У італьянскім горадзе Неапалі паліцыя выявіла ў адной з кватэр у шафе карціну XVI стагоддзя і вярнула яе ў музей. Пры гэтым работнікі ўстановы нават не заўважылі знікнення палатна, перадае [1] Укрінфарм са спасылкай на ВВС.
Як адзначаецца, палатно выявілі ў шафе спальні неапалітанскай кватэры 16 студзеня. 36-гадовы гаспадар кватэры затрыманы па падазрэнні ў захоўванні крадзенага.
Гаворка ідзе пра копіі карціны «Збаўца свету», якая напісана, як лічыцца, адным з вучняў Леанарда да Вінчы ў XVI стагоддзі. Арыгінал, верагодна, належыць пэндзлю самога да Вінчы.
Карціна з’яўляецца часткай калекцыі музея, які дзейнічае пры царкве Сан-Даменіка-Маджорэ. Работнікі ўстановы не ведалі, што карціна была выкрадзена, паколькі пакой, дзе яна захоўвалася, быў зачынены на працягу трох месяцаў з-за пандэміі. Таму калі менавіта быў выкрадзены твор мастацтва, невядома, але ў музеі сцвярджаюць, што ў мінулым годзе ў студзені палатно было ў наяўнасці.
Ніякіх слядоў незаконнага пранікнення ў музеі не знайшлі.
«Верагодна, што гэта быў крадзеж па замове арганізацыі, якая займаецца міжнародным гандлем творамі мастацтва», — адзначылі ў паліцыі.
Арыгінал карціны «Збаўца свету» ў 2017 годзе стаў самым дарагім з калі-небудзь прададзеных палотнаў — на аўкцыёне ў Нью-Ёрку твор купілі за 450 мільёнаў долараў.
Спасылкі
[1] https://www.ukrinform.ru/rubric-culture/3174115-v-italii-policia-nasla-kartinu-xvi-veka-v-domasnem-skafu.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/mastactva
[3] https://zviazda.by/be/tags/karcina
[4] https://zviazda.by/be/tags/italiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh