райбальніцы, і прыватная ініцыятыва стала агульнагарадской і культурна-грамадскай. Сёлета, напярэдадні вялікага свята, хоць было даволі марозна (-20), на беразе Дзікага сабралася некалькі дзясяткаў апантаных і загартаваных нясвіжцаў, каб па-хрысціянску адзначыць свята Богаяўлення і заканчэння Калядных свят. Была падрыхтавана і абсталявана купель з лядовым крыжам і ўпрыгожаная лампадкамі (таксама намаганнямі сужэнцаў Еўтухаў і іх сябрамі). Цырымонія асвячэння праводзілася не так, як у сталіцы і іншых вялікіх гарадах, — тут было ўсё па-свойску, па-кампанейску, быццам бы яна праходзіла таямніча і ў той жа час атмасферна. Купель асвятлялі фары аўтамабіляў, ліхтар пажарнай машыны і звычайнае вогнішча. Таму здымкі маюць мінімум каляровай гамы. Але падзея праходзіла ўзнёсла і душэўна. Протаіерэй і настаяцель царквы Георгія Перамаганосца Яўген Лабынько правёў чын асвячэння нясвіжскага Іардана і блаславіў на мацаванне душэўнага і цялеснага здароўя.
Усіх, хто знаходзіўся ў гэты вечар (а Вадохрышча праходзіць толькі напярэдадні вечарам), частавалі гарачай кашай і гарбатай па-нясвіжску.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/vadohryshcha
[4] https://zviazda.by/be/tags/fota