Прэзідыум Савета Міністраў разгледзеў праект праграмы развіцця электратранспарту ў Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў.
Дакумент распрацаваны Нацыянальнай акадэміяй навук па даручэнні ўрада пасля адпаведнага распараджэння кіраўніка дзяржавы. Штуршком для работы вучоных стала наведванне [4] Прэзідэнтам палігону Інстытута машынабудавання НАН для выпрабавання мабільных машын у маі мінулага года.
«Нікога не трэба пераконваць у тым, што развіццё электратранспарту — гэта сучасная тэндэнцыя, ад якой нельга сысці, яна сама ўваходзіць у наша жыццё, — заўважыў прэм’ер-міністр Беларусі Раман ГАЛОЎЧАНКА напачатку пасяджэння Прэзідыума. — Для нашай краіны гэта актуальнае пытанне яшчэ і ў сілу ўводу ў эксплуатацыю Беларускай атамнай станцыі. У адпаведнасці з даручэннем урада Нацыянальная акадэмія навук Беларусі сумесна з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі распрацавала і ўнесла праект пастановы Савета Міністраў аб комплекснай праграме развіцця электратранспарту ў Рэспубліцы Беларусь на 2021–2025 гг.».
Праект праграмы нараджаўся няпроста, і дагэтуль маюцца розныя погляды, у першую чаргу ў частцы пазіцыі абласных выканаўчых камітэтаў па закупцы электратранспарту, прызнаўся Раман Галоўчанка.
Ён заўважыў, што ў краіне ўсяго каля 5,5 тысяч адзінак грамадскага транспарту, якія выконваюць рэгулярныя пасажырскія перавозкі. Агульны парк аўтобусаў складае каля 32 тысячы адзінак. Маецца таксама распараджэнне кіраўніка дзяржавы ад 1 ліпеня 2020, у якім усталяваныя індыкатыўныя паказчыкі па аднаўленні пасажырскага грамадскага электратранспарту, які выконвае рэгулярныя пасажырскія перавозкі для абласцей і горада Мінска, у аб’ёме амаль 2600 адзінак.
«Хацелася б пачуць, як плануюць вобласці і горад Мінск забяспечыць выкананне гэтага распараджэння кіраўніка дзяржавы», — звярнуўся ён да ўдзельнікаў пасяджэння.
Яшчэ адна праблема, якая звязаная з развіццём электратранспарту, — утылізацыя адпрацаваных акумулятарных батарэй.
Раман Галоўчанка падкрэсліў, што на пасяджэнні Прэзідыума неабходна абмеркаваць усе праблемныя пытанні і прыняць сістэмнае рашэнне аб развіцці ўсёй сферы электратранспарту па найбольш запатрабаваных кірунках. Ён у свой час патрабаваў, каб праграма атрымалася сапраўды комплексная — ад навуковых даследаванняў і распрацовак да стымулюючых мер па вытворчасці, набыццю і эксплуатацыі электратранспарту.
Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір ГУСАКОЎ, які прадстаўляў праект, сказаў журналістам, што, на яго погляд, атрымаўся добры, зладжаны і збалансаваны дакумент, які вырашае комплекс пытанняў у галіне стварэння не толькі розных відаў электратранспарту (грамадскі, грузавы, персанальны, спецыяльны), але і ўсёй інфраструктуры (заправачныя сеткі), кампанентнай базы (размяшчэнне вытворчасцей). Праграма таксама ўтрымлівае навуковае забеспячэнне і пытанні па стандартызацыі і сертыфікацыі аўтамабіляў і іх складнікаў.
«Праграма своечасовая, комплексная, адпрацаваная з рознымі міністэрствамі і ведамствамі. Акрамя таго, яна з’яўляецца базавай, — дадаў ён. — Яна адкрывае шырокія магчымасці для развіцця асобнай галіны машынабудавання — электратранспарту. І яна ўжо рэалізуецца, бо складаецца з цэлага шэрагу праграм Міністэрства транспарту і камунікацый, Белнафтахіму, іншых міністэрстваў і ведамстваў».
Уладзімір Гусакоў нагадаў, што БелДжы збіраецца выпусціць 1000 электрамабіляў для персанальнага карыстання. Зараз, па словах акадэміка, у Беларусі маецца 1600 адзінак легкавога электратранспарту.
«Мяркуем, што ў бліжэйшыя гады іх стане дзясяткі тысяч, — сказаў ён. — Патрабуюцца заправачныя станцыі. Мы арыентуемся тут на Еўропу, а ў Нарвегіі ўжо 50 % ад усяго транспарту складае электратранспарт. Яны ішлі да гэтага 10 гадоў».
10 гадоў таму ў Нарвегіі доля электратранспарту складала 1 працэнт, прыкладна такая яна ў Беларусі зараз, але ў нас стартавыя ўмовы лепш, лічыць кіраўнік НАН, бо маюцца ўласныя навуковыя распрацоўкі, напрыклад, канкурэнтны электробус.
«Мы гатовыя ўжо зараз, калі будуць інвестыцыі, стварыць на базе сваіх распрацовак электрамабіль — цалкам гатовы, — заявіў Уладзімір Гусакоў. — Толькі шукаем фінансаванне».
Па яго словах, праграма прадугледжвае і вырашэнне пытання стварэння ўласнай батарэі для электрамабіля.
«Распрацоўваецца некалькі відаў батарэй: ліцій-іонныя (традыцыйныя), графена-свінцовыя і графенавыя, — праінфармаваў акадэмік. — Мы распрацоўваем уласныя, бо ліцій-іонныя — вельмі дарагія. Зараз батарэя складае больш за палову кошту аўтамабіля. Акрамя таго, ліцій будзе даражаць, бо яго запасы абмежаваныя, і яны ў асноўным сканцэнтраваныя ў Кітаі».
Ён паведаміў што ўжо ў студзені беларускія вучоныя правядуць выпрабаванні ўласнай батарэі.
Уладзімір Гусакоў лічыць, што паказчыкі, якія ўтрымлівае праект праграмы, будуць карэктавацца ў бок павышэння, а яе рэалізацыя акажацца больш дынамічнай, чым заклалі распрацоўшчыкі.
Згодна з дакументам, да 2025 года доля электратранспарту ў Беларусі складзе 30 % ад агульнай колькасці ўсіх відаў грамадскага транспарту.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/urad
[4] https://zviazda.by/be/news/20200505/1588664375-lukashenka-aznayomicca-z-aychynnymi-raspracoukami-u-sfery-elektratransparta
[5] https://zviazda.by/be/tags/savet-ministrau
[6] https://zviazda.by/be/tags/elektratranspart