У дачыненні да жанчыны расследуюць пяць эпізодаў крадзяжоў маёмасці з дачных домаўладанняў і правяраюць яе на датычнасць да здзяйснення іншых аналагічных злачынстваў.
Уладальнікі дач у вёсцы Замужанне Барысаўскага раёна адзін за адным сталі заяўляць у міліцыю аб крадзяжах рэчаў з дамоў. У большасці сваёй у заяўнікаў знікалі прадукты харчавання, а таксама дробныя гаспадарчыя рэчы. Спосаб пранікнення ў жыллё ва ўсіх выпадках быў аднолькавы: невядомыя траплялі ўнутр праз разбітае ваконнае шкло. Падчас аператыўных мерапрыемстваў вартавыя правапарадку высветлілі, што крадзяжы — справа рук аднаго і таго ж чалавека, паведамляе УУС Мінскага аблвыканкама. Зламыснікам аказалася раней неаднаразова судзімая 61-гадовая жыхарка Барысаўскага раёна.
Падазраваная не так даўно вызвалілася з месцаў пазбаўлення волі і зноў прынялася парушаць закон, дзейнічаючы па ўжо адпрацаванай схеме. Здабычай жанчыны станавілася ўсё, што можна было б перанесці ў руках. Дзесьці прадметам замаху станавіліся прадукты харчавання і спіртное, а недзе яна прымудрылася вынесці тэлевізар. Крадзенае захоўвала па месцы свайго часовага знаходжання. Дарэчы, пастаяннага месца жыхарства ў затрыманай не было. У дачыненні да падазраванай заведзена крымінальная справа, жанчыне пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв’ю: bessarabiainform.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh
[2] https://zviazda.by/be/tags/kryminalnaya-sprava